«Лініі пачынаюць ажываць і рухацца». Былы палітвязень распавёў пра галюцынацыі ў ШЫЗА

Ілюстрацыйная выява

Былы палітзьняволены Яўген (імя зьменена ў мэтах бясьпекі) працаваў у IT-сфэры ў Менску. У 2021 годзе пасьля пратэстаў ён пераехаў з сям’ёю ў Вільню, але час ад часу езьдзіў на радзіму па сямейных справах.

У 2023 годзе ў чарговы прыезд у Беларусь Яўгена затрымалі — першапачаткова па «справе Мачулішчаў», бо яго кватэра знаходзілася недалёка ад аэрадрому. Але ў выніку Яўгена асудзілі на 3,5 года калёніі за фатаздымак з пратэстаў, данат і налепку «Час прыбіраць».

13 сьнежня разам з групай былых палітзьняволеных Яўгена прымусова вывезьлі зь Беларусі. Пра перажытае ён распавёў праваабаронцам «Вясны».

Яўгена затрымалі ў сакавіку 2023 года праз некалькі дзён пасьля таго, як ён прыехаў у Менск, каб сустрэцца са сваякамі. Былы палітвязень кажа, што спачатку яго спрабавалі зьвязаць са справай падрыву расейскага самалёта ў Мачулішчах, але калі высьветлілі, што да гэтай дывэрсіі ён не датычны, абвінавацілі ў «закліках да зрынаньня ўлады», фінансавай дапамозе «экстрэмісцкай арганізацыі» і ўдзеле ў пратэстах. Першы месяц ад затрыманьня яго трымалі ў СІЗА КДБ, дзе пагражалі і ціснулі псыхалягічна.

«Казалі, што пасадзяць на дзесяць гадоў, што пасадзяць маю жонку, а дзіцёнка адправяць у прытулак. Таксама казалі, што зараз паклічуць вагнэраўца і ён са мною расправіцца. Яшчэ была пагроза, што адправяць у адну камэру з прадстаўнікамі „нізкага сацыяльнага статусу“. Нібыта разумеў, што сапраўды можа адбыцца што заўгодна, але да канца ня верылася, што гэта рэальна. Але я сапраўды ня быў датычны да „справы Мачулішчаў“, а нешта прыдумляць і агаворваць сябе не зьбіраўся», — згадаў Яўген час сьледзтва ў КДБ.

Датычнасьць Яўгена да «справы Мачулішчаў» не пацьвердзілася, але яго не адпусьцілі дадому, а перавялі на «Валадарку». Сьледчыя знайшлі ў ягоным тэлефоне фатаздымак з акцыі пратэсту 2020 году, а таксама інфармацыю пра данат у 50 даляраў у фонд ByHelp. Плюс у інстаграме Яўгена застаўся фатаздымак з налепкай з моладзевага руху «Зубр» з поклічам «Час прыбіраць».

На судзе, калі разглядалі эпізод з данатам у 50 даляраў для фонду ByHelp, Яўген даводзіў, што на момант пераліку грошаў арганізацыя ня мела «экстрэмісцкага» статусу, але гэта ніяк не паўплывала на вынік працэсу.

ШЫЗА шклоўскай калёніі: халодны бэтон і галюцынацыі

У кастрычніку 2023 года Яўгена асудзілі на тры гады і шэсьць месяцаў калёніі і перавялі ў калёнію № 17, якая знаходзіцца ў Шклове. Адзін з самых балючых успамінаў айцішніка аб калёніі — пра ШЫЗА і тыя галюцынацыі, якія ён там зьведаў.

«Памяшканьні там вельмі халодныя: суцэльны бэтон, на падлозе кафля. Цягам усяго дня адчыненае вакно. Натуральна, не было ніякай бялізны. Адзіная вопратка — куртка, пашытая з гэтак званай „шклянкі“, тонкага паўсынтэтычнага матэрыялу. Пераносіць холад было вельмі цяжка: праз рэакцыю арганізму ўвесь час ходзіш у прыбіральню. Больш за ўсё мяне непакоіў страх застудзіць ныркі».

Увесь тэрмін Яўгену давялося адбываць у адзіночнай камэры і ён не зьдзіўляецца, што даходзіла да галюцынацый.

«18 содняў трэба чымсьці займацца. Увесь дзень займацца спортам немагчыма, нават хадзіць туды-сюды — таксама. Таму большасьць часу ты проста глядзіш у сьцяну. Ня дзіва, што пачынаюцца галюцынацыі: лініі на драўляных нарах паступова пераўтвараліся ў дзіўныя малюнкі, якія пачыналі ажываць і рухацца», — згадаў Яўген.

Амаль адразу па зьмяшчэньні Яўгена ў калёнію яму вынесьлі некалькі дысцыплінарных парушэньняў і ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» ды забаранілі грашовыя пераводы. Але, як згадвае Яўген, цягам усяго часу яго ў калёніі актыўна падтрымлівалі ня толькі палітычныя зьняволеныя, але і іншыя вязьні. Выснова пра тое, што сяброўства і салідарнасьць у зьняволеньні ня менш важныя, чым матэрыяльная дапамога, стала важным турэмным досьведам для Яўгена:

«Калі не хапала асноўных рэчаў, то заўсёды дзяліліся. Нават калі я хацеў нечага „экзатычнага“ па тамтэйшых мерках, мне таксама давалі са сваіх перадач. Таксама ж палітычным было забаронена наведваць царкву, стадыён, бібліятэку. Таму іншыя вязьні прыносілі мне кнігі з бібліятэкі, хаця для іх гэта было таксама небясьпечна».

Яўген зрабіў выснову: самае каштоўнае ў няволі не тэрмабялізна, ежа альбо побытавыя сродкі, а кнігі і чалавечае стаўленьне.

«Адэкватныя стасункі ў калёніі — гэта сапраўды вельмі каштоўная рэч. Бо знаходзіцца ў адзіноце, сацыяльнай ізаляцыі такі працяглы час было вельмі цяжка».

Цяпер Яўген жыве ў адной з эўрапейскіх краінаў, займаецца легалізацыяй і адаптуецца на новым месцы, паведамляе пра былога палітвязьня «Вясна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я ў роспачы». Пагаварылі з тымі, хто думае вярнуцца ў Беларусь пасьля сканчэньня тэрміну даўніны «за пратэсты»