Былы палітвязень Мікалай Дзядок піша на сваёй старонцы ў Фэйсбуку:
«ЭЗ зацікаўлены ў тым, каб Украіна выстаяла. Каб расейская армія не прасунулася да межаў Польшчы. А для гэтага трэба максымальна аслабіць эканамічны і тэхналягічны патэнцыял краін-агрэсараў: Расеі і, на жаль, Беларусі. Менавіта для аслабленьня гэтага патэнцыялу (а не для зьвяржэньня рэжыму Лукашэнкі) уводзіліся і працягваюць уводзіцца санкцыі. Менавіта таму размаўляць зь Менскам працягваюць мовай санкцый, а ня „мовай бізнэсу“, за якую выступае Калесьнікава».
Ягоны допіс камэнтуе сябра Каардынацыйнай рады Сьвятлана Мацкевіч:
«Мікола, а вы разумееце, што самі зараз на свабодзе, таму што былі перамовы? І што там яшчэ засталося 1000 +? І што вы робіце гэтым тэкстам? Вы думаеце, што гэта невядома?»
На гэта Мікола Дзядок адказвае:
«Я на свабодзе дзякуючы перамовам.
Але я на свабодзе і дзякуючы санкцыям.
Калі б не было санкцый супраць Белавія, на што б мяне абмянялі?
Калі б не было санкцый супраць Беларуськалія, на што б абмянялі апошніх 140?»
Допіс Міколы Дзядка пракамэнтаваў і іншы сябра Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў:
«Зноў спрэчка з пазыцыяй якой няма — «„вызваліць палітвязьняў любым коштам“ ». Наяўная пазыцыя такая — «...дыялёг з дыктатарам яшчэ не бяда... калі... татальна ізаляваць яго няма магчымасьці... і.... важна вызваляць сваіх людзей....»
Літаратуразнаўца, паліттэхноляг, былы палітвязень Аляксандар Фядута піша на сваёй старонцы ў Фэйсбуку:
«Цяпер Эўропе прапануюць уступіць у перамовы з чалавекам, які стоадсоткава кантралюе рынак рэпрэсій у Беларусі. Разумна — з пункту гледжаньня таго, хто прапануе, калі ён зваліўся зь месяца і ня памятае ўсіх папярэдніх спробаў падобнага гандлю.
Калі чалавек кантралюе рынак цалкам, ён заклапочаны толькі тым, каб у яго заўсёды ў наяўнасьці быў тавар, які карыстаецца попытам».
Прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай у пытаньнях канстытуцыйнай рэформы Анатоль Лябедзька піша ў Фэйсбуку:
«Каб зразумець, чаму „Эўропа не распачала перамовы з Лукашэнкам раней за ЗША“, патрэбна, па-першае, ведаць гісторыю адносінаў Брусэля і Менска. Па другое, разумець стаўленьне эўрапейцаў да расейскай агрэсіі ва Украіне. І трэцяе, ведаць прыроду і сутнасьць беларускага рэжыму.
Калі гэтага няма, то лега не складваецца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калесьнікава заявіла, што не зьбіраецца пакідаць палітыку, і скрытыкавала Эўропу за адсутнасьць перамоваў з Лукашэнкам