26 студзеня ў Кіеве традыцыйна праходзіць Марш памяці Міхася Жызьнеўскага і іншых беларусаў, якія загінулі за Ўкраіну. Яго дата прымеркаваная да дня народзінаў Жызьнеўскага, які загінуў у Кіеве падчас пратэстаў 2014 году. З таго часу ў баях за Ўкраіну загінулі больш за 70 ураджэнцаў Беларусі. Гэтая лічба можа быць няпоўнай. Празь небясьпеку для родных загінулых іх імёны часта не называюць публічна, а пра сьмерць добраахвотнікаў становіцца вядома не адразу. Узгадваем імёны некаторых беларусаў, што загінулі за Ўкраіну цягам апошніх 12 гадоў.
Куля ў сэрца
Міхаіл Жызьнеўскі стаў адной зь першых ахвяраў Эўрамайдану. Ён загінуў ранкам 22 студзеня 2014 году (марш 24 студзеня ладзіцца ў дзень яго народзінаў. — РС) непадалёк ад кіеўскага стадыёну «Дынама» і Дому ўраду. Прычынай сьмерці стала кулявое раненьне сэрца. Экспэрты вызначылі, што Жызьнеўскага застрэлілі з паляўнічай зброі падчас атакі сілавікоў на пратэстоўцаў, ён памёр на месцы.
Манумэнт на месцы гібелі Міхася Жызьнеўскага ў Кіеве, архіўнае фота
Жызьнеўскі нарадзіўся ў Гомлі, а ва Ўкраіне, у горадзе Белая Цэрква, жыў з 2005 году. Да пратэстаў на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве далучыўся ў сьнежні 2013 году, паехаў туды як няштатны карэспандэнт выданьня «Соборна Київщина». Пахаваны на радзіме, у Гомельскім раёне Беларусі.
У 2017 годзе пасьмяротна ўзнагароджаны званьнем Героя Ўкраіны. Вінаватыя ў сьмерці Міхаіла Жызьнеўскага ня знойдзеныя.
Капэлян зь Берасьця
У пэрыяд зь вясны 2014 па канец лютага 2022 году на ўсходзе Ўкраіны загінулі каля дзесяці ўраджэнцаў Беларусі, якія змагаліся на баку Кіева. Самым вядомым зь іх стаў берасьцейскі грамадзкі актывіст Алесь Чаркашын, які памёр ад атрыманых у баі ранаў 28 жніўня 2015 году.
Алесь Чаркашын нарадзіўся ў 1982 годзе ў Берасьці. Быў актывістам шэрагу беларускіх арганізацыяў, удзельнічаў у стварэньні берасьцейскіх філіяў «Краю» і «Зубра», прымаў удзел у падзеях Плошчы 2010 году.
Алесь Чаркашын, архіўнае фота
Ва Ўкраіну зьехаў у 2014 годзе, далучыўся да добраахвотніцкага ўкраінскага корпусу «Правы сэктар», пасьля ваяваў у шэрагах тактычнай групы «Беларусь». Меў пазыўны «Тарас», удзельнічаў у баях за Данецкі аэрапорт, на фронце выконваў функцыі капэляна.
Чаркашын быў цяжка паранены ў баях з прарасейскімі сэпаратыстамі ў Данецкай вобласьці 10 жніўня 2015 году. Памёр ад ран праз два тыдні пасьля апошняга бою, пахаваны на радзіме, у Беларусі.
Першы пасьля 24 лютага 2022 году
Першым загінулым беларусам пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну стаў Ільля «Ліцьвін» Хрэнаў. Гэта адбылося 3 сакавіка 2022 году ў Бучы, падчас абароны Кіева ад наступу расейскіх войскаў.
Ільля "Ліцьвін" Хрэнаў, архіўнае фота
Ільля нарадзіўся ў Менску, рос у шматдзетнай сям’і ў Лошыцы, пасьля школы працаваў на МАЗе. Ва Ўкраіну пераехаў у 2014 годзе, далучыўся да палку «Азоў», удзельнічаў у баях за Ілавайск, Мар’інку і Шырокіна.
Ільля Хрэнаў быў цяжка паранены падчас абароны Бучы. Яму пасьпелі зрабіць апэрацыю на месцы бою, але эвакуаваць у бясьпечнае месца не змаглі праз моцныя абстрэлы. Пахаваць парэшткі загінулага беларуса ўдалося толькі празь месяц пасьля яго гібелі і адступленьня расейцаў з тэрыторыі Кіеўскай вобласьці.
Кнігавыдавец «Мыш» і іншыя
У 2022–23 гадах загінулі некалькі дзясяткаў беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаліся на баку Ўкраіны. Сярод самых вядомых зь іх — Эдуард Лобаў, Васіль Парфянкоў і Міраслаў Лазоўскі. Апошні быў адначасова адным з самых дасьведчаных беларускіх ваяроў, якія пасьля 24 лютага 2022 году ваявалі на баку Ўкраіны.
Міраслаў Лазоўскі нарадзіўся ў 1973 годзе ў Менску, у 1995 уступіў у Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў, пасьля быў адным з заснавальнікаў вайскова-патрыятычнай арганізацыі «Белы легіён».
Разьвітаньне зь Міраславам Лазоўскім у Кіеве, 25 траўня 2023
Да 2020 году працаваў у выдавецтве «Кнігазбор», заснаваў кніжную сэрыю «Беларусь у войнах», у якой выйшлі выданьні з вайсковай гісторыі Беларусі з X па сярэдзіну ХІХ стагодзьдзя.
Міраслаў Лазоўскі зьехаў ва Ўкраіну пасьля падзеяў 2020 году ў Беларусі. У 2022-м пайшоў на фронт добраахвотнікам. Свайго ўдзелу ў баявых дзеяньнях Лазоўскі, якія ваяваў пад пазыўным «Мыш», не афішаваў.
Міраслаў Лазоўскі, архіўнае фота
Загінуў 16 траўня 2023 году ў баях пад Бахмутам, прыкрываючы эвакуацыю групы параненых беларускіх добраахвотнікаў.
Снайпэрка Маша
Марыя Зайцава загінула ў Пакроўскім раёне Данецкай вобласьці 17 студзеня 2025 году, празь дзень пасьля свайго 24-годзьдзя. Яна стала першай беларускай, якая памерла са зброяй у руках, змагаючыся за Ўкраіну.
Марыя нарадзілася 16 студзеня 2001 году ў Гомлі. Вучылася на вэтэрынара, у жніўні 2020-га паехала ў Менск, каб прыняць удзел у пасьлявыбарчых пратэстах. У першыя гадзіны пасьля абвяшчэньня вынікаў выбараў атрымала цяжкія раненьні ад выбуху сьвятлашумавой гранаты на пляцоўцы ля стэлы. Трапіла ў лякарню, пасьля Марыю эвакуавалі ў Чэхію для глыбейшага лячэньня. Так і не змагла цалкам аднавіцца.
Марыя Зайцава, архіўнае фота
У 2023 годзе Марыя далучылася да Другога інтэрнацыянальнага легіёну Ўзброеных сілаў Украіны. Першы час была мэдыкам, атрымала раненьне рукі. Перакваліфікавалася ў снайпэрку. Загінула падчас свайго першага баявога заданьня.
Аляксей Лазараў
Навіна пра апошнюю на гэты момант гібель беларускага добраахвотніка ва Ўкраіне зьявілася 21 студзеня, калі родныя паведамілі пра сьмерць Аляксея Лазарава.
Аляксей нарадзіўся ў Менску, быў інжынэрам-праграмістам, скончыў БДУ. У 2019-м удзельнічаў у парлямэнцкіх выбарах, праходзіў тэрміновую службу ў беларускім войску. Удзельнічаў у пратэстах 2020 году ў Беларусі, пасьля чаго зьехаў з краіны спачатку ў Грузію, а пасьля ў Кіеў.
Аляксей Лазараў, архіўнае фота
У 2022 далучыўся да беларускай роты тэрытарыяльнай абароны, пасьля да палку Каліноўскага. Удзельнічаў у абароне Кіева, вызваленьні тэрыторыяў Херсонскай і Мікалаеўскай вобласьцяў. У 2025-м далучыўся да ўкраінскага 225-га асобнага штурмавога палку. Аляксею было 27 гадоў, яго пахаваюць у Львове.
Паводле інфармацыі Свабоды, на гэты момант у вайне на баку Кіева ўдзельнічаюць некалькі соцень добраахвотнікаў зь Беларусі. Агулам колькасьць беларусаў, якія пасьля 2014 году прымалі ўдзел у баях на баку Ўкраіны, складае больш за тысячу чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Полк Каліноўскага паведаміў пра гібель трох ваяроў