У Польшчы зноў зафіксавалі паветраныя балёны з боку Беларусі. Пагрозы для цывільнай авіяцыі не было

Ілюстрацыйнае фота

У Апэратыўным камандаваньні Ўзброеных сіл Польшчы паведамілі, што ў ноч на 16 лютага зноў зафіксавалі «аб’екты, падобныя на паветраныя балёны», у польскай паветранай прасторы з боку Беларусі.

«Аб’екты бесьперапынна ідэнтыфікаваліся і адсочваліся сыстэмамі вайсковай выведкі. Сытуацыя кантралявалася і не стварала пагрозы для бясьпекі паветранага руху і польскіх грамадзян», — адзначаецца ў паведамленьні.

Польскія вайскоўцы супрацоўнічаюць з службамі, якія адказваюць за дзяржаўную бясьпеку, і надаюць ім інфармацыю, неабходную для хуткага рэагаваньня, уключаючы захоп «аб’ектаў і затрыманьне асобаў, падазраваных у датычнасьці да гэтых інцыдэнтаў».

Больш ніякіх дэталяў аб гэтым інцыдэнце не паведамляюць.

Сёлета пачасьціліся прылёты ў Польшчу паветраных балёнаў з кантрабандай зь Беларусі. Раней аналягічныя інцыдэнты выклікалі крызіс у адносінах Беларусі і Літвы.

Паветраныя балёны ствараюць праблемы для цывільнай авіяцыі ў Літве. Апошні інцыдэнт, найбуйнейшы сёлета, адбыўся 27 студзеня. У выніку віленскі аэрапорт закрывалі тройчы, у выніку чаго пацярпелі 1,7 тысячы пасажыраў.

У канцы 2025 году кантрабандныя балёны зь Беларусі больш за 10 разоў парушалі дзейнасьць літоўскіх аэрапортаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы затрымалі восем чалавек у справе аб паветранай кантрабандзе цыгарэт зь Беларусі