Колішняга старшыню Рэчыцкага райвыканкаму пазбавілі волі на 7 гадоў за «перавышэньне ўлады»

Суд, Гомель, архіўнае фота

У паведамленьні Генэральнай пракуратуры імя асуджанага не называюць.

Колішняга старшыню Рэчыцкага райвыканкаму асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня за «перавышэньне ўлады і службовых паўнамоцтваў, учыненыя з карысьлівай і іншай асабістай зацікаўленасьці».

У паведамленьні Генэральнай пракуратуры імя асуджанага не называюць. Выданьне «Флагшток» раней паведамляла аб затрыманьні ў канцы верасьня 2025 году Віталя Панчанкі.

Апроч таго, колішняму чыноўніку прысудзілі 31,4 тысячы рублёў штрафу і пазбавілі на 5 гадоў права займацца арганізацыйна-распарадчай дзейнасьцю.

Вырак вынес суд Чыгуначнага раёну Гомля. Як адзначаецца ў паведамленьні, ён зь лістапада 2012 да кастрычніка 2022 году «сьвядома даваў незаконныя ўказаньні кіраўнікам і спэцыялістам арганізацый АПК і прадпрыемстваў раёну, а таксама свайму намесьніку — начальніку ўпраўленьня сельскай гаспадаркі, на скажэньне дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасьці [...] па форме 12-сх (жывёлагадоўля) у мэтах утойваньня паморку жывёлы».

У гэтай справе да крымінальнай адказнасьці прыцягнулі ня менш за 20 работнікаў за «злачынствы супраць інтарэсаў службы, падрыў аўтарытэту і прэстыжу органаў мясцовага кіраваньня».

Такім чынам, экс-кіраўнік Рэчыцкага раёну хацеў унікнуць пазбаўленьня прэміі за невыкананьне абавязкаў і паказьнікаў, як гэта прадугледжвае палажэньне аб прэміяваньні.

Вырак не набыў юрыдычнай моцы і можа быць абскарджаны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сельская гаспадарка Беларусі ў 2025 годзе паказала мінімальны рост, а ў жывёлагадоўлі — спад