Пра глыбінныя прычыны ўстойлівасьці іранскай сыстэмы — у размове з іраністам Міхаілам Круціхіным.
- Міхаіл Круціхін — расейскі энэргетычны аналітык і іраніст, шмат гадоў вывучае палітыку і эканоміку Ірану.
- Аўтар і суаўтар шматлікіх публікацыяў і аналітычных камэнтароў пра Іран, Блізкі Ўсход і энэргетычную геапалітыку.
- Жыў і працаваў у Іране ў пэрыяд да і пасьля ісламскай рэвалюцыі 1979 года.
- Адзін зь нямногіх экспэртаў, хто на ўласныя вочы бачыў зьмену рэжыму і можа параўноўваць шахскі Іран і Ісламскую рэспубліку.
Міхаіл Круціхін.
«Сілавікі настолькі добра арганізаваныя, што могуць спыніць выхад на дэманстрацыю бяззбройных людзей зь лёзунгамі»
— Калі паглядзець на сёлетнія пратэсты ў Іране ў гістарычнай пэрспэктыве — гэта працяг рэвалюцыі 1979 года ці ўжо спроба выйсьці за яе рамкі? Што прынцыпова зьмянілася ў грамадзтве?
— Я думаю, гэта ўжо ўсё зусім інакш. Цяпер у Іране, груба кажучы, 97 млн чалавек насельніцтва. Калі адбывалася антышахская рэвалюцыя ў 1979 годзе, там было 35–36 млн. Гэта значыць, большасьць людзей, якія зараз жывуць у краіне, яны гэтага шахскага ладу ніколі ня бачылі. Тыя, хто яшчэ памятае, іх ня так шмат. Я пасьпеў пажыць у Іране і пры манархіі, і пры Ісламскай рэспубліцы, і паглядзець на тую рэвалюцыю. Зараз ідзе рух, які ідэалізуе стары лад. Яны лічаць, што вось тое, што адбываецца 47 гадоў запар, — гэта адступленьне ад велічы Ірана. То бок, гэта краіна з грандыёзнай гісторыяй і культурай, літаратурай, культурай, мастацтвам і гэтак далей. І тут раптам ёю на працягу 47 гадоў кіруюць нейкія людзі, якія і ад гісторыі, і ад культуры вельмі далёка стаяць, носяць чалму і лічаць, што краіна павінна жыць не па законах сваёй старажытнай цывілізацыі, а па законах шарыяту і па галоўных прынцыпах, якія вызначаны ў ісламе.
Першы прынцып — зрабіць так, каб іслам перамог па ўсім сьвеце. Другое — кожны мусульманін павінен прыкласьці дзеля гэтага намаганьні. Высілкі па-арабску — джыхад. І вось на гэтай аснове кіраўніцтва краіны 47 гадоў запар усе сілы і сродкі пускала на тое, каб стварыць такую базу па распаўсюджваньні ісламу. І каго яны палічылі галоўным ворагам ісламу? Ізраіль. І ім трэба зьнішчыць дзяржаву Ізраіль.
— Наколькі легітымная гэтая ісламская рэспубліка сёньня ў вачах іранцаў? Бо, канечне, шмат людзей пратэстуюць, але ня ўсе. Ёсьць частка, якая падтрымлівае рэжым.
— Так, вядома. Лічыцца, што рэжым падтрымлівае каля траціны насельніцтва. Гэта ацэнка незалежных аналітыкаў. І гэта шмат. Таму што ў гэтую траціну ўваходзяць узброеныя сілы, у тым ліку ня проста войска, а яшчэ і Корпус ахоўнікаў ісламскай рэвалюцыі. Гэта наскрозь індактрынаваны радыкальна-мусульманскі ўзброены корпус, у якога ёсьць і ракетныя войскі, і ваенна-марскі флот, і паветраныя сілы, і шмат што яшчэ. Яшчэ і апалчэньне паўваеннае, напаўграмадзянскае, якое дапамагае душыць выступы, паліцыя, жандармерыя — гэта значыць шмат-шмат усякіх сілавых структураў. Яны настолькі добра скаардынаваныя і суарганізаваныя па ўсёй краіне, што выхад на дэманстрацыю бяззбройных людзей зь лёзунгамі яны могуць спыніць. І спыняюць жорстка, з падаўленьнем. Мы бачылі ўжо ў гэтай хвалі пратэсту выпадкі, калі адкрывалі агонь з аўтаматаў. Чуткі хадзілі, што стралялі з буйнакаліберных кулямётаў, якія ўсталяваныя на кузаве невялікіх грузавічкоў-пікапаў. З расейскіх кулямётаў ДШК — гэта «душка» ў прастамоўі. І таму ў рэжыму вельмі шмат сілаў для таго, каб задушыць выступ бяззбройных людзей. Няхай яны нават у вялікім натоўпе выступаюць.
Шах з жонкай, 1979 год
«Шах ператварыў Іран з жудасна адсталай краіны ў магутную»
— Вы ўспомнілі пра тое, што насельніцтва Ірану рэзка вырасла пасьля рэвалюцыі. Там на сёньняшні дзень 60% насельніцтва — гэта людзі маладзейшыя, чым 35 гадоў. І гэтае пакаленьне, якое вырасла ўжо пасьля рэвалюцыі, жыве па яе правілах. Якую ролю маладыя іранцы граюць у гэтым крызісе?
— Усе гэтыя паўстаньні — гэта паўстаньні моладзі. Гэта заўсёды так. Рэвалюцыю робіць моладзь, а потым людзі старэйшага пакаленьня пажынаюць плады. Так было і падчас зьвяржэньня шаха, калі шаха зьвяргалі яго маладыя. Гэта ўдзельнікі розных лявацкіх груповак, і ня толькі лявацкіх, а вось, напрыклад, «Муджахеды народа». Гэта была такая ідэалягічная сумесь ісламу з марксізмам. Гэта была самая магутная сіла ў паўстаньнях супраць шахскіх гвардзейцаў, супраць паліцыі. Але потым адбылося наступнае. Хамэйні ў прынцыпе гэтай рэвалюцыі ня вельмі хацеў. Ён ужо дамовіўся і з амэрыканцамі, і з генэралітэтам, і шах уцёк. І генэралітэт аддаў загад усім узброеным сілам вярнуцца ў казармы і ня ўмешвацца ў выступы. А вось моладзь, там жа адных камуністычных партыяў было 200 штук, вось яны пайшлі на штурм гвардзейскіх казармаў, то бок яны сілай захапілі ўладу. Пасьля гэтага празь некалькі ўжо дзён Хамэйні проста аб’явіў, што гэта яго перамога, і пачаў будаваць ісламскую дзяржаву сам. А да 1983 году, менш чым праз 4 гады пасьля таго, як адбылося зьвяржэньне шаха, ён фізычна зьнішчыў усю апазыцыю, асабліва левых, таму што гэта для яго быў кашмар. А раптам уладу захопяць левыя, камуністы ў яго ўяўленьні. І вось ён усю апазыцыю проста кінуў у турмы, выгнаў, павесіў, расстраляў і гэтак далей.
— Вы сказалі, што сёньняшнія пратэстоўцы лічаць, што рэвалюцыя 1979 года — гэта адхіленьне ў бок іранскай гісторыі. Але рэжым шаха таксама ня быў ідэальным. Ці не ідэалізуюць яго сёньня? Там жа была і карупцыя, і барацьба з апазыцыяй. Наколькі розныя былі гэтыя рэжымы, рэжым шаха вось і сёньняшні рэжым ісламскі?
— Я пры шаху пажыў у Іране. Бацька шаха, першы з дынастыі Пэхлеві, а затым і сам Мухамэд Рэза Пэхлеві, зрынуты шах, яны зрабілі цудоўную працу, калі перавялі Іран з жудасна адсталай, можна сказаць, нават паўкаланіяльнай, фэадальнай краіны, ад страшна адсталай, да магутнай краіны, зь вялікай арміяй, з добра разьвітай прамысловасьцю. Як правільна сказаў калісьці Картэр, пры шаху там быў астравок стабільнасьці. Ён жа сябраваў і з Савецкім Саюзам, і са Злучанымі Штатамі, з усімі абсалютна наладзіў выдатныя адносіны.
Савецкі Саюз яму пабудаваў 300 прамысловых прадпрыемстваў, пачынаючы з ісфаганскага мэталюргічнага камбіната. Дружба была. Амэрыканцы, ангельцы пастаўлялі зброю, але і Савецкі Саюз пастаўляў зброю. Гэта была стабільная дзяржава, якая квітнела. І шах, калі ён яшчэ ў шасьцідзесятыя гады праводзіў так званую «белую рэвалюцыю», ён скончыў літаральна за некалькі гадоў з усімі рэшткамі фэадалізму. Маленькі прыклад. Былі фэадалы, уладальнікі зямлі, у якіх на зямлі працавалі сяляне, здольнікі, парабкі — з матыкамі ў асноўным. Шах аб’явіў, што ён гэтыя ўсе землі ў іх забірае і ў выглядзе платы яны атрымаюць акцыі прамысловых прадпрыемстваў. Ён літаральна за некалькі гадоў ператварыў фэадалаў, абшарнікаў у капіталістаў. А ў сялян ён арганізаваў перадавую сельскую гаспадарку з мэханізмамі, з усім, што трэба для сельскай гаспадаркі.
Гэтая «белая рэвалюцыя» шаха і народа за некалькі гадоў ператварыла Іран у выдатную краіну. Але ён зьдзейсьніў гіганцкую памылку, калі рабіў такі паварот. Ён думаў, што гэта брама ў вялікую цывілізацыю, ён нават адну са сваіх кніжак так назваў. Але для сучаснага машыннага, добра разьвітога капіталізму ня трэба столькі людзей. Калі ў вёсцы працавалі тысячы чалавек, то прыйшлі тры чалавекі з трактарам і пачалі рабіць абсалютна тую ж працу.
Ён дамогся таго, што вялікая колькасьць моладзі атрымлівала вышэйшую адукацыю. А куды яго потым падзець, гэты вось пласт? Бо месцаў у бюракратычным апараце проста на ўсіх не хапала. І людзі адчайваліся. Яны ня ведалі, куды сябе прымяніць. Нават адукаваныя. А сяляне былыя, яны назапасіліся ў нейкіх трушчобах вакол вялікіх гарадоў. Яны таксама ня ведалі, куды сябе падзець. І вось на гэтай глебе ўзьнікла жудасная незадаволенасьць. Так, гэта была глеба для рэвалюцыйных, падпольных арганізацыяў, якія перасьледаваліся пры шаху. А тут яшчэ і рэлігійныя дзеячы накшталт Хамэйні ўмяшаліся, якія таксама каламуцілі ваду.
Ісламская рэвалюцыя, 1979 год
«Радыкальных мусульманаў у Іране ня так ужо і шмат»
— Сёньня Іран называюць тэакратыяй. Наколькі, на ваш погляд, там насамрэч важная рэлігія для насельніцтва, а не сілавая дзяржава?
— Тут давайце падзяляць дзяржаву і ідэалёгію, і рэжым. Рэжым — гэта сапраўды чыстая тэакратыя. Калі мы паглядзім у канстытуцыі, убачым: там на чале павінен быць правадыр, рахбар, якога выбірае калегія шыіцкіх багасловаў з самага паважанага чалавека. Галоўная якасьць — што ён добра ведае Каран і ўсё, што трэба ў ісламе, каб выносіць меркаваньні зь любой нагоды. І ён павінен быць паважаным у народзе. Іх было ўсяго два. Спачатку Хамэйні, які карыстаўся вялікай павагай, яго лічылі бацькам рэвалюцыі, бацькам гэтай дзяржавы. А потым Хамэнэі. А далей — вакуўм. Няма такога чалавека ў Іране, які б быў кумірам народа. Сэнс дзяржаўнага апарату — тэхнічны. Там прэзыдэнт, які фактычна прэм’ер-міністар, і там тэхнічныя міністэрствы, якія выконваюць сваю міністэрскую працу.
А наверсе за імі сочаць багасловы, аддаюць ім загады, на чале з гэтым самым правадыром. А правадыр праводзіць палітыку, яшчэ пачынаючы з Хамэйні. А сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё краіны, павышэньне дабрабыту людзей — гэта другое. Усім гэтым трэба ахвяраваць. Навошта? Для ісламскай рэвалюцыі. Гаворка ідзе пра распаўсюджваньне ўплыву Ірана на фактычна тэрарыстычныя арганізацыі: «Хэзбалу» ў Лібане, вялікае сяброўства з прэзыдэнтам Сірыі Асадам, «Хамас», хусітаў. То бок гэта ісламскія радыкалы-тэрарысты па ўсім рэгіёне. І дзеля гэтага трэба было ствараць, акрамя арміі, Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі. А людзі адчувалі, што дзяржава багатая, можа карыстацца грашыма ад нафты, газу, ад прыродных рэсурсаў, у іх добрая база для разьвіцьця прамысловасьці. Але ўсё гэта, усе сродкі, ідуць на зьнешнепалітычную, ідэалягічную, ісламскую мэту. І публіка стала зьвязваць гэта з тым, чаму яны кепска жывуць. І знайшла адказ: таму што ў нас ісламскае кіраўніцтва. Ня проста тыранічнае, а ўсё праз іслам. І людзі, якія трошкі пісьменьнейшыя, першымі сталі ідэалізаваць стары шахскі час. «Давайце вернемся да шаха, да дынастыі Пэхлеві». А іншыя наогул кажуць: «Вы ведаеце, вось быў вялікі Іран, зь якім усе лічыліся, імпэрыя Ахемэнідаў, Сасанідаў, рымскія імпэратары на калені станавіліся перад царамі пэрсыдзкімі. А потым прыйшлі паўпісьменныя бедуіны-арабы і навязалі свой іслам нашай культуры. Вось давайце мы да іх вернемся яшчэ далей». Экспэрты пачынаюць праводзіць ужо дасьледаваньні, дзе высьвятляецца, што вось радыкальных мусульманаў у Іране ня так ужо і шмат.
Аятала Хамэйні, 1979 год
«Сын шаха пакуль не кіраўнік паўстаньня, ён — сьцяг»
— Вы ўспомнілі пра тое, што яны марнуюць вялікія грошы на вонкавыя палітычныя мэты — тамака на «Хамас», на «Хэзбалу», на хусітаў. Але ці адзіная гэта прычына таго, што зараз рыял вельмі моцна абясцэніўся, інфляцыя вялікая, і ў прынцыпе пратэсты ж пачаліся на эканамічным фоне?
— Гэта ўсё зьвязана. Па-першае, сапраўды, усе грошы ідуць туды і на падтрыманьне вялікага рэпрэсіўнага апарату ўнутры краіны. А далей вось з-за гэтай зьнешняй палітыкі Ірана пачаліся непрыемнасьці са зьнешнім сьветам. Гэта байкоты, эмбарга, санкцыі і гэтак далей. А калі байкоты, эмбарга і санкцыі, калі немагчыма працаваць, то нацыянальная валюта стала вельмі хутка абясцэньвацца. Чорны курс гэтай валюты дасягнуў больш як паўтара мільёна рыялаў за адзін даляр. Ну гэта жахлівы курс. Першы выступ 28 сьнежня пачаўся на базары. Кірмаш — гэта цэлы ўклад эканамічны, гэта ня проста месца, дзе гандлююць. Гэта і дробны, і сярэдні бізнэс — гэта наймагутная эканамічная праслойка ў Іране. Яна заўжды падтрымлівала рэлігійнае кіраўніцтва. Але калі рэлігійнае кіраўніцтва разьлічвала, што і зараз так будзе, яны пралічыліся.
Таму што зараз кірмаш — гэта ўжо ня тыя людзі ў халатах, якія дыванамі гандлююць, сядзяць і моляцца бесьперапынна. Гэта людзі з унівэрсытэцкай адукацыяй, якія ведаюць, што такое фондавы рынак, што такое эканоміка, і ўвогуле яны ўмеюць лічыць грошы лепш, чым іх папярэднікі. І вось яны і выйшлі на вуліцы. Яны вельмі добра ўсё пралічылі, што эканамічны крызіс дайшоў да таго, што вось ім ужо ўсё, ім ужо жыць будзе немагчыма. Ды і людзі навокал зразумелі, што яны ня могуць купіць тое, што раней маглі купіць. Спачатку былі эканамічныя лёзунгі, а потым да гэтых людзей далучыліся тыя, хто памятаў ці ідэалізаваў шахскі час, і галоўным лёзунгам на гэтых эканамічных пратэстах раптам стаў: «Няхай жыве шах». За мяжой жыве сын шаха — Рэза Пэхлеві. Насьледны прынц, яму 65 гадоў.
— Якую ролю ён адыгрывае ў гэтых пратэстах?
— Ну раней ён не гуляў ніякай ролі наогул. Потым пратэстоўцы зрабілі яго сымбалем, сьцягам. Ён насамрэч нічога не арганізоўваў. Ён адчуў, што недзе можа адыграць ролю, калі зьменіцца сытуацыя. І ён пачаў паводзіць сябе гэтак жа, як паводзіў калісьці сябе Хамэйні. Той з-за мяжы рассылаў заклікі, указаньні пратэстоўцам. І гэты з-за мяжы стаў слаць інструкцыі канкрэтныя, што рабіць пратэстоўцам. І тыя гэтую справу вельмі добра ўспрынялі. Ён стаў ім казаць: «Хлопцы, у гэты дзень вы павінны ў столькі гадзін пачаць выкрыкваць лёзунгі. А ў 20.00 выходзьце — калі ня зможаце на вуліцах, выходзьце на балконы, на дахі, адтуль крычыце лёзунгі». Не сказаў, якія лёзунгі. А тыя самі сьцямілі. І далей ён павёў сябе так, што раптам стала прыкметна, што рух можа набыць манархічны характар. Але пакуль ён не кіраўнік, ён — сьцяг. Ён яшчэ ня змог дабіцца той ролі, якую адыгрываў калісьці Хамэйні ў тым паўстаньні.
Кронпрынц Рэза Пахлаві
«Няма арганізатараў, няма арганізацый палітычных, партыяў — нічога гэтага няма»
— Чаму, нягледзячы на шматгадовыя пратэсты і на тое, што маладыя людзі заўсёды выступаюць, а іх там 60%, у іранцаў не атрымоўваецца гэтую сыстэму неяк перавярнуць ці нават рэфармаваць мінімальна?
— Па-першае, няма арганізатараў, няма арганізацый палітычных, партыяў — нічога гэтага няма. Гэта імгненна вынішчаецца. Ды і за мяжой там ёсьць некаторыя такія аб’яднаньні апазыцыі, але яны маюць вельмі дрэнную рэпутацыю ў Іране. Я кажу пра «Муджахедаў народа». Гэта кантора, якая спрабавала аб’ядноўваць у сябе іслам з марксізмам. Яны былі самымі актыўнымі ўдзельнікамі штурмаў, калі бралі шахскія казармы і гэтак далей. Але з-за таго, што яны зьвяргалі дынастыю Пэхлеві, да іх ужо павагі ніякай. А потым яны сябе заплямілі тэрарыстычнымі акцыямі. Але ўсярэдзіне Ірана яны павагай не карыстаюцца. І ў Іране няма зараз ніякіх арганізацыяў, якія маглі б згуртаваць і павесьці за сабой, намеціць плян дзеяньняў, а можа быць нават і ўзброіць гэтую моладзь. Іх проста няма. Нікога — ні каардынатараў, ні арганізатараў.
— Як вы бачыце, які сцэнар зараз найбольш верагодны для Ірана ў кантэксьце гэтых пратэстаў?
— Уся апазыцыя хоча, каб усё ж нейкім чынам зрынуць рэжым — калі ня цалкам канстытуцыйны лад Ісламскай рэспублікі, то хаця б гэтага правадыра, які ўпіраўся і ні на якія кампрамісы не ідзе. Вакол яго там ёсьць больш-менш рэфарматарскія сілы, якія могуць ісьці на кампрамісы, прымаць усялякія ўмовы Захаду і гэтак далей. На гэта пакуль разьлік. Цалкам лад абрынуць вельмі цяжка. Ну ўявіце сабе: апазыцыянэры мараць, што каб узьнік пераходны ўрад. А хто будзе яго, гэты ўрад, фармаваць? Ніхто ня ведае, адкуль ён возьмецца. Затым павінна зьявіцца магчымасьць правядзеньня рэфэрэндуму аб дзяржаўным ладзе. Але мы абсалютна ня бачым, хто можа гэта арганізаваць. Пакуль усё ўперлася ў аяталу Алі Хамэнэі і вярхушку. Вось калі гэтую вярхушку нейкім чынам прыбраць ці адставіць у бок, то можа быць рэформа — праз пераходны ўрад і рэфэрэндум. А пакуль я толькі думаю, што летам ізноў пачнуцца пратэсты, бо будзе водны крызіс, які ўжо там быў. Да лета людзі зноў пойдуць на вуліцы. І зноў невядома, чым гэта скончыцца.