Сьцісла
- Страчаны экспарт у Эўразьвяз і ва Ўкраіну ў 2022–2025 гадах быў скампэнсаваны пераарыентацыяй на іншыя рынкі, ключавую ролю ў гэтым адыграла Расея.
- З сярэдзіны 2024 году падаюць фізычныя аб’ёмы вытворчасьці, абʼёмы экспарту захоўваюцца коштам спрыяльнай каньюнктуры цэн.
- Пагаршаецца фінансавае становішча флягманаў беларускага экспарту — «Беларуськалію» і Мазырскага НПЗ.
- Мэта санкцыяў — пазбавіць Беларусь магчымасьцяў мацаваць расейскую ваенную машыну, а не паставіць на калені рэжым Лукашэнкі.
ГЛЯДЗЕЦЬ ГРАФІК У ПОЎНЫМ ФАРМАЦЕ
Крыніцы: Белстат, Эўракамісія
Які вынік мела для эканомікі страта экспартных рынкаў Эўразьвязу і Ўкраіны?
— У 2021 годзе ў экспарце тавараў зь Беларусі на Эўразьвяз і Ўкраіну прыпадала 30%, каля 12 мільярдаў даляраў. Ужо ў 2022 годзе экспарт тавараў зь Беларусі ва Ўкраіну зьменшыўся да нуля, экспарт у ЭЗ за 4 гады ўпаў у 10 разоў. Аднак з 2021 па 2026 год экспарт тавараў зь Беларусі ўва ўсе краіны сьвету агулам практычна не зьмяніўся, ён складаў і складае прыкладна 40 мільярдаў даляраў. Коштам чаго, якім чынам была скампэнсаваная страта рынкаў Эўразьвязу і Ўкраіны?
Зьміцер Крук
— У Эўразьвяз перадусім шлі нафтапрадукты, на іх прыпадала ільвіная доля ўсяго абʼёму экспарту ў ЭЗ, асабліва ў цэнавым выяўленьні. Першы момант што да гэтага замяшчэньня — яно не заўcёды датычыла тых самых тавараў. У ЭЗ і ва Ўкраіну пераважна пастаўляліся нафтапрадукты. Адразу знайсьці на іх іншых пакупнікоў не ўдавалася, але на іншыя тавары вырас попыт у Расеі. Гэтым істотна скарысталіся ў 2023–2024 гадах. У сувязі з вайной вырас попыт на тыя беларускія тавары, на якія раней яго не было.
Другі момант — гэта замяшчэньне рынкаў збыту для тых самых тавараў, якія раней ішлі ў ЭЗ і ва Ўкраіну. І ў першую чаргу гэта нафтапрадукты. І ў 2022 годзе зь іх збытам былі вялікія праблемы. Раней для часткі гэтага экспарту Эўразьвяз быў толькі прамежкавым пунктам, але ў статыстыцы іх вываз паказваўся як экспарт у ЭЗ. Але з 2023 году ўдалося наладзіць лягістычныя шляхі экспарту нафтапрадуктаў праз Расею. Хто канчатковы пакупнік — гэта часта дагэтуль таямніца за сямю пячаткамі. Беларуская статыстыка гэтага не раскрывае, зь люстэркавай статыстыкі іншых краін гэта вызначыць таксама няпроста. Пра 2024 год ёсьць зьвесткі Супольнасьці беларускіх чыгуначнікаў, паводле якіх гэтыя нафтапрадукты ідуць у расейскія порты, пераважна вакол Санкт-Пецярбургу. Падобная гісторыя з калійнымі ўгнаеньнямі. У ЭЗ іх ішла адносна невялікая доля, паводле ўскосных зьвестак, гэтыя пастаўкі перанакіравалі ў іншыя краіны, найперш у Кітай і Індыю.
І трэці чыньнік — гэта знаходжаньне новых рынкаў для традыцыйных тавараў, тое, пра што ўвесь час гаворыць і Лукашэнка, і прапаганда. У прыватнасьці, гэта рост экспарту ў краіны СНД (не ў Расею). Сярод іх я б адзначыў Казахстан.
Ну і на чацьвёртае месца я б паставіў абыход санкцыяў. Скажам, беларуская драўніна пастаўляецца кудысьці ва Ўзбэкістан, а адтуль ужо як узбэцкая драўніна ідзе ў Эўразьвяз. Гэта таксама важны канал, які дазваляе захоўваць экспарт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Продаж беларускіх тавараў у Эўразьвяз упаў у 8 разоў, у Бразылію — у 11,4 раза. Як улады Беларусі шукалі альтэрнатыву рынку ЭЗ— Дык атрымліваецца, што щ Беларусі ўсё ў парадку з экспартам, калі паказьнікі экспарту — як укапаныя слупы?
— Не зусім. Эканамісты разьбіваюць коштавую вагу экспарту на два чыньнікі: фізычны абʼём і цэнавы фактар. У 2024–2025 гадах сусьветныя цэнавыя ўмовы для беларускага экспарту былі досыць спрыяльныя. Але дзесьці зь сярэдзіны 2024 году пачалася спачатку стагнацыя, а потым і зьмяншэньне фізычных абʼёмаў экспарту — у штуках, кіляграмах, адзінках прадукцыі. Вынік гэтага — запаволеньне росту валавога ўнутранага прадукту, зьніжэньне тэмпу росту ў 2025 годзе амаль удвая ў параўнаньні з 2023–2024 гадамі. Захаваньне прыбыткаў ад экспарту адбываецца коштам росту экспартных цэнаў, але пры зьніжэньні фізычных абʼёмаў. Таму, з аднаго боку, большая дывэрсыфікацыя экспарту — гэта, здаецца добра. Але зь іншага — гэтая дывэрсыфікацыя адбылася ў асноўным за кошт пераарыентацыі на Расею. Аднаўленьне экспарту і нафтапрадуктаў, і калійных угнаеньняў адбылося ці ў Расею, ці праз Расею. Калі даць кароткі адказ, як удалося захаваць абʼёмы экспарту пры страце рынкаў ЭЗ і Ўкраіны — бо Расея.
Чаго каштуе пераарыентацыя экспарту?
— Вы ўжо часткова пачалі адказваць на наступнае пытаньне, калі сказалі пра фізычныя абʼёмы. Ці ёсьць нейкія макрапаказьнікі, якія б характарызавалі страты ад гэтай пераарыентацыі, ці зьмяніліся індыкатары эфэктыўнасьці, прыбытковасьцю, рэнтабэльнасьць экспарту?
— Ёсьць, але гэта не макрапаказьнікі. Гэта фінансавы стан прадпрыемстваў, якія працуюць на экспарт. У Беларусі іх няшмат. У прыватнасьці, гэта «Беларуськалій» і нафтаперапрацоўчыя заводы. Іх фінансавая справаздачнасьць засакрэчаная, але сёе-тое на публіку трапляе. Высьвятляецца, што хоць абʼёмы экспарту «Беларуськалію» істотна вырасьлі, але фінансавы стан прадпрыемства істотна пагоршыўся. Супольнасьць чыгуначнікаў публікавала зьвесткі пра тое,што кітайцы вельмі добра скарысталіся зьніжэньнем перамоўнай моцы «Беларуськалію», прадпрыемства мусіла дэмпінгаваць, прадаваць угнаеньні з істотнай зьніжкай адносна рынкавай цаны.
Пра стан нафтаперапрацоўчых заводаў можна меркаваць толькі ўскосна. Белстат дае паказьнікі рэнтабэльнасьці вытворчасьці ў раёнах краіны. Але НПЗ у нас толькі два — Наваполацкі і Мазырскі. Дык вось і з гэтай статыстыкі, і зь іншых зьвестак вынікае, што Мазырскі НПЗ мае адмоўную рэнтабэльнасьць. На беларускія НПЗ з Расеі паступаюць выплаты ў межах так званага бюджэтнага зваротнага акцызу. Але, нягледзячы на гэта, фінансавы стан гэтых прадпрыемстваў, як той казаў, вымушае жадаць лепшага. Мы рабілі аналіз фінансавых паказьнікаў тых беларускіх буйных прадпрыемстваў, пра ёсьць даступныя зьвесткі. У 2023–2024 гадах назіраўся даволі інтэнсіўны рост эканомікі, ВУП рос прыкладна на 4% у год. Здавалася б, і фінансавае становішча прадпрыемстваў павінна было паляпшацца. А яно, наадварот, пагаршалася. Абʼёмы выпуску расьлі, а эфэктыўнасьць — не.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 100 мільёнаў даляраў. Як выглядаў гандаль каліем паміж Беларусьсю і ЗША да санкцыяў і што будзе заразУспамін пра ковід: замест «ідэальнага шторму» — эканамічны цуд
— А ці ў дасанкцыйным 2021-м годзе фінансавыя паказьнікі прадпрыемстваў былі лепшыя? Памятаю, у 2020 годзе эканамісты BEROC прадказвалі беларускай эканоміцы «ідэальны шторм». Дык у тым шторме насамрэч усё аказалася ня так і кепска?
— Аналітыку пад назвай «Перадухіліць ідэальны шторм» мы з калегай Кацярынай Барнуковай апублікавалі ўвесну 2020 году, напачатку пандэміі каранавірусу. Тады была велізарная няпэўнасьць пэрспэктываў эканомікі. І мы тады разьлічвалі, што калі ковід будзе ўсурʼёз і надоўга, то наступствы для эканомікі будуць цяжкія і вытворчасьць істотна зьменшыцца.
Але з вышыні гадоў можна сказаць, што ковід выявіўся не такім страшным з гледзішча эканамічных наступстваў (пакідаю за дужкамі гуманітарныя). А ўжо ў канцы 2020 і ў 2021 годзе адбыўся эканамічны цуд — усясьветны выбух дадатковага попыту. І таму 2021 год для беларускай эканомікі і для беларускага экспарту аказаўся выдатным. Дарэчы, на яго прыпаў і ўзьлёт экспарту ва Ўкраіну — ён тады перавысіў 5 мільярдаў даляраў. З таго часу актуальны стан эканомікі часта параўноўваюць менавіта з 2021 годам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каму ў Беларусі цяпер патрэбная дапамога ад ураду— Ня толькі незалежныя эканамісты, але і ўрадоўцы, і Лукашэнка скардзяцца на праблемы з экспартам — у Расеі беларускія тавары ня надта купляюць, там беларусаў выціскаюць кітайцы, а розныя экзатычныя краіны, па якіх гойсаюць Лукашэнка і міністры, таксама не сказаць каб вельмі куплялі беларускае. Але ёсьць лічбы — з 2021 году абʼёмы глябальнага экспарту практычна нязьменныя. Як гэты факт спалучыць зь енкам Лукашэнкі і ўрадоўцаў аб праблемах з экспартам?
—Я ўжо казаў, што зьніжаюцца фізычныя абʼёмы экспарту. Гэты паказьнік рос да 2021 і трымаўся да сярэдзіны 2024 году. А ў 2025 годзе ён быў прыкладна на 10–12% ніжэйшы, чым у папярэднім годзе. Гэта не супэркрытычна, але гэта істотнае пагаршэньне.
— Якія галіны беларускай эканомікі ад пераарыентацыі экспарту страцілі, а якія, наадварот, набылі? Наколькі ведаю, істотна страціла калійная галіна — ледзь не ўдвая. А хто падняўся?
—Паднялася цяжкая прамысловасьць, усё, што зьвязана зь сельскагаспадарчым машынабудаваньнем. Попыт на гэтыя тавары ў Расеі істотна падвысіўся. Попыт на вайсковы экспарт таксама падвысіўся, бо Расея вядзе вайну. Зь іншых галінаў таксама на максымуме фізычных абʼёмаў знаходзіцца харчовая прамысловасьць — усё зьвязанае зь мяснымі і малочнымі прадуктамі. У 2025 годзе так і засталося, акрамя хіба што цяжкой прамысловасьці, экспарт яе прадукцыі ў 2025 годзе зьнізіўся ў параўнаньні з 2024 годам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гродна Азот» пастаўляе прадукцыю ў Расею для патрэбаў войска і абыходзіць санкцыі ЭЗ — Беларускі расьследніцкі цэнтарЯкі плён маюць санкцыі?
— Што гавораць лічбы замежнага гандлю пра плён санкцыяў? І пра плён санкцыяў, якія дзейнічаюць, і пра плён іх магчымага ўзмацненьня. Калі зьмяншэньне экспарту ў ЭЗ у 10 разоў — з больш чым 5 мільярдаў даляраў да соцень мільёнаў даляраў — не паставіла рэжым на калені, то ці паставіць страта гэтых некалькіх соцень мільёнаў? Ці гэтая апошняя страта стане, як ува ўсходняй прымаўцы, той апошняй саломінай, якая зломіць хрыбет вярблюду?
— У вашым пытаньні закладзенае дапушчэньне, што асноўнай мэтай санкцыяў было зламаць хрыбет беларускаму «вярблюду». Але галоўныя прычыны ўводу санкцыяў іншыя. Першая — калі дзяржава Беларусь саўдзельнічае ў агрэсіі, немагчыма не рэагаваць на гэта. Ваяваць зь ёю ніхто не зьбіраўся і не зьбіраецца. А тады наймацнейшы інструмэнт — санкцыі.
— Можа крыху перабольшыўшы, але гэтае вашае тлумачэньне можна сфармуляваць і так: калі ёсьць магчымасьць зьменшыць рэсурсы расейскай вайсковай машыны хаця б на адзін патрон, то гэта варта рабіць. Я вас правільна зразумеў?
— Не зусім. Дакладней, гэта другая прычына санкцыяў. Першая — маральная, на саўдзел у агрэсіі трэба рэагаваць. А той матыў, пра які сказалі вы, — гэта сапраўды пераважная матывацыя суседзяў Беларусі — Польшчы, краінаў Балтыі. Так, гэта сапраўды імкненьне пазбавіць беларускі рэжым магчымасьці дапамагаць Расеі ваяваць і аслабіць вайсковы патэнцыял Беларусі як патэнцыйнага пляцдарму для нападу на краіны-суседзі. І сапраўды лёгіка такая — калі вайсковы патэнцыял Расеі і Беларусі ўдасца зьменшыць санкцыямі хоць на адзін патрон, санкцыі маюць сэнс.
А зламаны хрыбет беларускага «вярблюда», Лукашэнка, пастаўлены на калені — гэта ўспрымаецца як гіпатэтычны дадатковы бонус санкцыяў. Не зламаецца, ня ўстане на калені — ну не дык не.
У нас, беларусаў, ёсьць ілюзія, што ўвесь сьвет думае аб праблемах Беларусі. А насамрэч сьвет не гатовы ўзяць на сябе цяжар вырашэньня нашых праблемаў, іншыя краіны разьвязваюць свае праблемы.