На польскай мове выйшла кніга «Вольныя купалаўцы. Нацыянальны тэатар у выгнаньні»

Купалаўцы на сцэне ў Варшаве, архіўнае фота

Акторы Купалаўскага тэатру ў 2020 годзе праз рэпрэсіі былі вымушаныя пакінуць радзіму.

«Wolni Kupałowcy. Teatr narodowy na wygnaniu» так называецца кніга пра «Вольных купалаўцаў» у выгнаньні тэатразнаўцы Ірыны Лапо.

«Вольныя купалаўцы» — тэатральная суполка, што ўтварылася ў выгнаньні і ставіць спэктаклі за мяжой. Дасьледаваньне выйшла на польскай мове і арыентаванае перадусім на польскага чытача.

Кніга расказвае пра выезд зь Беларусі і нараджэньне новай супольнасьці; пра тэатр у выгнаньні, які губляе свой статус «Нацыянальнага» ў адміністрацыйным сэнсе, але, магчыма, яшчэ мацней аднаўляе яго ў этычным і сымбалічным сэнсе. Пра свабоду, якая не прывілей, а рызыка. Пра адказнасьць, стомленасьць, вернасьць і ўнутраную дысцыпліну.

Вокладка кнігі пра «Вольных купалаўцаў»

Ірына Лапо ўпэўненая, што тэма беларускага тэатру актуальная для больш шырокага эўрапейскага кантэксту. Яна спрабуе ўпісаць досьвед купалаўцаў у размову пра сучасны палітычны тэатар, культуру пасьля катастрофы і мастацтва, якое павінна навучыцца дыхаць за межамі дзяржавы, адзначае выданьне Reform.news.

«Па-першае, гэта кніга ўводзіць польскага чытача ў жывую гісторыю тэатру як формы грамадзянскага дзеяньня. Для Польшчы, дзе тэатар ХХ стагодзьдзя — ад міжваеннага авангарду да „тэатру маральнай трывогі“ і сцэнічных практык пэрыяду „Салідарнасьці“ — быў прасторай палітычнай алегорыі і супраціву, досьвед „Вольных купалаўцаў“ гучыць як пазнавальнае, але не ідэнтычнае рэха.

Па-другое, дакумэнтаваньне пяці сэзонаў „Вольных купалаўцаў“ уводзіць у польскі культурны абарот беларускі тэатар як суб’ект сучаснай эўрапейскай сцэнічнай думкі. Гэта прынцыпова важна для польскай гуманітарыстыкі, якая пасьля 1989 году часта несьвядома ўзнаўляла герархіі цэнтру і пэрыфэрыі.

Па-трэцяе, гэта кніга працуе як дакумэнт супольнай памяці рэгіёну, у якім польская і беларуская гісторыі неаднаразова перапляталіся, але рэдка апісваліся з роўных пазыцый. „Вольныя купалаўцы“ — гэта тэатар, які існуе ў прасторы гістарычнай траўмы, але не кансэрвуе яе, а ператварае ў мову дзеяньня.

Нарэшце, дакумэнтаваньне пяці сэзонаў „Вольных купалаўцаў“ мае значэньне этычнае. Гэта сьведчаньне пра тое, што тэатар можа існаваць без будынку, дзяржаўнага дазволу, гарантаванага заўтра — і пры гэтым ня страціць ні мастацкай складанасьці, ні адказнасьці перад гледачом», — адзначыла аўтарка кнігі.

Пры гэтым у кнізе не названы шэраг імёнаў людзей, якія застаюцца ў Беларусі, каб засьцерагчы іх ад небясьпекі.

Ужо можна набыць кнігу ў ПДФ-форме, а неўзабаве адкрыецца таксама інтэрнэт-продаж папяровай вэрсіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Купалаўскі без купалаўцаў. Чым цяпер зарабляе галоўны тэатар краіны і як жывуць яго былыя зоркі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паставім п’есу на падставе даносаў». Як жыве адзін з найлепшых беларускіх тэатраў на выгнаньні