Хэйтэрскія акаўнты ў TikTok: моладзь вынайшла новую форму публічных скаргаў на транспарт

Аўтобус у Менску, ілюстрацыйнае фота

Пасажыры ў Беларусі скардзяцца на спазьненьні грамадзкага транспарту, перапоўненыя салёны і стан аўтобусаў ды тралейбусаў. На гэтым тле ў TikTok зьявіўся новы трэнд: моладзь стварае так званыя «хэйтэрскія» акаўнты, прысьвечаныя канкрэтным маршрутам і гарадам.

У кароткіх відэа «хэйтэры» іранічна, рэзка і часта нецэнзурна камэнтуюць праблемы — здымаюць спазьненьні транспарту, натоўпы пасажыраў, стан салёнаў і паводзіны пэрсаналу. Такія ролікі хутка набіраюць прагляды і актыўныя дыскусіі.

Падобныя акаўнты ўжо зьявіліся, напрыклад, у Горадні і Мазыры, крытыка гучыць таксама на адрас транспарту Гомля і Віцебску. Некаторыя камэнтары цытуе сайт bgmedia.

Адначасова існуюць і фан-старонкі грамадзкага транспарту — там хваляць асобныя маршруты або новыя машыны. Аднак папулярнасьць у TikTok пакуль на баку крытыкі: менавіта «хэйтэрскія» ролікі часьцей становяцца віруснымі і фактычна ператварыліся ў новую форму публічных скаргаў на транспарт.