У музэі Вялікакняскага палацу ў Вільні заявілі, што спынілі супрацу зь беларускімі музэямі, але два зь іх застаюцца яго партнэрамі

Вільня, архіўнае фота

Фатаграфіі музэю-запаведніку «Нясьвіж» і Горадзенскага гісторыка-археалягічнага музэю застаюцца на стэндах музэю, разьмешчанага ў адноўленым Вялікакняскім палацы ў Вільні.

Як патлумачылі ELTA ў музэі, цяпер ён ня мае адносінаў зь беларускімі музэямі.

«З расейскімі ўстановамі супраца была скасаваная ў 2014 годзе, калі рэжым Уладзіміра Пуціна напаў на Ўкраіну — анэксаваў Крым, увайшоў на Данбас. Пасьля палітычных падзеяў 2020 году ў Беларусі былі спыненыя адносіны і з гэтай краінай. З тых часоў з гэтымі краінамі і зь іх установамі мы не падтрымліваем ніякіх адносінаў», — сказалі ELTA прадстаўнікі музэю Вялікакняскага палацу.

Цяпер у памяшканьнях музэю і на яго стэндах пазначаныя замежныя культурныя ўстановы, зь якімі працягваецца супраца. Там італьянскія, польскія музэі. Але ёсьць і стэнды з фатаграфіямі Нацыянальнага гісторыка-культурнага музэю-запаведніку «Нясьвіж» і Горадзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалягічнага музэю як культурных установаў. Яны там разьмешчаныя, бо ўдзельнічалі ў аднаўленьні Вялікакняскага палацу і надалей паказаныя як партнэры віленскага музэю.

Чаму гэта важна

Супраца беларускіх і літоўскіх музэяў мае стратэгічнае значэньне, бо абодва народы аб'ядноўваюць стагодзьдзі супольнай гісторыі, перш за ўсё ў межах Вялікага Княства Літоўскага.

У Беларусі і Літвы вялікая супольная гістарычная спадчына, але некаторыя архівы падзеленыя, а шматлікія гістарычныя дакумэнты, калекцыі і артэфакты ВКЛ апынуліся па розныя бакі сучаснай мяжы.

Аднаўленьне праўдзівай гісторыі рэгіёну немагчымае без абʼяднаньня дасьледчых намаганьняў навукоўцаў абедзьвюх краін.

Постаці накшталт Францішка Скарыны, Тадэвуша Касьцюшкі ці роду Радзівілаў ёсьць часткаю спадчыны як Беларусі, так і Літвы. Літоўскія музэі маюць доступ да сучасных эўрапейскіх тэхналёгіяў рэстаўрацыі і кансэрвацыі, якімі могуць дзяліцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Вільні адкрылася выстава дакумэнтаў, лістоў і здымкаў 1926 году, якія сьведчаць пра надзеі беларусаў сто гадоў таму. ФОТА

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ініцыятыва Maldzis выкупіла мапу Беларусі, створаную Аркадзем Смолічам