Да гэтых тэрмінаў завершыцца дзеяньне пераходнага пэрыяду для дзейных кантрактаў. У цэлым забарона на пастаўкі ЗПГ і трубаправоднага газу з Расеі ў ЭЗ пачне дзейнічаць праз шэсьць тыдняў пасьля ўступленьня пастановы ў сілу — на наступны дзень пасьля яго публікацыі ў афіцыйным часопісе ЭЗ.
«Гэтая пастанова зьяўляецца ключавой вяхой у дасягненьні мэты REPowerEU па спыненьні залежнасьці ЭЗ ад расейскіх энэрганосьбітаў», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Краіны ЭЗ будуць абавязаны правяраць паходжаньне газу перад дазволам на яго пастаўку. За парушэньне забароны прадугледжаны штрафы: для фізычных асоб — ня менш за два з паловай мільёны эўра, для кампаній — не менш за 40 мільёнаў эўра, або не менш за 3,5% гадавога абароту, або не менш за 300% меркаванага абароту па зьдзелцы.
У выпадку абвяшчэньня надзвычайнай сытуацыі і сур’ёзнай пагрозы бясьпецы паставак у адной або некалькіх краінах ЭЗ Эўракамісія зможа прыпыніць забарону на імпарт расейскага газу тэрмінам да чатырох тыдняў.
Да 1 сакавіка дзяржавы ЭЗ павінны падрыхтаваць пляны па дывэрсыфікацыі імпарту газу і ацаніць магчымыя рызыкі пры замене расейскіх паставак. Для гэтага кампаніі абавязаны паведаміць нацыянальным урадам і Эўракамісіі пра ўсе астатнія кантракты на пастаўкі газу з Расеі.
Аналягічныя пляны павінны прадставіць і краіны ЭЗ, якія працягваюць імпартаваць расейскую нафту. У Радзе ЭЗ паведамілі, што Эўракамісія мае намер падаць пастанову аб паэтапным спыненьні імпарту расейскай нафты да канца 2027 года.
- Пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны лідэры ЭЗ у Вэрсальскай дэклярацыі ў сакавіку 2022 года дамовіліся як мага хутчэй адмовіцца ад залежнасьці ад расейскага выкапнёвага паліва.
- За апошнія гады імпарт нафты і газу з Расеі ў ЭЗ значна скараціўся. Калі пастаўкі нафты да 2025 года ўпалі да 3% на фоне санкцый, то на расейскі газ па-ранейшаму прыпадае каля 13% імпарту ЭЗ — больш за 15 мільярдаў эўра ў год. Гэта, паводле ацэнкі ЭЗ, захоўвае сурʼёзныя рызыкі для гандлю і энэргетычнай бясьпекі, гаворыцца ў паведамленьні Рады ЭЗ.