Паліна Шарэнда-Панасюк перадала ў Музэй Вольнай Беларусі новыя экспанаты. Гэта выбарчыя бюлетэні з 2020 году

Выбарчыя бюлетэні з прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, якія спрабавалі спаліць на Берасьцейшчыне. Зборы Музэю Вольнай Беларусі, Варшава, Польшча

У студзені 2026 году зборы Музэю Вольнай Беларусі папоўнілася ўнікальнымі артэфактамі, адзначылі ва ўстанове, якая ўжо некалькі гадоў працуе ў Варшаве.

Былая палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк перадала ў музэй арыгінальныя бюлетэні з прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Улады спрабавалі спаліць дакумэнты ў адной зь берасьцейскіх качагарак 10-11 жніўня, адразу пасьля выбараў, парушаючы ўсе магчымыя законы і правілы, адзначаюць у музэі. Аднак берасьцейскія актывісты выцягнулі некалькі бюлетэняў з агню і перадалі іх берасьцейскім праваабаронцам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцам у Берасьці прынесьлі абгарэлыя бюлетэні для галасаваньня. ФОТА

Бюлетэні, якія спрабавалі спаліць

У час яе турэмнага зьняволеньня паперы заставаліся схаванымі на тэрыторыі Беларусі. Толькі пасьля яе выезду за мяжу стала магчымым забясьпечыць іх вываз у Польшчу. 20 бюлетэняў сталі новымі экспанатамі Музэю Вольнай Беларусі. На іх выразна бачныя як подпісы членаў выбарчых камісій – што сьведчаць пра аўтэнтычнасьць дакумэнтаў – так і сьляды агню.

На аркушах добра бачныя подпісы сяброў камісіі, якая, сярод іншых, сфальсыфікавала выбары на карысьць Аляксандра Лукашэнкі

Гэтыя бюлетэні - непасрэдныя сьведчаньні фальсыфікацый выбараў і маштабнага падману ў той выбарчай кампаніі. Амаль зьнішчаныя, але выратаваныя бюлетэні – гэта ня толькі важны гістарычны аб’ект калектыўнай памяці, але й патэнцыйны юрыдычны доказ злачынстваў рэжыму Лукашэнкі для незалежных прававых працэсаў у будучыні, адзначаюць у музэі.

Што такое «Музэй Вольнай Беларусі»

«Музэй Вольнай Беларусі» заснаваны ў Варшаве ў ліпені 2022 году. Ствараўся для збору, захаваньня, вывучэньня, папулярызацыі гісторыка-культурных фэномэнаў і артэфактаў, якія адлюстроўваюць барацьбу беларускага народу за дэмакратычныя каштоўнасьці. Усе экспанаты былі зьвязаныя з пратэстамі 2020 года.

Музэй узьнік па ініцыятыве Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня. На думку кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, ён стаў «інстытуцыяй з выразнай місіяй і роляй у грамадзтве, якая захоўвае і паказвае тое, што часта застаецца нябачным, але вельмі важным для беларусаў: асабістыя рэчы, дакумэнты, мастацкія жэсты, матэрыялы з вуліц, маніфэстацый, маршаў, з турмаў, з жыцьця».

Фонд Музэю Вольнай Беларусі працягвае актыўна папаўняцца. На сёньня ягоныя зборы налічваюць больш за 400 экспанатаў, сярод якіх артэфакты змаганьня беларусаў у 2020 годзе, рэчы з фронту байцоў Палка Каліноўскага, а таксама асабістыя прадметы і адзеньне вызваленых палітычных вязьняў.

Ёсьць сьцяг з імёнамі беларускіх палітычных вязьняў. Аўтарка канцэпцыі і выканаўца — журналістка Марыя Грыц. Шырыня палатна паўтара мэтра, даўжыня — каля 6 мэтраў. На сьцяг нанесеныя імёны больш за 2500 чалавек, якіх прызнавалі палітвязьнямі. Імёны дадаюцца.

У экспазыцыі выстаўленыя турэмныя робы палітычных зьняволеных з жоўтымі біркамі, ружовыя сукенкі ў кветачкі, у якія апранаюць жанчын ў гомельскай калёніі № 4, асабістыя рэчы вязьняў, лісты, паштоўкі, малюнкі.

Ёсьць паштоўка, падпісаная кандыдатам у прэзыдэнты Віктарам Бабарыкам, асуджаным на 14 гадоў турмы. А таксама ліст ад мастака Алеся Пушкіна, закатаванага ў горадзенскай турме № 1 у ліпені 2023 году. На ім мастак намаляваў алоўкамі аўтапартрэт.

Шмат сваіх рэчаў і малюнкаў з магілёўскай папраўчай калёніі № 15 перадаў у музэй былы палітвязень, журналіст Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пры адступленьні з Херсону расейцы выкралі карціны Бялыніцкага-Бірулі, Бакста, Паплаўскага, Заборава. ФОТА

Перасьлед Паліны Шарэнды-Панасюк

  • Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня 2021 году, з таго часу яна знаходзілася за кратамі.
  • У чэрвені 2021 году суд Маскоўскага раёну Берасьця прысудзіў Шарэндзе-Панасюк 2 гады пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле арт. 364 («Гвалт у дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»), 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і 368 («Абраза прэзыдэнта») КК. Падчас сьледзтва і ў судзе Паліна Шарэнда-Панасюк адмовілася даваць паказаньні, а таксама падкрэсьліла, што не прызнае суду: «Палітычныя рэпрэсіі нічога агульнага з судом ня маюць».
  • У красавіку 2022 году палітзьняволенай прысудзілі яшчэ адзін год зьняволеньня паводле ч. 1 арт. 411 КК, у кастрычніку 2023-га — яшчэ адзін год паводле таго ж артыкула.
  • За час зьняволеньня ў Паліны пагоршыўся стан здароўя, зьявіўся хранічны панкрэатыт. На волі жанчыну чакалі муж Андрэй Шарэнда і двое сыноў — Славамір і Стах.
  • 1 лютага стала вядома, што Паліна Шарэнда-Панасюк выйшла на волю.
  • Раніцай 6 лютага стала вядома, што Паліну Шарэнду-Панасюк вывезьлі зь Беларусі пры дапамозе кампаніі эвакуацыі BySol і партнэраў. Увечары муж з сынам і неабыякавыя беларусы кветкамі й воплескамі сустрэлі яе на вакзале ў Вільні.
  • Абвешчаны на плятформе BySol збор грошай для Паліны пасьпяхова адбыўся ўжо ў першы дзень, набраўшы неабходную суму 5 тысяч эўра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не адпавядае новай канцэпцыі». У Вільні з музэю прыбралі экспазыцыю, прысьвечаную Якубу Коласу