У Беларусі сярод палітвязьняў прынамсі 22 іншаземцы. Хто гэта

Аўтазак у Беларусі. Архіўнае фота

Сьвежыя зьвесткі апублікаваў праваабарончы цэнтар «Вясна».

У Беларусі прынамсі 22 іншаземцы маюць статус палітычнага зняволенага, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», палова зь іх — грамадзяне Расеі. Таксама ёсьць палітвязьні — грамадзяне Ўкраіны, Літвы, Францыі, Латвіі, Польшчы.

Замежных грамадзян трымаюць за кратамі паводле абвінавачаньняў у «агентурнай дзейнасьці», «шпіянажы», «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці», «закліках да санкцыяў», «удзелу ў дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак», «дыскрэдытацыі Беларусі», «акце тэрарызму», «міжнародным тэрарызме». На гэты момант шасьцёх іншаземцаў трымаюць у няволі ў сувязі з вайной Расеі ва Ўкраіне. Пяць грамадзян іншых краін уключаныя ў так званы «сьпіс тэрарыстаў».

Агулам з 2020 году ў Беларусі пад палітычны крымінальны перасьлед трапілі сама меней 100 замежных грамадзян (зь іх 27 жанчын). Праваабаронцам вядома, што як мінімум 75 зь іх накіравалі ў калёніі.

61 іншаземец мае статус «былога палітвязьня», ня менш за 29 былі памілаваныя і дэпартаваныя зь Беларусі.

У Беларусі на 20 студзеня 1 444 чалавекі прызнаныя палітычнымі зьняволенымі. З пачатку прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году палітвязьнямі былі прызнаныя 4356 чалавек.

Бізнэсовец з грамадзянствам Літвы і Францыі

Сяргей Ботвіч ураджэнец Беларусі, але мае грамадзянства Літвы і Францыі. У 2022 годзе яго абвінавацілі паводле двух артыкулах — «шпіянаж» (арт. 358 КК) і «агентурная дзейнасьць» (арт. 358-1 КК). Ботвічу прызначылі 13 гадоў пазбаўленьня волі, ён адбывае тэрмін у «Воўчых норах» — калёніі № 22 пад Івацэвічамі. Праваабаронцам вядома, што Ботвіч настойвае на сваёй невінаватасьці і лічыць сябе палітычным закладнікам.

У сьнежні 2025 года адзін з вызваленых палітвязьняў перадаў «Люстэрку», што Сяргей Ботвіч абвясьціў галадоўку. Галадоўка ўскладняецца наяўнасьцю ў палітвязьня сур’ёзных захворваньняў.

Грамадзянін Латвіі на прымусовым лячэньні

У Беларусі ўтрымліваецца таксама грамадзянін Латвіі Дзьмітры Сіўко, якому 48 гадоў. У 2022 годзе ў судзе Чыгуначнага раёна Гомля яго асудзілі паводле артыкулу 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады). Яму прызначылі прымусовае лячэньне ў псыхіятрычным стацыянары з узмоцненым наглядам. Далейшы яго лёс і дакладнае месцазнаходжаньне праваабаронцам невядомыя.

Шэсьць грамадзян Украіны ў калёніях Беларусі

Паводле інфармацыі «Вясны», мінімум шэсьць грамадзян Украіны адбываюць тэрміны паводле палітычна матываваных прысудаў.

Праваабаронцы фіксавалі, што з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне ўзмацніўся ціск на ўкраінцаў у Беларусі.

Сярод такіх вязьняў — бацька і сын Кабарчукі, якім праўладныя крыніцы называюць «дывэрсантамі СБУ». У лютым 2024 года ў Лельчыцкім раёне быў аб’яўлены рэжым «контартэрарыстычнай апэрацыі». Пазьней КДБ паведаміў пра затрыманьне «тэрарыстаў», нібыта накіраваных СБУ праводзіць тэракты ў Беларусі і Расеі. У кастрычніку 2024 году ў Гомельскім абласным судзе Сяргея Кабарчука і ягонага сына Паўла Кабарчука асудзілі да 20 гадоў пазбаўленьня волі. Іх прызналі вінаватымі паводле ч. 3 арт. 289 КК (акт тэрарызму), ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасьць), ч. 3 арт. 333-1 КК (незаконнае перамяшчэньне праз мяжу атрутных рэчываў, агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў).

Два палітвязьні-грамадзяне Польшчы

4 верасьня 2025 году дзяржаўныя СМІ паведамілі пра затрыманьне ў Лепелі польскага манаха Гжэгажа Гаўла з Кракава. Паляка абвінавацілі ў «шпіянажы» (арт. 358 Крымінальнага кодэксу) — нібыта за атрыманьне пляна беларуска-расейскіх манэўраў «Захад-2025». Намесьнік міністра замежных спраў Польшчы Рафал Басацкі ў тэлевізійным эфіры падкрэсьліў, што гэта можа быць правакацыя альбо сфальсыфікаваная гісторыя.

Другім палітвязьням з грамадзянствам Польшчы зьўяляецца Томаш Бяроза, якога абвінавацілі паводле ч.1 арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасьць) і арт. 358 (шпіянаж). Яму прызначылі 14 гадоў калёніі.

11 палітзьняволеных з расейскім грамадзянствам

Палова з арыштаваных замежнікаў за кратамі складаюць грамадзян Расеі — 11 чалавек. З 2020 года вядомая толькі адна гісторыя памілаваньня грамадзянкі Расеі — гутарка ідзе пра Сафію Сапегу, якую затрымалі разам з Раманам Пратасевічам у выніку вымушанай пасадкі самалёта Ryanair у Менску. Два грамадзяны Расеі — Дзмітрый Шлетгаўэр і Андрэй Паднябенны — памерлі за кратамі.

Сярод расейцаў-палітвязьняў у Беларусі — адная жанчына. Гэта Яраслава Хромчанкова.

У верасьні 2025 года Храмчанкову асудзілі паводле арт. 361-4 (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці) і 369-1 (дыскрэдытацыя Беларусі) Крымінальнага кодэксу. Гомельскі абласны суд прызначыў ёй тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Верагодна, яе асудзілі па справе «Беларускага гаюна».

Паводле зьвестак Праваабарончага цэнтра «Вясна», з 2020 года ў Беларусі пад палітычны крымінальны перасьлед патрапілі мінімум 100 замежных грамадзян, з іх 27 — жанчыны. У выніку памілаваньняў пры садзейнічаньні ЗША і ўкраінскага абмену былі вызваленыя не менш за 29 замежнікаў.

Замежныя грамадзяне цяпер утрымліваюцца з кратамі за «агентурную дзейнасьць», «шпіянаж», «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці», «заклікі да санкцый», «удзел у дзеяньнях, што груба парушае грамадзкі парадак», «дыскрэдытацыю Беларусі», «акт тэрарызму» і нават «міжнародны тэрарызм». На дадзены момант шэсьць замежнікаў утрымліваюцца за кратамі ў Беларусі ў сувязі з вайной ва Украіне. Пяць грамадзян іншых краін уключаны ў так званы «сьпіс тэрарыстаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы расказалі пра замежнікаў у беларускіх турмах