На Падляшшы з удзелам старшыні польскага Сэйму ўшанавалі беларусаў — ахвяраў аддзелу «Бурага» на 80-годзьдзе трагедыі

Старшыня польскага Сэйму Ўладзімеж Чажасты на ўшанаваньні ахвяраў крывавага рэйду Рамуальда Райса. 1 лютага 2026 году

Аб’яднаньне «Вечная Памяць» і праваслаўны прыход Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла ў Малешах ды неабыякавыя людзі ўспомнілі ахвяраў рэйду Бурага па праваслаўных беларускіх вёсках Беласточчыны на пераломе студзеня — лютага ў 1946 годзе.

Урачыстасьці традыцыйна пачаліся літургіяй у праваслаўнай царкве ў Бранску. Удзельнікі мэмарыяльных урачыстасьцяў 1 лютага наведалі таксама вёску Пухалы Старыя, побач зь якой у лесе на месцы гібелі 31 чалавека стаіць сымбалічны помнік забітым вазакам, піша «Радыё Рацыя».

Традыцыйна адбыўся малебен у Занях каля магілы 24 забітых жыхароў вёскі і на праваслаўных могілках у Малешах каля магілы сьвятой Марыі Петручук — ахвяры злачынства Бурага.

На завяршэньне ўдзельнікі мэмарыяльных сустрэчаў наведалі вёску Шпакі, дзе аддзел Рамуальда Райса (Бурага) спаліў вёску і забіў 5 яе жыхароў, у тым ліку Марыю Петручук. У 2023 годзе яна была ўзьведзена ў лік сьвятых Праваслаўнай царквы ў Польшчы.

Гэта была не адзіная ўрачыстасьць. У вёсцы Залешаны, што ў Гайнаўскім павеце Падляскага ваяводзтва, 29 студзеня ўшанавалі памяць ахвяраў масавага забойства, якое адбылося 80 гадоў таму. У цырымоніі ўзяў удзел старшыня Сэйму Польшчы Ўладзімеж Чажасты, піша Польскае радыё.

«Няма ніякага тлумачэньня, няма ніякага апраўданьня: гэтае злачынства мае прыкметы забойства, — заявіў Чажасты. — Хачу вам сказаць праз 80 гадоў як старшыня польскага Сэйму: няма ніякага апраўданьня гэтай справе», — сказаў палітык.

Старшыня польскага Сэйму Уладзімеж Чажасты на месцы памяці ахвяраў крывавага рэйду Рамуальда Райса „Бурага“ на Падляшшы

У студзені і лютым 1946 году аддзелы польскага ўзброенага антыкамуністычнага супраціву правялі шэраг карных апэрацыяў і забілі дзясяткі бяззбройных беларусаў праваслаўнага веравызнаньня, у тым ліку жанчын і дзяцей. Вядома пра 16 забітых у Залешанах, у Старых Пухалах — пра 30, у Занях і Шпаках — пра 31, у Выганаўскай Вольцы — пра яшчэ двух.

Апэрацыямі кіраваў капітан Рамуальд Райс пад мянушкай «Буры». Райса схапілі тагачасныя польскія ўлады ў 1948 годзе. Ён не прызнаў сваёй віны ў забойствах беларусаў і пераводзіў адказнасьць за забойствы на свайго намесьніка. Райса судзілі ў Беластоку, павесілі ў 1949 годзе.

У сучаснай Польшчы ня ўтойваюць трагедыі на Падляшшы. Інстытут нацыянальнай памяці ў 2005 годзе прызнаў, што апэрацыі «Бурага» былі злачынствам супраць чалавецтва з прыкметамі генацыду, не спрыялі барацьбе падпольля за незалежнасьць Польшчы і ня могуць лічыцца справядлівымі ні пры якіх абставінах. Памяць забітых традыцыйна ўшаноўваюць з удзелам мясцовых і вышэйшых уладаў Польшчы. Таксама пастаўленыя помнікі і памятныя знакі ахвярам тых карных акцыяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забойцы і ахвяры. Факты пра «выклятых жаўнераў», якія ў 1946 годзе забівалі і палілі беларусаў Беласточчыны