Кабінэт адхіліў тры запыты, накіраваных «АдГ» 11 і 19 сьнежня 2025 года адносна праектаў па кожнай з названых краін. Гэтыя праекты знаходзяцца ў падпарадкаваньні Фэдэральнага міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця. Доступу да іх апісаньня на сайце ведамства і ў сыстэме IATI (Ініцыятыва празрыстасьці міжнароднай дапамогі) няма.
У выпадку Беларусі гаворка ідзе аб праектах з сумамі фінансаваньня 500 тыс. і 220 тыс. эўра. Большы рэалізуецца з 1 лістапада 2024 года па 31 кастрычніка 2027 года і датычыцца дэмакратычнага і інклюзыўнага кіраваньня, інклюзыўнасьці і пашырэньня правоў і магчымасьцяў людзей з інваліднасьцю, а таксама гэндарнай роўнасьці; меншы рэалізуецца з 1 студзеня 2024 года па 31 сьнежня 2027 года і датычыцца рэпрадуктыўнага, мацярынскага і дзіцячага здароўя.
Дэпутаты ад «АдГ» просяць апублікаваць назвы гэтых праектаў і мерапрыемствы, прадугледжаныя ў іх рамках, а таксама цікавяцца прычынамі іх сакрэтнасьці, хоць яны фінансуюцца з фэдэральнага бюджэту.
У адказе ўрада гаворыцца, што Германія сапраўды ўзяла на сябе абавязацельства забясьпечваць празрыстасьць у рамках IATI, аднак гэта абавязацельства абмежавана правіламі абароны сакрэтных даных.
«Праца атрымальнікаў грантаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі праходзіць ва ўмовах вельмі рэпрэсіўнага рэжыму пад кіраваньнем аўтарытарнага ўрада, чый кіраўнік Аляксандр Лукашэнка і іншыя вядучыя дзеячы знаходзяцца пад санкцыямі ЭЗ за парушэньні правоў чалавека (гвалт, ціск, незаконныя затрыманьні). У гэтым кантэксьце інстытуцыі (атрымальнікі дапамогі. — „Позірк“.) публічна часьцяком зьвязваюцца з канкрэтнымі асобамі, абнародаваньне імёнаў якіх нясе для іх пэрсанальную пагрозу», — падкрэсьліваецца ў адказе ўрада.
Разгалашэньне інфармацыі «азначала б значную рызыку для далейшага існаваньня мясцовых няўрадавых арганізацый, а таксама для свабоды, прававой і фізычнай бясьпекі асоб, якія працуюць у мясцовых партнэрскіх арганізацыях». «Гэта таксама тычыцца іх нямецкіх партнёраў, якія працуюць на месцах», — гаворыцца ў адказе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прарасейская фракцыя ў Бундэстагу запатрабавала тлумачэньняў наконт фэдэральнай падтрымкі дэмакратычных сілаў Беларусі«Альтэрнатыва для Германіі» пад шырмай абароны нацыянальных інтарэсаў неаднаразова накіроўвала дэпутацкія запыты ва ўрад для атрыманьня інфармацыі аб падтрымцы беларускіх дэмакратычных сіл, у тым ліку праз фонды салідарнасьці. Крытыкі ўльтраправых заяўляюць, што запыты «АдГ» паводле стылістыкі падобныя на запыты КДБ.
У траўні 2025 года беларускае тэлебачаньне паведаміла пра ператрусы ў рэдакцыях рэгіянальных недзяржаўных СМІ, якія выжылі пасьля зачысткі незалежнага мэдыяполя, якія мелі дамовы аб супрацоўніцтве з амбасадай Германіі.
Гучны рэзананс атрымала гісторыя з выкарыстаньнем працы палітвязьняў беларускай фірмай дэпутата ў фэдэральнай зямлі Саксонія ад «АдГ» Ёрга Дорнаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ФРГ прызналі праваэкстрэмісцкай партыю «Альтэрнатыва для Нямеччыны». Яе дэпутаты маюць сувязі зь Беларусьсю