Хроніка перасьледу 28 студзеня. У МУС Беларусі паведамілі аб затрыманьні яшчэ трох чалавек за «прапаганду нацызму»

Ілюстрацыйнае фота

Для ілюстрацыі ў відэаматэрыяле прадэманстравалі ня толькі сьцяг з свастыкай, а і беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг.

У Міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі паведамілі, што супрацоўнікі ГУБАЗіК пры сілавой падтрымцы атраду спэцыяльнага прызначэньня «Гром» затрымалі трох жыхароў Магілёва, «прыхільнікаў нацыянал-сацыялістычнай ідэалёгіі».

Як сказана ў паведамленьні МУС, затрыманыя стварылі і адміністравалі Telegram-каналы, якія прапагандавалі і праслаўлялі нацызм.

«Затрыманыя спрабавалі стварыць устойлівую арганізаваную групу, а фінансавую выгаду плянавалі атрымліваць за кошт прасоўваньня ў сваіх рэсурсах аналягічных суполак зь меншай аўдыторыяй», — паведамілі ў МУС.

Сьцьвярджаецца, што ў месцы іхнага жыхарства знайшлі і сканфіскавалі «нацысцкія сьцягі, тэматычную літаратуру, незарэгістраваную сымболіку, інструкцыю ў выбуховай справе і халодную зброю».

Затрыманьне праілюстравалі сярод іншага і бел-чырвона-белым сьцягам, які вісеў на сьцяне ў кватэры аднаго з затрыманых. Іх назвалі паганцамі, якія не паважаюць «традыцыйных каштоўнасьцяў».

Суд прызнаў Telegram-каналы затрыманых «экстрэмісцкімі» матэрыяламі. Супраць іх стваральнікаў завялі крымінальную справу за «рэабілітацыю нацызму, адмаўленьне генацыду беларускага народу, а таксама стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня». Ім пагражае па 12 гадоў пазбаўленьня волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Пінску САХР затрымаў 19-гадовага юнака за «рэабілітацыю нацызму»

Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 8 чалавек

У Беларусі іх зьняволілі за «ўзаемадзеяньне з эсктрэмісцкімі фармаваньнямі», паведаміла «Вясна».

  1. Сяргей Васюкевіч
  2. Віталь Выпражкін
  3. Уладзімір Джараеў
  4. Максім Дударга
  5. Аляксей Ісаеў
  6. Сяргей Літвінка
  7. Аляксандар Нядведскі
  8. Аляксей Шыловіч

Цяпер у Беларусі 1158 палітычных вязьняў, пра якіх ведаюць праваабаронцы «Вясны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замежныя зоркі на дзень нараджэньня палітвязьня Андрэя Аляксандрава зачыталі пераклад ягонага вершу на ангельскую