Андрэй Стрыжак зьбірае каманду і запускае новую дабрачынную ініцыятыву

Андрэй Стрыжак

Праваабаронца, былы кіраўнік фонда BySol Андрэй Стрыжак заявіў пра запуск новай дабрачыннай ініцыятывы BELAID. Аб гэтым ён паведаміў у сваім тэлеграм-канале.

Паводле Стрыжака, «BELAID — нашая беларуская дапамога адно аднаму, без абмежаваньняў і доўгай бюракратыі, BELAID — гэта інструмэнт культуры салідарнасьці, які дасьць новыя магчымасьці ўзаемадапамогі».

Былы кіраўнік фонда BySol тлумачыць, што гэта будзе дабрачынная плятформа ўзаемападтрымкі, якой можна будзе карыстацца ўсім, хто лічыць сябе беларусам. Магчымасьць папрасіць пра дапамогу будзе ўва ўсіх, як унутры, так і па-за межамі краіны«.

Стрыжак зьбірае каманду і зьвяртаецца да ахвочых далучыцца: «Калі ты маеш досьвед у працы грамадзкіх структур, фандрайзінга, сайтабудаўніцтва, кіраваньня фінансамі — то я чакаю твайго паведамленьня і ўступленьня ў валанцэры... Ва ўмовах рэзкага скарачэньня фінансаваньня грамадзкіх праектаў, мы мусім разьлічваць адно на аднаго. Твой данат пойдзе на распрацоўку плацёжнай плятформы і сайта, выдаткі на адміністраваньне сыстэмы. Я пачынаю новую справу без фінансаваньня і каманды, але ж з разуменьнем што я буду рабіць, калі і як».

Пасьля скандалу з харасмэнтам былога кіраўніка фонда BySol Андрэя Стрыжака сёлета ўвосень Міжнародны гуманітарны фонд і іншыя партнэры BySol заявілі, што спыняюць зь імі супрацоўніцтва. Аднак, калі Стрыжак сышоў з фонду, сказалі, што адновяць партнэрства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аплацілі рэтрыт, ніхто не сышоў. У BySol расказалі, як жыве фонд пасьля сыходу Андрэя Стрыжака