У Літве прадоўжылі арышт беларусу, датычнаму да падпалу вайсковай тэхнікі для Ўкраіны

Дрон Bayraktar TB2 для Ўкраіны ад Літвы. Ілюстрацыйнае фота

Акруговы суд у Шаўлях прадоўжыў на тры месяцы трыманьне пад вартай грамадзяніна Беларусі, якога ў складзе групы абвінавачваюць у тэрарызьме пры спробе падпалу вайсковага абсталяваньня, прадугледжанага для Ўкраіны.

«Суд вырашыў, што ёсьць падставы прадоўжыць самую жорсткую меру стрыманьня — арышт — на тры месяцы для кожнага, бо, знаходзячыся на волі, яны могуць схавацца ад органаў дасудовага расьсьледаваньня, пракурора ці суду», — паведаміў агенцтву BNS прадстаўнік суду Вітаўтас Ёнчас.

Прозьвішча беларуса не называюць, пазначаюць толькі ягоныя ініцыялы — М. Б.

У справе праходзяць яшчэ пяць чалавек з грамадзянствам Калюмбіі, Гішпаніі, Кубы, Расеі, адзін з падвойным грамадзянствам Гішпаніі і Калюмбіі. Усе яны таксама знаходзяцца пад вартай у Літве.

Справу перадалі ў суд у сярэдзіне студзеня, але дату пачатку яе разгляду яшчэ не прызначылі. Абвінавачаньні зьвязаныя з спробай учыніць тэракт у Шаўлях ў верасьні 2024 году.

Паводле пракуратуры, мэтай абвінавачаных была інфраструктура і прадукцыя кампаніі TVC Solutions коштам прыблізна 5,5 мільёна эўра — мабільныя станцыі аналізу радыёчастотнага спэктру, прызначаныя для Ўзброеных сілаў Украіны.

Два фігуранты пасьля няўдалай спробы падпалу ўцяклі ў Латвію, але там іх злавілі, затрымалі і перадалі ў Літву. Празь некалькі дзён пасьля гэтай спробы ў Літву прыехалі грамадзяне Расеі і Беларусі, якія змаглі зрабіць падпал, але тэхніка не пацярпела. Пасьля гэтага грамадзянка Кубы павінна была ацаніць нанесеную шкоду.

Яшчэ адзін грамадзянін Кубы выконваў пасярэдніцкія функцыі і забясьпечваў фінансаваньне гэтай арганізаванай групы.

Згодна з матэрыяламі справы, дывэрсію сплянавалі па ўказаньні і ў інтарэсах Галоўнага выведнага ўпраўленьня Расеі (ГРУ). Фігурантам пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва заявіла, што за спробай падпалу ў 2024 годзе стаяла Расея. Арыштаваныя 6 чалавек, у тым ліку беларус