Падзеньне іранскай валюты працягваецца. Пабіты чарговы антырэкорд

Іранскія грошы з выявай аяталы

Дэвальвацыя нацыянальнай валюты Ірану працягваецца пасьля крывавых разгонаў акцый пратэсту ісламісцкім рэжымам.

Рост курсу замежных валютаў і золата на іранскіх рынках працягваецца, і 28 студзеня кошт аднаго даляру ЗША дасягнуў 1,6 млн рыалаў, кошт золата таксама дасягнуў гістарычнага рэкорду ў больш чым 2 мільярды рыалаў.

Яшчэ 27 студзеня адзін даляр ЗША каштаваў больш за 1,52 млн рыалаў, за содні яго курс вырас яшчэ на 80 тысяч, піша Радыё Фарда.

Курсы замежнай валюты, якія прывялі да пачатку пратэстаў 27 сьнежня, а затым распаўсюдзіліся па ўсім Іране, на працягу апошніх чатырох тыдняў стаялі на месцы ў час беспарадкаў у краіне, але аднавілі свой рост з аднаўленьнем у Іране працы інтэрнэту, які надоўга адключалі ў зьвязку з пратэстамі.

Разбураныя мячэці, абгарэлыя будынкі, жудасная цішыня ў Тэгеране пасьля паўстаньня. ФОТА

У час разгону дэманстрацый у Іране загінулі тысячы чалавек. Амэрыканская праваабарончая арганізацыя HRANA паведаміла, што пацьверджаная імі колькасьць загінулых складае 5459 чалавек. Але рэальная колькасьць загінулых можа быць значна большай і складаць нават да 30 тысяч.

Акрамя таго, ісламісцкі іранскі рэжым працягвае караць сьмерцю арыштаваных. СМІ паведамляюць пра сьмяротны вырак грамадзяніну з імем Хамідрэза Сабет Эсмаілпур, якога прысудзілі да пакараньня сьмерцю нібыта за шпіянаж на карысьць Ізраілю.

Уладам краіны, цэнтрабанку не ўдаецца спыніць падзеньне нацыянальнай валюты. Апошнімі днямі істотна вырасла імавернасьць ваенных удараў па краіне з боку ЗША. Міжнародныя экспэрты, ацэньваючы замежную палітыку, адзначаюць, што ўладам Ірану пакуль не ўдаецца дамовіцца з прэзыдэнтам ЗША Трампам. Бакі ўжо пагражалі адзін аднаму ваеннымі ўдарамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Верагоднасьць удараў ЗША па Іране «вельмі высокая» на фоне нарошчваньня войскаў і вучэньняў