У Смалявіцкім раёне міліцыя з стральбой затрымлівала злачынцаў. Сьцьвярджаюць, што быў «заказны напад»

Смалявічы. Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі паведамілі, што раніцай 16 лютага спрацавала «трывожная кнопка» ў адным з прыватных будынкаў Смалявіцкага раёну.

Як адзначаецца ў паведамленьні, па прыезьдзе міліцыянты блякавалі будынак, у якім знаходзіліся «тры ўзброеныя зламысьнікі». Празь іх супраціў міліцыянты выкарысталі «аўтаматычную зброю» — двух нападнікаў затрымалі, а трэці ўцёк, хоць пазьней затрымалі і яго.

Нападнікамі выявіліся іншаземцы, аднаму зь іх 17, а двум — па 18 гадоў. На месца прыбыў міністар унутраных спраў Іван Кубракоў.

Працуе сьледчая група. «Улічваючы, што напад мае заказны характар, да разбіраньня падключылі супрацоўнікаў Нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрполу.

Трох пацярпелых шпіталізавалі.

У Сьледчым камітэце ўдакладнілі, што напад адбыўся прыблізна а 4-й гадзіне раніцы ў аграгарадку Будагова. У будынак нападнікі трапілі празь разьбітае вакно. «Выкарыстоўваючы фізычную сілу, біту і пісталеты, яны нанесьлі шматлікія траўмы 63-гадоваму гаспадару, ягонай 65-гадовай жонцы і 67-гадоваму брату. У будынку была ўсталяваная трывожная кнопка Дэпартамэнту ахову МУС. Гаспадар будынку пасьпеў яе націснуць перад тым, як разьбілі вакно», — адзначаецца ў паведамленьні Сьледчага камітэту.

Пазьней у МУС Беларусі паведамілі, што тром іншаземцам прапанавалі «падпрацоўку» ў Telegram, а за напад паабяцалі 300 тысяч рублёў. Яны прыехалі спачатку ў Менск, а перад гэтым ўзброілася нажом, кастэтам, бітай, пісталетамі і газавым балёнчыкам. Узялі аўтамабіль у арэнду, і на ім накіраваліся ў Смалявіцкі раён. Але гаспадар, калі заўважыў падазроных візыцёраў, пасьпеў націснуць на кнопку трывожнай сыгналізацыі.

Ніводнае ведамства не паведаміла, якое грамадзянства маюць нападнікі.

У Сьледчым камітэце паведамілі, што справу завялі паводле ч. 1 артыкулу 14, ч. 2 артыкулу 147 Крымінальнага кодэксу Беларусі (замах на нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, учынены групай асобаў). Затрыманым пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад пяці да дзесяці гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС Беларусі паведаміла аб «ліквідацыі» падазраванага ў падвойным забойстве