У Беларусі летась зьліквідавалі 9 населеных пунктаў. Як улады гэта тлумачаць

Вёска Жычын Берасьцейскай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі ў 2025 годзе зьліквідавалі дзевяць паселішчаў у межах «аптымізацыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ладу».

Як паведаміў дзяржаўны тэлеканал АНТ, найбольш мястэчак і вёсак зьнікла ў Гомельскай вобласьці.

«У Буда-Кашалёўскім раёне цяпер няма пасёлку Мігай. А ў Чачэрскім — з мапы зьніклі Аляксееўка, Заручча, Бязбожнік і Калініна», — адзначаецца ў публікацыі.

Улады тлумачаць, што ліквідуюць паселішчы праз брак ці невялікую колькасьць жыхароў — «утрымліваць такія вёскі дорага: чысьціць дарогі, асьвятляць вуліцы, адпраўляць аўтакраму нават дзеля аднаго жыхара».

Звычайна будынкі ў такіх населеных пунктах зносяць, а землі перадаюць сельскім ці лясным гаспадаркам.

«Важна разумець: зьнікненьне з дакумэнтаў — не заўсёды фізычная ліквідацыя. Часам вёскі проста мяняюць статус і межы, уваходзяць у склад гарадоў, аб’ядноўваюцца, а ўжо юрыдычная ліквідацыя — гэта ўсяго толькі маленькі штрых дзеля ўліку, парадку і актуальнай мапы», — адзначылі на дзяржаўным тэлеканале.

Згодна з інфармацыяй Нацыянальнага статыстычнага камітэту, на пачатак 2025 году ў Беларусі было 23 190 населеных пунктаў — на 6,5% менш (1 607 зьліквідавалі), чым на пачатак 1995-га (24 794).

За 30 гадоў, цягам якіх Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе, пасёлкаў гарадзкога тыпу стала менш на 22 працэнты (зьменшылася на 26) — 85 супраць 109, сельскіх населеных пунктаў — на 6,5 працэнта (зьменшылася на1 593) — 22 990 супраць 24 583, гарадоў абласнога падпарадкаваньня — у 3,8 раза; гарадоў раённага падпарадкаваньня стала больш на 62,5% (104 супраць 64).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 30 гадоў абяцаньняў. Пра што Лукашэнка пісаў у сваіх перадвыбарчых праграмах і што з гэтага выканаў