Як здымаюць кіно для тых, хто «сядзіць у тэлефоне»

Актор Мэт Дэйман

Сюжэт паўтараюць па некалькі разоў, самыя эфэктныя сцэны паказваюць адразу, а якасьцю карцінкі амаль не займаюцца.

Знакамітыя амэрыканскія акторы Мэт Дэйман і Бэн Афлек падчас маркетынгавай кампаніі свайго новага трылера «Смачны кавалак» наведалі падкаст Джо Рогана, дзе адной з тэм размовы стала тое, як Netflix здымае кіно.

Паводле Дэймана, у Netflix разумеюць, што прагляд кіно на стрымінгавай плятформе моцна адрозьніваецца ад паходу ў кінатэатар — часьцей за ўсё гледачы глядзяць фільмы або фонам, або проста ня вельмі ўважліва, бо паралельна займаюцца хатнімі справамі або «сядзяць у тэлефоне».

З гэтай прычыны ў фільмах, даступных для хатняга прагляду, трэба прамым тэкстам паўтараць сюжэт у дыялёгах па 3-4 разы — каб няўважлівыя гледачы, адарваўшыся ад тэлефону, не губляліся ў канве аповеду. Да таго ж памяняўся падыход да экшэн-сцэн:

«Стандартны падыход да баевіка — гэта звычайна тры маштабныя сцэны. Адна ў першым акце, адна ў другім, адна ў трэцім. Асноўную частку грошай выдаткоўваюць на фінальную сцэну ў трэцім акце. А цяпер [студыі] кажуць: «Можна зрабіць што-небудзь грандыёзнае ў першыя пяць хвілін? Мы хочам, каб людзі ўбачылі [да таго, як заняліся сваімі справамі]. І нічога страшнага, калі мы паўторым сюжэт тры-чатыры разы ў дыялёгу, таму што людзі глядзяць фільм, седзячы ў тэлефонах», — расказвае Дэйман.

Акрамя гэтага, цяпер у рэжысэраў менш стымулу займацца прыгожай карцінкай — бо фільмы ў асноўным глядзяць на экранах смартфонаў і наўтбукаў.