Расейская дэлегацыя прыбыла на месца перамоваў у суправаджэньні паліцыі.
На перамовы таксама прыбылі прадстаўнікі Кіева і Вашынгтона. Акрамя спэцыяльных пасланьнікаў прэзыдэнта ЗША Стыва Уіткафа і Джарэда Кушнера, прысутнічаюць таксама міністр арміі ЗША Дэн Дрыскал і Вярхоўны галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі NATO ў Эўропе Алекс Грынкевіч.
Прэсавы сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што пасьля першага дня ніякіх навінаў чакаць ня варта.
У складзе расейскай дэлегацыі ад 15 да 20 чалавек. Яе ўзначальвае памочнік прэзыдэнта РФ Уладзімір Мядзінскі. Ён узначальваў перамоўную групу ў 2022 годзе і падчас адноўленых сустрэчаў у Стамбуле ў 2025 годзе.
У Жэнэве таксама прысутнічае Кірыл Дзьмітрыеў, спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна ў інвэстыцыях і эканамічным супрацоўніцтве. Ён удзельнічае ў кантактах з амэрыканскай дэлегацыяй з мэтай паляпшэньня эканамічных адносінаў паміж Масквой і Вашынгтонам.
У склад украінскай перамоўнай групы ўваходзілі сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Рустэм Умераў, кіраўнік офісу прэзыдэнта Кірыл Буданаў, яго намесьнік Сяргей Кісьліца, начальнік Генэральнага штабу Узброеных сілаў Украіны Андрэй Гнатаў, лідэр фракцыі ў Вярхоўнай радзе партыі «Слуга народа» Давід Арахамія і намесьнік начальніка Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Вадзім Скібіцкі.
Раней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Вашынгтон амаль дасягнуў урэгуляваньня канфлікту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Львоў, Адэса, Цярнопаль, Дніпро. Перад новым раўндам перамоў у Жэнэве Расея зноў атакавала ЎкраінуПапярэдні раўнд перамоваў адбыўся 4-5 лютага ў Абу-Дабі і быў ахарактарызаваны ўсімі бакамі як канструктыўны. Па выніках перамоваў Расія і Украіна абмяняліся ваеннапалоннымі ў фармаце «157 на 157».
Тэрытарыяльныя прэтэнзіі застаюцца адным з самых складаных пытаньняў, што прызнаюць абодва бакі. Масква настойвае на вывадзе ўкраінскіх войскаў з Данбаса. Кіеў адмаўляецца ісьці на саступкі і захоўвае пазыцыю «заставацца на месцы». Прэзыдэнт Украіны неаднаразова заяўляў, што Кіеў ня мае намеру «аддаваць» свае тэрыторыі каму-кольвек.
На фоне перамоваў украінская дэлегацыя сутыкнулася з унутранымі рознагалосьсямі адносна тэрмінаў заключэньня мірнага пагадненьня, паведамляе The Economist. Некаторыя перамоўнікі лічаць, што хуткае пагадненьне пры пасярэдніцтве ЗША будзе выгадным для Ўкраіны, баючыся, што «акно магчымасьцяў» зачыніцца. Крыніцы выданьня зьвязваюць гэтую групу з Буданавым. Яго апанэнты арыентуюцца на падыход былога кіраўніка прэзыдэнцкага офіса Андрэя Ермака і больш скептычна ставяцца да хуткага міру.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, адзначае часопіс, балянсуе паміж гэтымі пазыцыямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рубіё запэўніў Зяленскага ў прыхільнасьці ЗША, але папярэдзіў пра «цяжкія» саступкі