Мэта — стварыць аб’яднаную вэрыфікаваную базу для падтрымкі беларускай супольнасьці праз мэханізм пералічэньня 1,2% (у Літве) або 1,5% (у Польшчы) падаходнага падатку з грамадзян. Ініцыятыва мае сыстэматызаваць інфармацыю аб праектах у сфэрах культуры, адукацыі, журналістыкі, сацыяльнай дапамогі, экалёгіі, даючы беларусам магчымасьць самастойна вырашаць, на якія грамадзка значныя мэты пойдзе частка іхных падаткаў.
У эўрапейскай практыцы, у прыватнасьці ў Польшчы (1,5% ад PIT, Personal Income Tax або podatek dochodowy od osób fizycznych) і ў Літве (1,2% ад GPM, Gyventojų pajamų mokestis), кожны падаткаплатнік мае права накіраваць частку ўжо выплачанага падаходнага падатку на карысьць грамадзкіх арганізацыяў. Гэта так званыя арганізацыі публічнай карысці — OPP у Польшчы (Organizacji Pożytku Publicznego) і эквівалентныя структуры ў Літве.
Гэта частка накладзенага на асобу падатку, але сам падаткаплатнік мае права вызначыць кампанію або ініцыятыву, якой ён хацеў бы накіраваць частку сваіх грошай, выплачаных у якасьці падатку. Адлічэньні робяцца за папярэдні год, зараз будуць аплаты за 2025-ы.
Далучыцца да базы могуць беларускія ініцыятывы, якім заканадаўства краіны знаходжаньня дае юрыдычнае права ўдзельнічаць у такім мэханізьме. Арганізатарам важна сабраць у базе зьвесткі пра як мага шырэйшы спэктар беларускіх арганізацыяў — ад тых, хто ладзіць выставы і фэсты, да ініцыятываў, якія займаюцца дапамогай дзецям палітвязьняў ці журналісцкімі расьсьледаваньнямі.
Калі арганізацыя ўваходзіла ў базу летась, рэгістрацыю трэба прайсьці нанова для актуалізацыі зьвестак.
Прадстаўнікам арганізацыяў трэба запоўніць рэгістрацыйную форму строга згодна з інструкцыяй. Гэта дапаможа ўнікнуць тэхнічных памылак пры праверцы зьвестак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эканамістка тлумачыць, чаму ў Беларусі насамрэч няма людзей, не занятых у эканоміцы