У гэтай публікацыі мы сабралі прызнаньні людзей, якія спрабавалі пазбавіць сябе жыцьця за кратамі. У тэксьце ёсьць жорсткія сцэны, якія могуць стаць прычынай моцных эмацыйных перажываньняў. Аднак мы лічым важным пакінуць падрабязнае апісаньне эмацыйнага стану палітзьняволеных, якія змаглі спыніцца падчас учыненьня суіцыду або адмовіліся ад сваіх суіцыдальных памкненьняў.
За кратамі ў калёніях і турмах Беларусі знаходзяцца больш за 1100 чалавек, якіх правабаронцы лічаць палітычнымі зьняволенымі. У рэальнасьці такіх людзей можа быць значна больш. Пасьля вызваленьня некаторыя былыя вязьні прызнаюцца, што ў зьняволеньні яны спрабавалі забіць сябе, бо больш ня верылі, што пабачаць сваіх блізкіх і родных. На гэты момант вядома мінімум пра двух асуджаных паводле палітычных падставаў беларусах, якія маглі загінуць у зьняволеньні праз самагубства.
«Ёсіфавіч, калі ўсё скончыцца?»
Летась у верасьні ў магілёўскай калёніі загінуў палітвязень Андрэй Паднябенны. З словаў маці, яго знайшлі павешаным у штрафным ізалятары. Імаверная прычына сьмерці Андрэя — суіцыд. Афіцыйна пра сьмерць Паднябеннага ўлады не паведамлялі.
Андрэю Паднябеннаму было 36 гадоў. У яго засталіся жонка і малыя дзеці. Паднябеннага асудзілі на амаль 17 гадоў калёніі паводле палітычных артыкулаў. Сярод іншага вінавацілі ў тым, што ён нібыта падпаліў машыну службоўца і пракалоў колы ў дзясятках тралейбусаў. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», на Андрэя Паднябеннага пастаянна ціснулі ў калёніі, іншым забаранялі кантактаваць зь ім.
Андрэй Паднябенны
«Больш ніхто ня зможа ні фізычна, ні псыхалягічна зьдзекавацца з майго сына», — напісала ў сацыяльных сетках маці Андрэя Паднябеннага пасьля сьмерці сына.
Аляксандар Фядута, якога вызвалілі з калёніі 13 сьнежня 2025 году, пасьля вызваленьня расказаў у сацыяльных сетках, што абавязкам Андрэя Паднябеннага ў калёніі было падмятаць двор. Ён ня мог атрымліваць грашовыя пераводы з волі, як асуджаны паводле «тэрарыстычных» артыкулаў.
«Ні на тэрарыста, ні на таго, хто распальвае жарсьці, Андрэй падобны ня быў. Высокі, спакойны, інтэлігенты, мяркуючы па ўсім, шмат чытаў і яшчэ больш думаў. Мы часта размаўлялі. У асноўным пра нейкія палітэканамічныя праблемы, у якіх ён цяміў лепш за мяне. Але заканчвалася ўсё аднолькава. Андрэй пытаўся ў мяне: „Ёсіфавіч, як вы думаеце, калі ўсё скончыцца?“ — „Ня ведаю, Андрэй“», — успамінае Фядута.
Ён дадае, што сапраўдныя прычыны сьмерці Андрэя Паднябеннага невядомыя. Аляксандар Фядута мяркуе, што на суіцыд чалавека можа штурхаць толькі скрайні адчай.
Яшчэ адзін палітвязень скончыў жыцьцё за кратамі ў 2022 годзе. Будаўніку Дзьмітрыю Дудойцю з Смаргоняў было 43 гады. Яго асудзілі на два гады «хіміі» за «абразу міліцыянта» у сеціве. Адбываць пакараньне Дзьмітрыя накіравалі ў Магілёў 29 сьнежня 2021 году. На «хіміі» ён правёў усяго тыдзень.
Дзьмітры Дудойць
У пачатку студзеня 2021 году Дудойця адправілі з «хіміі» ў паліклініку на камісію. Паводле інфармацыі Сьледчага камітэту, назад ён вяртаўся без суправаджэньня. Тады і скочыў з мосту ўніз на праезную частку і разьбіўся насьмерць. У яго на волі засталіся партнэрка і сын-студэнт.
«Ужо на „хіміі“ ён казаў, што яму вельмі дрэнна», — расказвала сяброўка Дзьмітрыя пасьля яго сьмерці.
Паводле сяброў, Дудойць быў у прыгнечаным стане пасьля таго, як прысуд пакінулі ў сіле. На суд Дзьмітры прыйшоў з пашкоджаным каленам, на мыліцах, бо парваў зьвязку. Адвакат падкрэсьліваў, што яго падабаронны ня зможа працаваць некалькі месяцаў.
«Ён казаў, што ня вытрымае там», — успамінала партнэрка Дзьмітрыя пасьля ягонай сьмерці.
«Білі начамі, каб ня спаў»
Былы палітвязень Максім Сенік расказаў Свабодзе, што быў гатовы забіць сябе ў ноч перад вызваленьнем з турмы, пра якое ня ведаў. З словаў Максіма, ён быў упэўнены, што сілавікі «раскручваюць» яго на дадатковы тэрмін і што ён усё адно памрэ за кратамі.
Да 2020 году Максім працаваў электрамантэрам на прадпрыемстве «Гродна Азот». Зараз яму 46 гадоў, прабыў у зьняволеньні больш за тры зь іх. Максіма абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі й іншых службоўцаў у камэнтарах у Telegram, а таксама ў тым, што ён нібыта перадаваў інфармацыю «экстрэмісцкаму» мэдыя «Белсат». Сеніка асудзілі на 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму, але вызвалілі раней праз памілаваньне і вывезьлі зь Беларусі ў сьнежні 2025 году. Цяпер ён у Літве.
Максім расказвае, што за кратамі пяць разоў думаў пра тое, каб скончыць жыцьцё самагубствам, рэзаў сабе вены і разьбіваў галаву. Гэта адбывалася ў калёніі № 2 у Бабруйску.
«Людзі пачалі зь мяне зьдзекавацца, бо не даваў ім спаць. Я моцна храплю. Мяне білі начамі, каб ня спаў, зрывалі коўдру», — расказвае суразмоўца.
Максім Сенік у Вільні, праз некалькі дзён пасьля вызваленьня
Максім дадае, што ўначы яго сукамэрнікі адчынялі акно, забіралі ў Сеніка цёплае адзеньне і коўдру, каб ён ня мог заснуць ад холаду, а самі добра ўкрываліся. Яго таксама палівалі халоднай вадой, каб ня спаў. Адзін з асуджаных, які сядзеў за забойства пракурора, з словаў Максіма, спрабаваў скінуць яго з другога паверху ложка.
Былы палітвязень адзначае, што зьдзекаваліся зь яго перадусім тыя, чые ложкі стаялі побач і каму ён перашкаджаў спаць найбольш. Яго пераводзілі ў розныя сэкцыі і атрады, «каб не злаваць людзей» у адным месцы, але паўсюль сытуацыя паўтаралася.
Максім Сенік кажа, што ніхто з адміністрацыі калёніі не зьвяртаў увагі на зьдзекі зь яго. У выніку палітвязень праз «заўхоза» (зьняволенага, які супрацоўнічае з адміністрацыяй. — РС) перадаў, што нешта з сабой зробіць, каб кіраўніцтва калёніі ўрэшце яго пачула. Але і пасьля гэтага нічога не зьмянілася.
«Гэта было ў прыбіральні… Мяне ўбачылі людзі, скруцілі, адабралі лязо і тэрмінова праз „заўхоза“ выклікалі атрадніка, потым апэратыўніка. Апэратыўнік прыбег разам з псыхолягам. Адвялі мяне ў санчастку. Адразу далі супакаяльнае, але яно не дапамагала. Тады мне зрабілі іньекцыю — палягчэла», — успамінае Максім пра першую спробу парэзаць сабе вены на руцэ.
У санчастцы мужчына праляжаў тыдзень. Потым яго вярнулі ў атрад. Зьдзекі працягнуліся.
Максім Сенік расказвае, што позьняй восеньню 2023 году ў яго здарыўся нэрвовы зрыў падчас вечаровай праверкі. Ён стаяў у шэрагу на вуліцы, і яго пачало калаціць так моцна, што заўважылі іншыя асуджаныя. Яны сталі крычаць. Апэратыўнікі завялі Сеніка пад рукі ў атрад. Мужчына амаль ня мог сам стаяць. Таксама ня мог гаварыць, бо яго «скавала», «твар перакасіла», палова цела аднялася. Мужчына плача, калі ўспамінае гэты выпадак.
Максіма Сеніка забралі ў санчастку, потым выклікалі яму «хуткую». Зрабілі нейкі ўкол, яму стала лягчэй, аняменьне прайшло. У «хуткай» папярэдзілі, што такія прыступы могуць паўтарацца, і няхай турэмны фэльчар спраўляецца зь імі сам, каб іх больш не выклікалі. Яшчэ тыдзень мужчына правёў у санчастцы пад наглядам псыхіятра. Потым яго вярнулі ў атрад. Там асуджаныя надалей яго білі і зьдзекаваліся зь яго.
«Прыйшлося мне суіцыдам заняцца, бо мяне ніхто ня чуў», — кажа Максім.
Ён паўторна вырашыў парэзаць сабе вены. Гэта амаль адразу ўбачыў іншы зьняволены, закрычаў: «Ты што, ачмурэў? Што ты робіш?» І данёс «заўхозу», што Сенік «ускрываецца».
«Я думаю: трэба ісьці здавацца. Бо будзе яшчэ горш, калі сам не скажу», — расказвае суразмоўца.
За спробу суіцыду ў калёніі належыць пакараньне — 10 дзён штрафнога ізалятару (ШЫЗА), кажа Сенік. Але ён сам папрасіў даць яму больш — 15 дзён, каб даўжэй ня быць зь іншымі зьняволенымі і не даводзіць да канфлікту. Наглядчык на просьбу Сеніка даваў яму па 15 дзён ШЫЗА раз за разам, агулам чатыры месяцы.
Яшчэ адзін раз Максім рэзаў сабе руку аб ліст бляхі з завостраным краем, якая стаяла проста ў фае будынку калёніі. Гэтай бляхай абшывалі дах. Яго зноў спыніў адзін са зьняволеных і далажыў «заўхозу».
Сенік кажа, што кожны раз, калі рэзаў сабе рукі, ня траціў прытомнасьць, бо быў у пераўзбуджаным стане. Раны гаіліся доўга. Мэдыкі прамывалі іх, мазалі ёдам і зялёнкай, накладалі павязкі. Цяпер шнараў не відаць, бо яны былі неглыбокія, кажа суразмоўца. Пасьля спробаў суіцыду зь ім размаўляла псыхоляг калёніі. Гэта падтрымлівала, адзначае Максім.
Ён мяркуе, што ягоныя спробы суіцыду дасягалі мэты: на нейкі час яму станавілася крыху лягчэй жыць у калёніі. Аднак заўважае, што такім чынам ён ня толькі выказваў свой пратэст, але і сапраўды хацеў памерці. Ён нават пакідаў перадсьмяротную запіску.
«Я лічыў, што раз я на турму трапіў, то гэта будзе вечна. У мяне быў сшытак. Я там напісаў, не вырываючы аркуш: „Іра (сястра. — РС), прабач мне, я заканчваю жыцьцё самагубствам, бо не магу гэта вытрываць“», — успамінае ён.
Галавой аб шконку як пратэст
Другая прычына, зь якой Сенік хацеў скончыць жыцьцё самагубствам, — пагрозы ад супрацоўнікаў калёніі 411-м артыкулам Крымінальнага кодэксу «Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы». Ён называе гэты артыкул страшным, бо мяркуе, што па ім вязьню могуць дадаваць тэрміны зноў і зноў, да канца жыцьця. Пасьля такіх пагрозаў Максім, зь ягоных словаў, біўся галавой аб шконку (ложак) у ШЫЗА. Ён так пратэставаў супраць магчымага дадатковага тэрміну.
«Разганяўся і біўся галавой аб шконку, каб да іх дайшло, што я магу яшчэ далей пайсьці і суіцыдам скончыць гэта ўсё. Яны адчынялі акенца, угаворвалі мяне, каб я так ня біўся. Я ўсё роўна біўся. Уся шконка ў крыві. У мяне ўвесь твар у крыві. Падлога ў крыві», — расказвае Сенік.
Прэсавая канфэрэнцыя вызваленых палітычных вязьняў, Вільня, 22 сьнежня 2025 году
Ён дадае, што адчыніць камэру ШЫЗА дзяжурныя міліцыянты адразу не маглі без начальніка, бегалі яго клікаць.
«Я ім сказаў: „Калі вы хочаце вывезьці труп, каб рэзананс пайшоў ня толькі па ўсёй Беларусі, але па ўсёй Эўропе, бо я пад кантролем, то ў вас будзе немалы рэзананс. Нават калі я выеду па 411-м артыкуле, я скончу жыцьцё самагубствам у іншай зоне. Я ў кожным разе жыць ня буду, бо ведаю, што гэта (зьдзекі. — РС) будзе працягвацца вечна“», — пераказвае ён размову з супрацоўнікамі калёніі.
Пасьля гэтага інцыдэнту, кажа Максім, начальнік паабяцаў, што яму ня будуць дадаваць 411-ы артыкул, і яго сапраўды не дадалі.
Сытуацыя з разьбітай галавой паўтарылася ў апошнюю ноч Сеніка ў калёніі. Яму, успамінае суразмоўца, пасярод ночы супрацоўнік калёніі сказаў сабраць рэчы і выходзіць. Паказаў пальцам каля вуснаў, каб той паводзіў сябе ціха і не разбудзіў іншых.
«Яны ж не казалі, куды я ў дзьве гадзіны ноччу накіроўваюся. Я думаў, што мяне па-ціхаму круцяць па 411-м (артыкуле)», — успамінае Максім.
Ён прызнаецца, што вельмі нэрваваўся і шматкроць пытаўся, куды яго вядуць. Супрацоўнік яму не адказваў канкрэтна, але паведаміў, што Сенік выяжджае з калёніі, пераконваў, што «усё будзе нармальна» і што «там табе будзе лепш, чым у нас». Сенік да апошняга моманту не разумеў, куды яго накіроўваюць. Меркаваў, што яго падманам супакойваюць, каб ён не супраціўляўся выезду. На час чаканьня яго вывелі ў кантрольна-прапускны пункт і зачынілі ў камэры з клеткай.
«У мяне пачынаецца паніка, і я зноў пачынаю біцца аб сьцяну галавой. Урываецца супрацоўнік, скручвае мяне, кладзе на падлогу, але ня б’е. Кажа: „Што ты з сабой робіш?! Я даю табе слова афіцэра, што табе там будзе лепш, чым у нас, усё будзе ў парадку“. — „Вы хоць разумееце, што калі вы мяне круціце па 411-м артыкуле, вы вывезеце адсюль труп“», — успамінае перамовы суразмоўца.
Яго перавялі ў «гумовы пакой», дзе ўсе сьцены абабітыя мяккім матэрыялам. Але Максім і там калаціў кулакамі па сьценах, і яго вярнулі ў клетку. Прывялі іншых вязьняў, якія таксама не разумелі, куды іх вывозяць. Там Сенік зноў стаў біцца галавой аб сьцяну да крыві. Гэта ўсё адбывалася ноччу, цягам некалькіх гадзін.
«Выклікалі намесьніка, маёра. Кажу: „Вы можаце сказаць, куды вы нас вывозіце? Я еду па 411-м? Ці вы нас вывозіце ў лес, каб расстраляць?“ — „Нічога гэтага ня будзе. Што ты сабе прыдумаў?“ — „А што я магу думаць? Мне розныя думкі лезуць у галаву! Ці вы можаце адкрытым тэкстам сказаць, што ў нас усё будзе нармальна, што вы нас за мяжу вывозіце?“ Як толькі я сказаў „за мяжу“, у іх твары пачалі зьмяняцца, але самі яны нічога ня кажуць», — успамінае былы палітвязень.
Урэшце асуджаныя пачалі паміж сабой ціха перагаворвацца пра тое, што чулі, што людзей могуць вызваляць датэрмінова. Тады Сенік крыху супакоіўся.
«Мяне тады ўжо нічога не трымала. Я ўжо быў гатовы на ўсё. Мне не было чаго губляць. Я думаў, што мяне „круцяць“ па 411-м артыкуле, а гэта шлях у адзін канец. Калі б не пачуў ад хлопцаў (пра вызваленьне), дадумаўся б, як гэта зрабіць. Я б разагнаўся і зламаў сабе шыю аб сьцяну», — разважае Максім.
У той жа дзень, 13 сьнежня 2025 году, яго разам з групай больш як ста беларускіх палітвязьняў вызвалілі і вывезьлі ва Ўкраіну.
«Мне ёсьць для каго і для чаго жыць»
Праваабаронца Ўладзімер Лабковіч расказаў Свабодзе, што думаў пра сьмерць, калі сам знаходзіўся за кратамі. Уладзімеру 47 гадоў. Ён адсядзеў амаль 4,5 года з сямі, якія яму прысудзілі ў тым ліку за «фінансаваньне пратэстаў» — палітычна матываваная падстава, якую рэжым Лукашэнкі масава прымяняе супраць удзельнікаў і прыхільнікаў пратэстаў 2020 году ў Беларусі.
Уладзь Лабковіч
Ён адзначае, што не абдумваў непасрэдна суіцыд, але калі б яму прапанавалі расстрэл замест пакутаў у турме, дапускае, што пагадзіўся б. Асабліва калі быў ў штрафным ізалятары, дзе было надзвычай халодна, калі падоўгу знаходзіўся ў адзіночнай камэры і калі па некалькі месяцаў не атрымліваў лістоў ад родных і ня ведаў, як яны маюцца.
«У мяне бывалі моманты, калі здавалася, што выйсьця ніякага няма, і я траціў надзею… У гэтыя моманты бывае, што ты ламаесься і цябе ахоплівае адчай», — кажа Ўладзімер Лабковіч.
Ён мяркуе, што часта да адчаю прыводзяць зьдзекі з палітвязьняў, адчуваньне абсалютнага зла навокал. Паводле Лабковіча, маральныя пакуты цяжэйшыя за фізычныя.
«Калі табе кажуць, што ты адсюль ніколі ня выйдзеш, — мне гэта казалі шмат-шмат разоў, што ўсе вызваленьні, абмены — гэта ўвогуле не пра цябе, і тэрмін, які ты атрымаў на судзе, ня мае ніякага значэньня, бо шляху табе адсюль ніякага няма, наступае момант, калі ты ў такіх умовах пачынаеш у гэта верыць», — зьвяртае ўвагу палітвязень.
Уладзімер кажа, што ў самыя цёмныя пэрыяды за кратамі яго падтрымлівалі думкі пра ягоную сям’ю, жонку, дзяцей.
«Я ў такія моманты хадзіў па камэры, заплюшчваў вочы і ўяўляў, як гуляю зь дзецьмі і жонкай па нейкіх прыгожых мясьцінах, прыгожых гарадах», — успамінае суразмоўца.
Палітвязень з Наваградку Ўладзімер Гарох таксама прызнаецца, што хацеў скончыць жыцьцё самагубствам. Гэта было ў калёніі ў Шклове. Уладзімеру 52 гады. Ён будаўнік, пратэстанцкі вернік, бацька чатырох дзяцей. Правёў за кратамі больш за пяць гадоў зь сямі, якія яму прысудзілі нібыта за «падрыхтоўку масавых беспарадкаў» у 2020 годзе.
Уладзімер Гарох
Гарох расказвае пра пабіцьцё за кратамі. Яго каралі штрафным ізалятарам і памяшканьнем камэрнага тыпу. У траўні 2021 году, калі Гарох знаходзіўся ў ШЫЗА, у суседняй камэры загінуў палітвязень зь Бярозаўкі Вітольд Ашурак. Некалькі чалавек сьведчылі раней, што яго перад сьмерцю білі, а ў камэры Ашурка заставаліся сьляды крыві. Уладзімер тады зразумеў, што і ён можа ня выйсьці з турмы жывым.
Думка пра самагубства прыйшла, калі Ўладзімер знаходзіўся ў памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ). Яму далі 90 «сутак». Частку гэтага тэрміну на той момант Гарох ужо адбыў. Кажа, што ўмовы былі сьцерпныя. Але было вельмі халодна, адчынялі форткі, быў скразьняк. Саграваўся ён толькі ноччу, калі прыносілі пасьцель. Былы палітвязень успамінае, што стаміўся ад ціску, калі супрацоўнікі калёніі пастаянна шукалі парушэньні ў яго паводзінах. Зьнянацку Ўладзімеру далі 10 дзён ШЫЗА, якога ён баяўся пасьля сьмерці Ашурка.
«Я падумаў: колькі ўжо можна?! Быў эмацыйны зрыў. Усё мяне дастала, усё, край! Я ўжо разьвітаўся з роднымі. Казаў: „Госпадзе, я не магу, прабач, я больш ня вытрымаю“. Я рэальна зьбіраўся разьбіць сабе мазгі і скончыць жыцьцё самагубствам», — успамінае суразмоўца.
Аднак ён стрымаў гэтае памкненьне і не зрабіў сабе шкоды.
«На самым піку сказаў сабе: „Стоп, мне ёсьць для каго і для чаго жыць“. Узяў сябе ў рукі і супакоіўся. Я зразумеў, што калі я гэта зраблю, гэта будзе маёй паразай. Павярнуць назад — гэта таксама ўчынак», — мяркуе суразмоўца.
Абарона правоў
Аляксандар Кабанаў — блогер і актывіст зь Берасьця, прэс-сакратар ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай у 2020 годзе. Яму 54 гады. Ён адсядзеў 2,5 гады за «удзел у пратэстах» і «абразу судзьдзі».
Кабанаў расказаў, як ён рэзаў сабе вены ў зьняволеньні. Ён падкрэсьлівае, што ў ягоным выпадку гэта не было ні суіцыдам, ні спробай суіцыду. Гэта было абаронай сваіх правоў у сытуацыі, калі яму стварылі кепскія ўмовы для жыцьця. Кабанаў дадае, што большасьць вязьняў, якія «ўскрываюцца» (рэжуць сабе рукі або жывот), памерці ня маюць намеру. У калёніях такі ўчынак называюць нават не суіцыдам, а наўмысным калецтвам.
Аляксандар Кабанаў
Аляксандар парэзаў сабе рукі ў лістападзе 2021 году ў наваполацкай калёніі. Ён тады знаходзіўся ў памяшканьні камэрнага тыпу. Там было вельмі халодна, праз гэта было складана спаць. Некалькі дзён перад тым, як парэзаць сабе рукі, ён абвясьціў галадоўку. Суразмоўца кажа, што бачыў, што на яго ціснуць усё больш і больш, на яго пісалі пратаколы за прыдуманыя парушэньні. І стаў думаць, як гэта спыніць.
Аляксандар прызнаецца, што парэзаць сябе ня так проста. Для яго гэта было складаным рашэньнем. Ён узважваў тое, што пагоршыцца здароўе, што ён можа памерці, але з другога боку на шалях — зьдзекі, якім не было відаць канца.
Кабанаву ранкам падчас абыходу выдалі брытву, каб ён пагаліўся перад сьняданкам. У яго было каля дваццаці хвілін да таго часу, як у камэру зноў зазірнуць дзяжурныя. Ён стаў у прыбіральні так, каб у камэры назіраньня не было відаць, што ён робіць. І зрабіў сабе дзесяць глыбокіх надрэзаў лязом на абедзьвюх руках. Вырашыў так паказаць свае сур’ёзныя намеры.
«Гэта стан адчаю», — узгадвае ён, як пачуваўся ў той момант.
Аляксандар дадае, што больш думаў пра тэхналёгію працэсу, каб атрымалася тое, што задумаў.
«Гэта пякуча. Я быў трохі зьдзіўлены, як гэта ўсё адбываецца, як скура разлазіцца, што ўнутры знаходзіцца, калі кроў пачынае выступаць, як яна цячэ потым. О, гэта ж мае рукі!», — узгадвае суразмоўца тыя падзеі.
Шнары, якія засталіся на руках Кабанава пасьля "ускрыцьця"
Дзяжурныя сапраўды неўзабаве зазірнулі ў камэру, убачылі кроў і сталі ратаваць палітвязьня. Аляксандар кажа, што хірург у калёніі адмовіўся яго зашываць, павезьлі ў шпіталь у Наваполацку. Наклалі 68 швоў.
«Балюча было, калі шылі, у мяне аж ногі трэсьліся», — успамінае Аляксандар. Ён увесь гэты час быў у прытомнасьці.
Пасьля спробы суіцыду Аляксандру прызначылі 20 дзён у ШЫЗА. Пазьней зьнялі швы. Аляксандар кажа, што сваім учынкам ён дамогся таго, чаго хацеў. Яму перасталі ствараць невыносныя ўмовы, супрацоўнікі сталі лепш да яго ставіцца. Празь некалькі месяцаў яго перавялі на турэмны рэжым у магілёўскую турму.
Кабанаў адзначае, што потым крымінальнікі задавалі яму пытаньне: «Што здарылася?» — а ён меўся тлумачыць. Так распытваюць, каб зразумець, ці меў чалавек права сябе рэзаць, ці не, ці было дастаткова падставаў для гэтага (да такіх ставяцца з павагай) або гэта быў неадэкватны ўчынак (да іх ставяцца ня вельмі добра). Аляксандар заўважае, што левая рука пасьля пашкоджаньняў дагэтуль не зусім спраўна працуе.
«У адміністрацыі няма ніякага жаданьня, каб ты памёр»
Праваабаронца Ўладзімер Лабковіч тлумачыць, што зьняволеных, якія робяць спробы суіцыду або нават выказваюць жаданьне скончыць жыцьцё самагубствам, ставяць на так званы «прафіляктычны ўлік № 7», яны таксама маюць жоўтую бірку, як палітычныя вязьні, нібыта «схільныя да экстрэмісцкай дзейнасьці» (так званы «прафіляктычны ўлік № 10»). Іншыя зьняволеныя ставяцца да такіх людзей насьцярожана, іх лічаць эмацыйна няўстойлівымі.
Лабковіч адзначае, што колькасьць суіцыдаў у месцах зьняволеньня невядомая.
«Такой статыстыкі не было ніколі, а цяпер тым больш. Гэта абсалютна закрытая, табуяваная тэма. Ні дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, ні МУС, ні суды, ніводная ўстанова не публікуюць гэтыя тэмы. Мы ня ведаем, як яны дасьледуюцца, як вывучаюцца. У адміністрацыі няма ніякага жаданьня, каб ты памёр. Гэта эксцэс. Яны хочуць, каб ты пакутаваў. Вядома, выпадкі суіцыдаў — гэта шухер у калёніі. Вядома, бываюць праверкі, як унутраныя, так і вонкавыя, але яны не накіраваныя на зьмену практыкі. Усе зацікаўленыя, каб яно было ціха і прыгожа. А гэта ня ціха і не прыгожа», — запэўнівае Лабковіч.
Ён адзначае, што калі зьняволены выжывае пасьля суіцыду, яго караюць. Звычайна гэта тэрмін у ШЫЗА.
«Усякае самагубства і нават спроба самагубства, — для адміністрацыі рэч непрыемная. Прыяжджаюць пракуроры, сьледчыя, трэба запаўняць паперкі. Тут яшчэ праблема, што гаворка ідзе пра „бэчара“ (турэмная назва для „палітычных“ ад прыметніка бел-чырвона-белы. — РС), то бок справа ўсё адно атрымае розгалас», — мяркуе Аляксандар Фядута.
Блогер Аляксандар Кабанаў заўважае, што калі чалавек хоча не абараняць свае правы праз «наўмыснае калецтва», а сапраўды памерці, то гэта магчыма зрабіць і ў калёніі, і ў крытай турме. Людзі, паводле яго, знаходзяць мноства спосабаў для гэтага.
«Дэпрэсія ў калёніі — зьява страшная. У маім атрадзе мужык, які згубіў цягам месяца жонку і маці, а дваіх непаўналетніх дзяцей аддалі ў дзіцячы дом, спрабаваў парэзаць сабе горла, і толькі няведаньне ўласнай анатоміі не дазволіла яму памерці», — разважае Аляксандар Фядута аб прычынах, якія могуць прывесьці да самагубства за кратамі.
Псыхіятар Сяргей Папоў у размове з Свабодай кажа, што ёсьць спалучэньне дзьвюх асноўных прычын, якія могуць прывесьці палітвязьняў да самагубства, — вонкавай і ўнутранай.
Першая, вонкавая, — гэта цяжкія ўмовы ўтрыманьня ў турмах Беларусі, максымальна негуманістычныя, з расчалавечваньнем, псыхалягічным ціскам, бракам свабоды. Палітвязьні, паводле псыхіятра, больш уразьлівыя на гэтыя ўмовы ў адрозьненьне ад крымінальнікаў, якія раней учынілі злачынствы. Да таго ж сыстэма цісьне на палітычных вязьняў мацней, чым на непалітычных.
Сяргей Папоў
«Перажываньне, што так шмат жыцьця страчана, ніхто гэтага ня верне, час ідзе, жыцьцё ідзе», — кажа ён пра тое, што можа падштурхнуць да суіцыду.
Другая прычына — унутраны стан. Спэцыяліст тлумачыць, што людзі па-рознаму могуць успрымаць адныя і тыя ж умовы. У адных ёсьць больш унутраных апораў: папярэдні досьвед добрых адносінаў, вера, чытаньне кніг як падтрымка, мэдытацыя, стварэньне тэкстаў, стаўленьне да зьняволеньня як да працы, як у выпадку некаторых праваабаронцаў.
«Тады лягчэй усё вытрымаць», — падсумоўвае суразмоўца.
У іншых людзей, працягвае Сяргей Папоў, няма на што абаперціся. Іх могуць перапаўняць невыносныя эмоцыі, боль, у іх можа быць глыбокая, цяжкая дэпрэсія, псыхатычныя разлады, калі зьмяняецца ўспрыняцьце рэальнасьці. Гэта можа прывесьці да эмацыйнага зрыву.
«Тады не застаецца ні веры, ні надзеі. Усё існаваньне становіцца пеклам. Нічога добрага ўжо ня бачыш, нават калі хтосьці будзе пра гэта казаць. Тут працуе мэханізм, як і ўва ўсіх іншых людзей не ў зьняволеньні: сьмерць не такая страшная, як гэтае існаваньне», — кажа экспэрт.
Ён дадае, што думкі пра сьмерць могуць быць плянам, які прыносіць палёгку.
«Частка людзей так і скажа: мне важна ведаць, што ёсьць выхад з гэтага сьвету», — камэнтуе суразмоўца.
Да таго ж спроба суіцыду можа быць апошняй справай, зьвязанай з воляю чалавека, тлумачыць Сяргей Папоў. Гэта можа быць важна ў месцах зьняволеньня, дзе чалавека пазбаўляюць адчуваньня, што ён можа сам нешта вырашыць.