Літва заявіла, што за спробай падпалу ў 2024 годзе стаяла Расея. Арыштаваныя 6 чалавек, у тым ліку беларус

Літоўская паліцыя. Архіўнае фота

16 студзеня літоўскія ўлады абвінавацілі расейскую вайсковую выведку ГРУ ў арганізацыі спробаў падпалу заводу, які пастаўляе мабільныя сканэры радыёхваляў украінскай арміі.

Шэсьць чалавек — грамадзяне Гішпаніі, Калюмбіі, Кубы, Расеі і Беларусі — былі арыштаваныя і абвінавачаныя ў сувязі з нападамі 2024 году, кожнаму з іх пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі ў выпадку даказаньня віны, паведаміў журналістам старшы пракурор Артурас Урбяліс, піша Reuters. Генэральная пракуратура Літвы называе грамадзяніна Беларусі ініцыяламі М. Б.

«Злачынствы каардынаваліся, загады злачынцам аддавала група людзей, якія жывуць у Расеі і зьвязаныя з расейскім ГРУ», — заявіў намесьнік начальніка крымінальнай паліцыі Літвы Саўлюс Брыгінас.

Расея неадкладна не адрэагавала на гэтыя абвінавачаньні, хоць яна пасьлядоўна адмаўляе, што пасьля поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе ўзмацніла дывэрсіі й іншыя атакі ў рэгіёне.

Каардынавалі падпал грамадзяне Калюмбіі і Кубы, якія жывуць у Расеі і спрабавалі ўчыніць падобныя падпалы ў Польшчы, Румыніі і Чэхіі, сказаў Брыгінас.

Ён заявіў, што цэлямі групы былі нафтавая інфраструктура ў Румыніі, будаўнічыя склады ў Польшчы, а таксама аўтобусы, пошта і кінатэатар у Чэхіі.

Літва выдала міжнародныя ордэры на арышт яшчэ трох чалавек, пачаўся працэс экстрадыцыі чацьвёртага, якога арыштавалі ў Калюмбіі, дадаў ён.

Усе шасьцёра арыштаваных мелі сувязі з Расеяй, дзе яны вучыліся, падарожнічалі ці мелі знаёмых, сказаў Брыгінас на прэс-канфэрэнцыі. Ім заплацілі ад 5000 да 10 000 эўра за іхныя дзеяньні, сказаў Урбяліс: «Злачынцаў матывавалі ў асноўным грашыма».

Летась Літва абвінаваціла Расею ў спробе падпалу гандлёвага цэнтру IKEA.

Польскія пракуроры ў мінулым месяцы завочна абвінавацілі расейца ў кіраваньні групай дывэрсантаў і шпіёнаў у рамках меркаванай кампаніі падрыву польскай падтрымкі Ўкраіны.

Масква раней адхіляла такія абвінавачаньні, заяўляючы, што Захад распальвае антырасейскія настроі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Лёндана да Вільні: як зьвязаныя з Расеяй структуры наймаюць моладзь для дывэрсій супраць краін Эўразьвязу