Падлетак, якога тры дні шукалі на Берасьцейшчыне, расказаў, чаму вырашыў пайсьці з дому

Багдан Юнчык

15-гадовы юнак растлумачыў, чаму пакінуў дом сямейнага тыпу, дзе выхоўваецца.

26 студзеня ў Пінску праз тры дні пошукаў знайшлі 15-гадовага Багдана Юнчыка. Ён пайшоў з дому ў Парахонску 23 студзеня. Увесь гэты час падлетка шукалі міліцыя, ратаўнікі, валянтэры, мясцовыя жыхары і добраахвотнікі з выкарыстаньнем адмысловага абсталяваньня, бесьпілётнікаў і квадрацыклаў. Яны прачэсвалі жылыя і закінутыя будынкі, падвалы, багністыя мясьціны і лес непадалёк ад аграгарадка, дзе зьнік Багдан.

Хлопчыка дапамаглі знайсьці дзякуючы пільнасьці 36-гадовай жыхаркі Пінску, якая пазнала яго з арыентыроўкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пошукі завершаныя: у Пінску знойдзены 15-гадовы Багдан Юнчык

Як патлумачыў сам Багдан, пасьля сваркі з бацькам-выхаваўцам у доме сямейнага тыпу ён пакрыўдзіўся і вырашыў сысьці. Падлетак сеў на дызэльны цягнік да Пінску, дзе і быў увесь гэты час — удзень ён хадзіў па вуліцах, спрабуючы пазьбягаць людных месцаў і міліцыянтаў, а ночы правёў у закінутых будынках. Пакрыўджаны падлетак ня меў намеру вяртацца дадому.

Маладога чалавека агледзелі лекары, ягоны стан ацанілі як здавальняючы.

Валянтэр з пошукава-ратавальнай групы «Віцязь» паведаміў журналістам, што Багдан ніколі раней не ўцякаў з дому. Ён добра вучыцца і займаецца спортам.

На пытаньне, ці быў падлетак уцягнуты ў якія-небудзь канфлікты перад зьнікненьнем, валянтэр адказаў, што быў спрэчка з-за тэлефону.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былая мігрантка з Гвінэі просіць урад Беларусі вярнуць яе дачку, якую ў Менску забралі ў дзіцячы дом. ВІДЭА