Ад IT-лякаматыву да дэфіцыту швачак. Як зьмянілася Беларусь за апошнія гады

Ілюстрацыйнае фота

Сьцісла

  • Імклівы рост заробкаў — рэакцыя на дэфіцыт кадраў.
  • Калі скарачаецца разрыў паміж заробкамі высокааплатных і нізкааплатных катэгорыяў работнікаў, зьмяншаецца працоўная матывацыя.
  • Бедныя сэктары эканомікі (сельская гаспадарка, будоўля, транспарт, індустрыя да канца 2025 году) перажываюць бум.
  • Калідор заробкаў у 1300-3000 рублёў, у якім знаходзіцца значная частка работнікаў — гэта пастка, якая дае магчымасьць толькі выжываць.
  • З прычыны закрытых сацыяльных ліфтаў і кумаўства нават невялікая розьніца ў заробках успрымаецца як несправядлівая.
Беларускія заробкі забясьпечваюць выжываньне, але не даюць магчымасьці назапашваць ці інвэставаць — кажа эканаміст, кіраўнік праекту «Кошт ураду» Ўладзімер Кавалкін, камэнтуючы дадзеныя Белстату пра дынаміку і разьмеркаваньне заробкаў.

Пра што сьведчыць статыстыка заробкаў?

ГРАФІК У ПОЎНЫМ ФАРМАЦЕ

— Белстат апублікаваў зьвесткі пра мэдыянны заробак у Беларусі. Гэтыя лічбы ён падае двойчы на год — у траўні і ў лістападзе, на сайце Белстату гэтыя дадзеныя ёсьць з 2018 году.

Мэдыянны заробак дзеліць усіх работнікаў на дзьве роўныя групы: адна палова атрымлівае менш за гэтую суму, а другая — больш.

Зьвесткі пра сярэдні заробак Белстат публікуе штомесяц.

На якія асаблівасьці дынамікі гэтых паказьнікаў вы б зьвярнулі ўвагу?

Уладзімер Кавалкін

— Галоўныя анамаліі апошніх двух гадоў — гэта тое, што рост заробкаў апераджае прадукцыйнасьць і што мэдыянны заробак пачаў расьці хутчэй за сярэдні. Раней усё цягнулі лякаматывы накшталт IT і топ-мэнэджмэнту, а цяпер рухавіком сталі нізкія і сярэднія сэгмэнты. То бок гэта чыстай вады рэакцыя на значны дэфіцыт кадраў, бо каб утрымаць кіроўцу, будаўніка ці швачку, наймальнік вымушаны падымаць заробкі агрэсіўней, чым офіснаму супрацоўніку, якога прасьцей замяніць.

Тут яшчэ важны момант кантрасту. Калі пачытаць справаздачы тых жа замежнікаў, якія наведваюць Беларусь, яны часта бачаць стабільнасьць і рост дабрабыту. Але знутры мы бачым клясычную інфляцыйную сьпіраль. Бізнэс і дзяржава спаборнічаюць за людзей рублём, не ствараючы пры гэтым адпаведнай прадукцыйнасьці. Гэта стварае ілюзію росту, якая трымаецца на мяккай грашовай палітыцы, а не на рэальным разьвіцьці.

ГРАФІК У ПОЎНЫМ ФАРМАЦЕ

— У 2020–2021 гадах разрыў паміж сярэднім і мэдыянным заробкамі дасягаў амаль 40%, цяпер ізноў зьнізіўся да 30%. Пра што гэта сьведчыць?

— Гэта сьведчыць, на жаль, не пра тое, што нацыя разбагацела, а пра тое, што столь апусьцілася, а падлогу штучна прыўзьнялі. Скарачэньне разрыву ёсьць вынікам адсячэньня хвастоў. З аднаго боку, з краіны зьехала ці сышла ў цень значная частка высокааплатных прафэсіяналаў (перш за ўсё IT), якія цягнулі сярэдні паказьнік уверх. Зь іншага — дзяржава адміністрацыйна напампоўвае грашыма бюджэтнікаў і дзяржпрадпрыемствы, падцягваючы «ніз» да сярэдзіны.

Такая кампрэсія заробкаў трывожны званочак для эканомікі ведаў. Калі розьніца ў даходах інжынэра высокай кваліфікацыі і рознарабочага скарачаецца, зьнікае матывацыя вучыцца і браць адказнасьць. Мы скочваемся ва ўраўнілаўку савецкага-індустрыяльнага тыпу.

Хто ў Беларусі зьбяднеў, а хто стаў багацейшым?

— Як за апошнія гады зьмяніліся ўзроўні заробкаў у розных галінах эканомікі? Якія багатыя сталі бяднейшымі, якія бедныя пабагацелі? Як на гэта паўплывала пераразьмеркаваньне накірункаў экспарту?

— Гэта эфэкт структурнай дэградацыі. Традыцыйныя драйверы росту (ІТ, нафтаперапрацоўка, хімія) страцілі тэмп. Яны ўсё яшчэ ў топе, але іх рэальныя даходы стагнуюць з-за санкцый, ад’езду прафэсіяналаў і страты прэміяльных рынкаў. Замежныя інвэстары, дарэчы, гэта выдатна адчуваюць, у іх аналітыцы Беларусь перайшла ў разрад зон з высокімі палітычнымі рызыкамі, адкуль грошы трэба выводзіць, а не ўкладваць. Затое бедныя сэктары (сельская гаспадарка, будоўля, транспарт, індустрыя да канца 2025 году) перажываюць бум. Гэта наўпроставы вынік пераарыентацыі на Расею і напампоўвання ваеннай эканомікі суседа. Але гэты рост бедных не зьяўляецца вынікам тэхналягічнага прарыву, ён забясьпечаны сытуатыўным попытам і дэфіцытам рук.

ГРАФІК У ПОЎНЫМ ФАРМАЦЕ

— Белстат апублікаваў дадзеныя дасьледаваньня разьмеркаваньня заробкаў у лістападзе 2025 году. Пра што сьведчыць гэтае разьмеркаваньне?

— Графік паказвае вельмі шчыльную канцэнтрацыю людзей з заробкамі 1300-3000 рублёў. Сфармаваўся велізарны пляст насельніцтва з такім сярэднім даходам. Цікава, што для замежнага турыста, які прыяжджае з валютай, гэта выглядае як танная і камфортная краіна для жыцьця — чысценька, транспарт працуе, сэрвіс ёсьць. Але для мясцовага жыхара гэты калідор з’яўляецца пасткай, бо ён забясьпечвае выжываньне, але не дае магчымасьці назапашваць ці інвэставаць. Сацыяльныя ліфты праз наёмную працу працуюць слаба і каб выскачыць з гэтай каляіны, трэба альбо сыходзіць у бізнэс, альбо зьяжджаць.

Колькі трэба адабраць у багатых і аддаць бедным, каб забясьпечыць поўную роўнасьць?

— Дадзеныя дасьледаваньня аб разьмеркаваньні заробкаў дазваляюць падлічыць так званы індэкс Робін Гуда. Герой брытанскага эпасу Робін Гуд, як вядома, адбіраў у багатых і аддаваў бедным. Індэкс яго імя — гэта эканамічны паказчык, які вызначае долю сукупнага даходу, якую неабходна пераразмеркаваць ад багатых слаёў насельніцтва да бедных для дасягненьня абсалютнай роўнасці.

У лістападзе летась адносна заробкаў беларусаў гэты індэкс складаў 22%. Гэта шмат ці мала? Наколькі няроўнае беларускае грамадзтва?

— 22% — гэта анамальна нізкі паказьнік, бліжэйшы да нейкага скандынаўскага сацыялізму. Фармальна гэта сьведчыць пра высокую роўнасьць. Але ў нашых умовах я б назваў гэта роўнасьцю ў беднасьці на савецкі капыл. Нізкі індэкс кажа пра тое, што ў легальнай эканоміцы проста няма сэктараў, якія гэнэруюць звышпрыбыткі, даступныя наёмным супрацоўнікам. Але ж гэтая лічба — сфэрычны конь у вакуўме. Яна ігнаруе ценявыя даходы і карупцыйную рэнту. Рэальнае маёмаснае расслаеньне можа быць значна вышэйшае і папросту схаванае па-за межамі афіцыйных справаздачаў, таму і статыстыка выглядае так прыгожа і справядліва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Роўнасьць у беднасьці. Колькі зарабляюць беларусы?

— Год таму Зьміцер Крук у інтэрвію Свабодзе казаў, што ў апошнія 15 гадоў у эканамічнай навуцы папулярны тэрмін «справядлівай няроўнасьці». Наколькі справядлівай успрымаюць няроўнасьць у Беларусі беларусы? Міжнародная ініцыятыва iSANS у лістападзе 2023 году правяла апытаньне, у якім 56% рэспандэнтаў адказалі, што ўзровень іх заробкаў ніжэй за аб’ём абавязкаў, якія яны выконваюць. Паводле апытаньня, якое правяла тая ж iSANS у 2024 годзе, 58% апытаных лічылі, што сацыяльная няроўнасьць у Беларусі ёсьць і гэта няправільна.

— Тут мы маем клясычны парадокс, бо матэматычна няроўнасьць нізкая, а псыхалягічна людзі ўспрымаюць сытуацыю як несправядлівую. Чаму 56-58% людзей незадаволеныя? Таму што грамадзтва перастала верыць у мэрытакратыю. Посьпех у Беларусі ўсё часьцей асацыюецца не з талентам ці працавітасьцю, а з ляяльнасьцю і набліжанасьцю да адміністрацыйнага рэсурсу, як у савецкія часы.

Замежнікі, дарэчы, часта пішуць у апытаньнях, што ў Беларусі «камфортна, калі не лезьці ў палітыку». Гэта і ёсьць формула нашай справядлівасьці, калі дабрабыт — гэта ўзнагарода за паслухмянасьць. Гэткая Паўночная Карэя на мінімалках. Самы дакладны паказьнік несправядлівасьці ў нас — гэта няроўнасьць магчымасьцяў. Закрытыя сацыяльныя ліфты і кумаўство робяць нават невялікую розьніцу ў заробках таксычнай для людзей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Беларусь захавала $40 млрд экспарту пасьля страты рынкаў Эўразьвязу і Ўкраіны і чаму гэта не перамога, — тлумачэньне эканаміста Крука