Прэм’ер-міністарка Даніі: «ЗША ня маюць права анэксаваць Грэнляндыю»

Мэтэ Фрэдэрыксэн на фоне сьцягоў Грэнляндыі і Даніі

Кіраўніца дацкага ўраду заклікала прэзыдэнта ЗША спыніць пагрозы каралеўству, якія гучаць ад самага пачатку другога тэрміну Трампа на пасадзе.

Прэм’ер-міністарка Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн заклікала прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа спыніць пагрозы забраць Грэнляндыю. Пасьля ўдалай апэрацыі ў Вэнэсуэле, калі вайскоўцы Злучаных Штатаў захапілі прэзыдэнта гэтай краіны Нікаляса Мадура, Дональд Трамп зноў успомніў пра Грэнляндыю, якую раней ужо хацеў далучыць да Злучаных Штатаў. Гэтым разам ён згадаў свае пляны ў размове з часопісам The Atlantic, заўважыла Deutsche Welle.

«Размовы пра патрэбу для Злучаных Штатаў анэксаваць Грэнляндыю цалкам бессэнсоўныя. ЗША ня маюць права анэксаваць ніводную з трох краінаў, якія ўваходзяць у Каралеўства Данія», — напісала Фрэдэрыксэн у электронным лісце, цытаваным агенцтвам Reuters.

Акрамя Грэнляндыі і самой Даніі, у склад каралеўства ўваходзяць Фарэрскія астравы. Кіраўніца дацкага ўраду заклікала Вашынгтон спыніць пагрозы.

«Таму я заклікаю ЗША спыніць пагрозы гістарычна блізкаму хаўрусьніку, а таксама іншай краіне і іншаму народу, якія вельмі ясна далі зразумець, што яны не прадаюцца», — гаворыцца ў лісьце прэм’ер-міністаркі Даніі.

Яна дадала, што Грэнляндыя як частка Даніі мае гарантыі бясьпекі NATO.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Financial Times паведаміла пра «рэзкую размову» Трампа з прэм’еркай Даніі аб Грэнляндыі

Паводле словаў Трампа, выказаных часопісу, Грэнляндыя патрэбная Злучаным Штатам «дзеля абароны». Ён дадаў, што Данія пытаньню абароны ня дасьць рады, і прапанаваў вярнуцца да грэнляндзкага пытаньня праз 20 дзён.

На востраве шмат каштоўных мінэралаў. Раней выказваліся здагадкі, што ЗША ў Грэнляндыі цікавяць менавіта яны, а не пашырэньне сваёй тэрыторыі ці падобныя прычыны.

Празь некалькі гадзін пасьля тых словаў Трампа Кэці Мілер, былая яго памочніца і жонка ўплывовага дарадцы Трампа Стывэна Мілера, выклікала абурэньне, апублікаваўшы выяву Грэнляндыі ў колерах сьцяга ЗША з подпісам «Неўзабаве».

Прэм’ер-міністар Грэнляндыі Енс-Фрэдэрык Нільсэн назваў допіс Мілер «непаважлівым».

Прэтэнзіі ЗША на Грэнляндыю зьявіліся задоўга да Трампа. Амэрыканцы кантралявалі востраў у час ІІ Усясьветнай вайны, але затым вярнулі яго пад кантроль Даніі, хоць ня вывелі адтуль сваіх войскаў і падпісалі з датчанамі дамову.

Сёньня Грэнляндыя мае шырокую аўтаномію і ўласны парлямэнт, але застаецца моцна залежнай ад Даніі. Тэрыторыя штогод атрымлівае амаль $600 мільёнаў фінансавай дапамогі з Капэнгагену — гэта больш за палову бюджэту Грэнляндыі і каля $10 000 на кожнага з 57 000 жыхароў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замарожаныя амбіцыі. Даўняя барацьба Амэрыкі за Грэнляндыю