Польскі суд скасаваў рашэньне аб высылцы беларуса Алеся Папковіча ў Літву

Алесь Папковіч (унізе другі зьлева) разам са сваякамі ў польскім судзе

Ваяводзкі адміністрацыйны суд скасаваў рашэньне Рады ў справах замежнікаў.

Польскі суд вынес рашэньне ў справе беларуса Алеся Папковіча аб яго высылцы ў Літву ў адпаведнасьці з Дублінскім палажэньнем. Алесь застанецца ў Польшчы са сваёй сям’ёй.

Апэляцыю падрыхтавала заснавальніца ініцыятывы Partyzanka Ганна Мацеўская. Суд зноў пагадзіўся з сур’ёзнымі парушэньнямі працэдуры ў справе і аргумэнтамі адносна індывідуальнай сытуацыі Алеся, адзначае тэлеграм-канал ініцыятывы.

На слуханьнях таксама прысутнічала дэпутатка Эўрапарлямэнту Магдалена Гасеўская, яна яшчэ раз падтрымала беларусаў, якія апынуліся ў цяжкім становішчы. Таксама на суд падтрымаць Папковіча прыйшло некалькі землякоў, якія жывуць у Польшчы.

Гэтае рашэньне дапаможа тым, чые справы закрываюцца «аўтаматычна» без належнай ацэнкі індывідуальных абставін. Мы працягнем сыстэматычна аспрэчваць такія рашэньні і дамагацца справядлівых практык, адзначыў канал ініцыятывы.

Дублінскі рэглямэнт дазваляе высылаць уцекача ў тую краіну Эўразьвязу, у якую той прыехаў на пачатку. Рэглямэнт і адзіная сыстэма дазваляе ЭЗ пазьбегчы выпадкаў, калі адзін чалавек падае заявы на прытулак адразу ў некалькіх краінах уніі, і таксама шукае там дапамогі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці Кацярыны Ваданосавай застаецца ў Польшчы. Суд вынес канчатковае рашэньне


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё маё жыцьцё тут — гэта чаканьне дакумэнтаў». Чаму беларусы Польшчы так доўга чакаюць легалізацыі