Кансэрвацыя адбудзецца ў спробе ўратаваць апошнія скляпеньні і калідоры, таксама гэта дапаможа дасьледаваць культурны слой вакол былога кляштарнага комплексу, адзначылі на дзяржаўнай тэлевізіі.
Рэшткі былога кляштара бернардынак адкрываюцца для тых, хто праз паўднёвую браму праяжджае да музэю «Бярэсьце» або Холмскай брамы Берасьцейскай крэпасьці.
Аб руінах эпізадычна ўспаміналі. У пачатку 90-х адмыслоўцы зьвярнуліся ў Цэнтральны ваенна-гістарычны архіў у Маскве. Захаваныя там малюнкі кляштараў дапамаглі археолягам пачаць раскопкі.
Пра раскопкі расказваў Уладзімер Казакоў, архітэктар, дырэктар ТАА «Рэстаўрацыяінвэст»:
«Была задача ў нас: па-першае, выявіць касьцёл, знайсьці падмурак, каб вызначыць яго габарыты. Практычна цалкам усе склепы былі знойдзеныя. Скляпеньня першага паверху не было, там усё было засыпана. Тады мы атрымалі поўную карціну».
У 1992 годзе пад кіраўніцтвам археоляга Валянціна Собаля праводзілі раскопкі на даўнім замухавецкім прадмесьці Берасьця і выявілі асаблівасьці аб’ёмна-прасторавай структуры кляштара і касьцёлу бэрнардынак. Гэты будынак яшчэ на пачатку 2010-х разглядалі для прыярытэтнага аднаўленьня.
Так выглядаў касьцёл манасыра бэрнардынак у Берасьці
Пра дасьледаваньні тэрыторыі сказаў таксама Віталь Піліповіч, археоляг, намесьнік дэкана гістарычнага факультэту Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту:
«У 1993 годзе гэтая плошча была дасьледавана. Акрамя самога касьцёлу, тут знайшлі аб’екты больш раньняга пэрыяду, бо мы ведаем, што да таго, як быў пабудаваны мураваны касьцёл, а потым мураваны кляштарны комплекс, быў драўляны касьцёл. 100% тут жылі людзі, бо знайшлі аб’екты XI–XIII стагодзьдзяў».
Але затым фінансаваньне раскопак прыпынілі. Але нават пры гэтым гісторыкі з кожным годам даведваліся пра кляштар усё больш. Напрыклад, высьветлілі, што да пачатку XIX стагодзьдзя жаночы манастыр і касьцёл суседнічалі з мужчынскім кляштарам. Кляштарны комплекс у стылі віленскага барока быў міні-горадам са сваім аптэкарскім садам.
Рэканструкцыя касьцёлу, праект
Калі Берасьце апынулася пад уладай Расейскай імперыі, пабудовы перадалі Аляксандраўскай Берасьцейскай кадэцкай вучэльні, а пазьней разьмясьцілі там шпіталь. І ў час ІІ усясьветнай вайны тут быў адзін з падразьдзелаў мэдыка-санітарнага батальёну.
Увесну пачнуць расчыстку тэрыторыі каля рэштак кляштара. Узмоцняць канструкцыі першага і падземнага паверхаў. Археолягі і гісторыкі мяркуюць, што ёсьць усе перадумовы аднавіць раскопкі: культурны пляст глыбінёй 3 м сапраўды хавае шмат адкрыцьцяў.
У 19-м стагодзьдзі на загад расейскага цара Мікалая I Берасьце амаль цалкам разбурылі. Жыхароў выселілі, а шматлікія цэрквы, касьцёлы, палацы, кляштары перабудавалі пад казармы і вежы крэпасьці, заяўлялі раней берасьцейскія гісторыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь сямі гістарычных аб’ектаў Беларусі, выстаўленых на аўкцыён, змаглі прадаць толькі два