«Мы хацелі пачаць гэтую размову, бо ўкраінскія ўлады павінны ведаць, што іх грамадзяне там знаходзяцца, у Беларусі», — сказаў Леанід Марозаў у этэры ўсеўкраінскага тэлемаратону.
Паводле яго, падрыхтаваныя тры сьпісы з прозьвішчамі ўкраінцаў, якіх асудзілі ў Беларусі паводле палітычных матываў: з агульнага сьпісу 1300 чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітычнымі вязьнямі; з асуджаных за пратэсты супраць расейскай вайны ва Ўкраіне; з асуджаных у так званай «справе Беларускага Гаюна».
«Калі ўкраінскі бок будзе ведаць хаця б імёны, то зможа зьвязацца з роднымі палітзьняволеных і запытаць, чым ім дапамагчы. У некаторых выпадках мы самі можам дапамагчы», — дадаў ён.
Леанід Марозаў адзначыў, што збліжэньне адміністрацыі ЗША з Аляксандрам Лукашэнкам таксама магчыма выкарыстоўваць для працягу вызваленьня палітвязьняў, якія маюць украінскія пашпарты.
«Калі мы думаем, што ў беларускіх турмах сядзяць толькі беларусы, — не. Гэта і грамадзяне Швэцыі, Вялікай Брытаніі, Польшчы... Таму можна з кім заўгодна гаварыць, каб дапамагчы гэтым людзям, і мы робім гэта», — адзначыў дарадца Ціханоўскай.
«Гэта быў першы такі візыт, усе сустрэчы (у Кіеве) праходзілі на беларускай і ўкраінскай мовах. Першая сустрэча, мне падаецца, была даволі эфэктыўная. Плянуецца наступны мой візыт зь іншымі экспэртамі», — зазначыў ён.
25 студзеня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сустрэўся з дэмакратычнай лідэркай Беларусі Сьвятланай Ціханоўскай, Зяленскі запрасіў яе ў Кіеў. Сустрэча адбылася ў Вільні ў рамках урачыстасьцяў, прысьвечаных гадавіне паўстаньня 1863 году. Два палітыкі сустракаліся і раней, але сустрэчы былі мімалётныя, на палях міжнародных форумаў. Перад гэтым Уладзімір Зяленскі некалькі разоў згадваў Беларусь у сваіх прамовах на міжнародных сустрэчах і форумах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі, Ціханоўская і Лукашэнка — чаму зьмянілася палітыка Кіева? Аналіз Валера Карбалевіча. ВІДЭА