Больш за 15,5 кг вырабаў з фарфору — фігуркі, посуд, падсьвечнікі, сьвяцільні — спрабаваў незаўважна завезьці з Польшчы 45-гадовы грамадзянін Беларусі, паведаміла 24 студзеня прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта.
Паводле інфармацыі ведамства, як піша Позірк, мужчына перасякаў мяжу ў пункце пропуску Берасьце, выбраўшы «зялёны калідор», які азначае, што асобе няма чаго дэкляраваць.
Каштоўны груз, кошт якога складае больш за 28 тысяч рублёў (амаль $10 тысяч) быў знойдзены ў аўтамабілі і багажы грамадзяніна.
Экспэрт мытнай лябараторыі вызначыў, што пяць фарфоравых вырабаў выраблены больш як 50 гадоў таму і адносяцца да катэгорыі культурных каштоўнасьцей. Мужчына, як сьцьвярджаецца, растлумачыў, што «ў Польшчы незнаёмы чалавек папрасіў перавезьці праз мяжу гэтыя прадметы за ўзнагароджаньне ў 150 рублёў».
Мужчыну пагражае штраф да 1350 рублёў з магчымай канфіскацыяй тавараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марыя Калесьнікава: Не шкадую, што парвала пашпарт