Вядоўца, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ад Рэспубліканскай партыі Крыстафэр Сьміт, адкрываючы слуханьні, сярод іншага заявіў, што ЗША не прызнаюць Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам Беларусі, піша «Позірк».
Будучы ініцыятарам і асноўным аўтарам чатырох рэдакцыяў Акту аб дэмакратыі ў Беларусі, Сьміт выказаў упэўненасьць, што Кангрэс прыме і распрацаваную ім пятую рэдакцыю дакумэнту, упершыню прынятага ў 2004 годзе і абноўленага ў 2006, 2011 і 2020 гадах.
- Камісія правоў чалавека імя Тома Лантаса (Tom Lantos Human Rights Commission) — дзьвюхпартыйная камісія ў пытаньнях правоў чалавека пры Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША.
- Яна сочыць за сытуацыяй з правамі чалавека ў розных краінах, праводзіць адпаведныя слуханьні і брыфінгі, дае рэкамэндацыі амэрыканскім заканадаўцам і ўрадавым структурам.
Заклік працягнуць Стратэгічны дыялёг паміж ЗША і дэмакратычнымі сіламі Беларусі
Правесьці чарговы, трэці раўнд Стратэгічнага дыялёгу паміж ЗША і дэмакратычнымі сіламі Беларусі заклікаў дыпляматычны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі, выступаючы ў якасьці сьведкі на слуханьнях 3 лютага.
Ён заклікаў Кангрэс і амэрыканскую адміністрацыю працягнуць і інтэнсыфікаваць намаганьні для вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных у Беларусі, для спыненьня перасьледу беларусаў за межамі краіны, перадухіліць узяцьце Аляксандрам Лукашэнкам новых закладнікаў.
Кучынскі заклікаў амэрыканскі бок «пашырыць тэрміновую гуманітарную дапамогу, мэдычнае абслугоўваньне, рэабілітацыю і рэлякацыю» былых палітвязьняў.
Ён заклікаў таксама «надаваць значную падтрымку беларускім дэмакратычным інстытутам, такім як офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада».
Сяргей Ціханоўскі і Дзяніс Кучынскі. Вашынгтон, 3 лютага 2026 году
Кучынскі заклікаў захоўваць ціск на рэжым у Беларусі ў выглядзе санкцыяў, увязаўшы любое магчымае іх зьмякчэньне «з рэальным і прыдатным для праверкі» прагрэсам у захаваньні правоў чалавека ў Беларусі.
Яшчэ адной рэкамэндацыяй стала хутчэйшае прыняцьце новай рэдакцыі Акту аб дэмакратыі ў Беларусі, праект якой мае назву «Закон аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі».
Першы раўнд Стратэгічнага дыялёгу паміж ЗША і дэмакратычнымі сіламі Беларусі адбыўся ў Вашынгтоне 6–8 сьнежня 2023 году, другі — у Вільні 3–4 сьнежня 2024 году.
У часе другога тэрміну прэзыдэнцтва Дональда Трампа сэсіі дыялёгу пакуль не праводзіліся.
Акрамя Кучынскага, у якасьці сьведак на слуханьнях 3 лютага выступілі былы палітвязень Сяргей Ціханоўскі, кіраўнік літоўскага офісу праваабарончай арганізацыі Freedom House Віціс Юрконіс і міжнародны юрыст у правах чалавека з ЗША Джазьмін Кэмэран.
Заклік да безумоўнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў
Калі, нягледзячы на вызваленьне часткі палітвязьняў, у Беларусі зьяўляюцца новыя, гэта значыць, што «мы лечым сымптомы хваробы, а не яе прычыну». З такой заявай выступіў кіраўнік літоўскага офісу праваабарончай арганізацыі Freedom House Віціс Юрконіс.
Паводле Юрконіса, у сваім узаемадзеяньні зь Беларусьсю ЗША павінны ўлічваць, што адно толькі вызваленьне зьняволеных ня зьменіць асноватворную сыстэму рэпрэсіяў у краіне.
Як лічыць прадстаўнік праваабарончай арганізацыі, ЗША павінны пастаянна прыцягваць увагу да ўмоваў утрыманьня пад вартай беларускіх палітвязьняў, стаўленьня да іх пасьля вызваленьня, а таксама падкрэсьліваць, што вызваленьне часткі вядомых зьняволеных не здымае з рэжыму адказнасьці за стан больш як тысячы іншых, якія застаюцца за кратамі.
На думку Юрконіса, Вашынгтону варта заклікаць афіцыйны Менск да безумоўнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў, зьняцьця ўсіх палітычна матываваных абвінавачаньняў і гарантаваньня таго, што ўсе вызваленыя змогуць застацца ў краіне, а ня быць прымусова высланыя зь яе.
Ён заклікаў дэмакратычныя ўрады пацьвердзіць і ўзмацніць падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай, «законна абранага лідэра Беларусі», забясьпечыўшы, каб яна і іншыя дэмакратычна выбраныя прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў прызнаваліся ў якасьці законных прадстаўнікоў беларускага народу.
Юрконіс выказаў думку, што ЗША павінны ставіць у якасьці ўмовы зьняцьця санкцыяў зь Беларусі яе адмову ад падтрымкі расейскай агрэсіі ва Ўкраіне, вывад расейскіх вайскоўцаў і ядзернай зброі зь беларускай тэрыторыі і папярэджваць аб аднаўленьні санкцыяў, калі вайскоўцы і ядзерная зброя будуць вернутыя.
Заклік працягваць ціск на Лукашэнку
Цяпер існуюць «толькі тры рэальныя шляхі» вызваленьня палітвязьняў, якія застаюцца ў закладніках Аляксандра Лукашэнкі: «замежная вайсковая інтэрвэнцыя, вываз іх за мяжу ў абмен на што-небудзь або прымусовая дыпляматыя, якую праводзіць прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп».
Такое меркаваньне выказаў Сяргей Ціханоўскі на слуханьнях у Кангрэсе 3 лютага. Пры гэтым ён заявіў, што падтрымлівае трэці варыянт.
Паводле Ціханоўскага, Трамп патрэбны Лукашэнку нашмат больш, чым Лукашэнка патрэбны Трампу, што дае амэрыканскай адміністрацыі «велізарны вагар ціску» на беларускага дыктатара, які экс-палітвязень заклікаў выкарыстоўваць мудра.
Як заявіў Ціханоўскі, Лукашэнка ня толькі гандлюе з Вашынгтонам закладнікамі, але і актыўна спрабуе прыцягнуць амэрыканскі бізнэс да беларускіх нацыянальных авіялініяў, у калійную галіну і атамную энэргетыку. Ён таксама зьвярнуў увагу на актыўныя спробы Лукашэнкі адыграць ролю пасярэдніка ў стасунках паміж ЗША і Расеяй.
З улікам усіх згаданых фактараў, на яго думку, пры наяўнасьці палітычнай волі Вашынгтону можна ня толькі дамагчыся ад Лукашэнкі вызваленьня ўсіх закладнікаў рэжыму, але і настаяць на спыненьні палітычных рэпрэсій.
«Я прашу вас аб адной рэчы: калі ласка, не спыняйцеся. Вы ўжо выратавалі лекараў, палітыкаў, блогераў і нават ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру (Алеся Бяляцкага), але больш за 1100 чалавек застаюцца ў зьняволеньні», — зьвярнуўся Ціханоўскі да прадстаўнікоў ЗША.
Сьведка таксама расказаў пра ўмовы свайго зьняволеньня, асобна падзякаваўшы амэрыканскаму боку за сваё вызваленьне.
Адвакаты сталі аб’ектам рэпрэсіяў для уладаў Беларусі
Пасьля спрэчных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі адвакаты сталі мішэньню рэпрэсій з боку ўладаў. Пра гэта заявіла амэрыканскі міжнародны юрыст у правах чалавека Джазьмін Кэмэран на слуханьнях 3 лютага ў Кангрэсе ЗША.
На яе думку, гэта адбылося ў асноўным зь дзьвюх прычын: па-першае, улады часта атаесамляюць адвакатаў зь іхнымі кліентамі, па-другое, улады хочуць пазбавіць адпаведных кліентаў усякіх законных сродкаў для абароны сваіх правоў.
Юрыстка назвала беларускіх адвакатаў, якія ў выніку гэтага па-ранейшаму застаюцца ў няволі: Віталь Брагінец, Аляксандар Данілевіч, Анастасія Лазарэнка, Юлія Юргілевіч, Аляксей Бародка і Сяргей Хлыстоў.
Кэмэран заявіла аб поўным захопе ўладамі адвакацкіх калегіяў, што стала наступствам зьменаў у заканадаўстве, якія пашырылі адпаведныя паўнамоцтвы Міністэрства юстыцыі.
У выніку, паводле яе, Міністэрства юстыцыі Беларусі стала палітычным інструмэнтам кантролю за юрыстамі, напрыклад, ліцэнзуючы любую адвакацкую дзейнасьць у краіне. Кэмэран таксама адзначыла, што беларускія адвакаты больш ня могуць адкрываць прыватныя канторы або займацца сваёй практыкай па-за юрыдычнымі кансультацыямі, якія фактычна падпарадкоўваюцца рэгіянальным упраўленьням міністэрства.
Юрыстка заявіла, што ў выніку многія адвакаты мусілі пакінуць краіну, а астатнія праз пачуцьцё страху адмаўляюцца займацца «адчувальнымі» справамі. Таму, паводле яе, колькасьць адвакатаў у Беларусі скарацілася з 2200 да 1600 — больш як на чвэрць.
Кэмэран рэкамэндавала ЗША падтрымліваць асобных беларускіх адвакатаў, вымушаных працаваць у выгнаньні, а таксама адпаведныя арганізацыі грамадзянскай супольнасьці, павялічыўшы іх фінансаваньне. У ліку апошніх яна назвала «Права на абарону» і Human Constanta. Юрыстка заклікала падтрымаць амэрыканскія арганізацыі і міжнародныя ініцыятывы, якія аказваюць дапамогу. Таксама яна лічыць неабходным, каб амэрыканскія ўлады публічна настойвалі на вызваленьні ўсіх беларускіх адвакатаў, якія цяпер у зьняволеньні, выкарыстоўваючы пры магчымасьці індывідуальныя санкцыі супраць вінаватых за іх перасьлед, а таксама каб падтрымлівалі беларускі дэмакратычны рух.
«Тое, што мы назіраем у Беларусі, — гэта сыстэматычнае зьнішчэньне вяршэнства закону, і я заклікаю камісію забясьпечыць, каб палітыка ЗША ў дачыненьні да Беларусі прызнавала вяршэнства закону асновай усіх правоў чалавека», — заявіла Кэмэран.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьменлівы вецер з Вашынгтона: беларуская апазыцыя перад новымі выклікамі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Другі Стратэгічны дыялёг ЗША і беларускага дэмакратычнага руху абмяркоўвае, як наблізіць зьмены ў Беларусі і быць гатовымі да іх