18 студзеня вечарам і 19 студзеня раніцай у сацсетках жыхароў сталіцы Літвы распаўсюджваецца інфармацыя аб пагрозах тэрактамі ў віленскіх школах.
Невядомыя пагражаюць выбухамі і прымяненьнем зброі, разам з пагрозамі разьмяшчаюць фота выбухоўкі, пералік школ у Вільні і іншых літоўскіх гарадах, паведамляе Літоўскае грамадзкае тэлебачаньне і радыё.
«Пагрозы школам паступаюць з ананімнага акаўнта ў Расеі. Канал зьяўляецца фэйкавым, ён заблякаваны. Гэтыя шляхі, хутчэй за ўсё, вядуць у Расею. Гэтыя пагрозы, хутчэй за ўсё, адпраўляліся і адпраўляюцца з Расеі», — заявіў прадстаўнік паліцыі Літвы 19 студзеня на радыё LRT.
Паводле яго слоў, раней з аналягічнай сытуацыяй сутыкнуўся Казахстан, дзе было выяўлена, што пагрозы адпраўляліся з Расеі.
«У прынцыпе гэта падобна на тое, што ўсе гэтыя пагрозьлівыя лісты адпраўляюцца менавіта з гэтай краіны», — пацьвердзіў прадстаўнік Дэпартамэнта паліцыі.
У нядзелю вечарам паліцыя паведаміла, што ў сацыяльнай сетцы Telegram апублікаваны пагрозы школам у Літве. Дэпартамэнт паліцыі паведаміў, што ў нядзелю яны атрымалі каля 20 паведамленьняў наконт гэтага.
Паводле яго слоў, пасьля ацэнкі інфармацыі і зьместу паведамленьняў было ўстаноўлена, што гэта, верагодна, зьяўляецца інфармацыйнай атакай з мэтай выклікаць паніку і страх. Такія тэксты і фатаграфіі былі раней выкарыстаныя і ў іншых краінах. Паліцыя заклікала не панікаваць, дзейнічаць адказна, быць пільнымі, а школам працягваць сваю дзейнасьць. Паліцыя правярае сытуацыю ў школах.
«Мы папрасілі адказных асоб за бясьпеку школ агледзець тэрыторыі навучальных устаноў і ў выпадку выяўленьня падазроных прадметаў як мага хутчэй патэлефанаваць у паліцыю. Калі настаўнікі ці вучні заўважаць падазроных асоб, таксама варта неадкладна паведаміць у паліцыю», — дадаў прадстаўнік Дэпартамэнта паліцыі.
Агенцтва BNS раней паведамляла, што ў кастрычніку 2023 года літоўскія ўстановы атрымалі тысячы электронных лістоў аб нібыта закладзеных выбуховых прыладах у школах, дзіцячых садах і самакіраваньнях; аналягічныя паведамленьні паступілі і ў навучальныя ўстановы Латвіі і Эстоніі.
Дзяржаўны дэпартамэнт бясьпекі Літвы тады заявіў, што гэта, верагодна, была мэтанакіраваная і скаардынаваная атака, ажыцьцёўленая па ініцыятыве варожых дзяржаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская з сваёй камандай пераяжджае зь Літвы ў Польшчу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва заявіла, што за спробай падпалу ў 2024 годзе стаяла Расея. Арыштаваныя 6 чалавек, у тым ліку беларус