«Палітыка зь Юрыем Дракахрустам». Як і хто зьменіць Беларусь у 2026 годзе?

Уладзімер Мацкевіч, Аляксандар Лукашэнка, Юры Дракахруст, каляж

Ці вызваленьне ўсіх палітвязьняў — галоўная мэта цяпер? Як дамагчыся перамоваў з Лукашэнкам? Ці паўторыцца 2020 год, але зь іншым, пераможным вынікам?

На гэтыя пытаньні ў праграме «Палітыка зь Юрыем Дракахрустам» адказвае філёзаф, мэтадоляг, былы палітвязень Уладзімер Мацкевіч.

0:00 Як вярнуцца ў Беларусь?
4:50 За каго Мацкевіч у дэмакратычных сілах?
11:03 Як адрадзіцца грамадзянская супольнасьць у Беларусі?
17:44 Ці гатовыя беларусы да «чорнага лебедзя»?
19:42 Пра сымбалічны капітал Ціханоўскай
29:30 Чаму гандаль людзьмі – гэта нармальная рэалістычная палітыка

— Валодзя, я адмыслова сфармуляваў тэму ў тваім стылі — ня што зьменіцца, а хто і як зьменіць. Пасьля вызваленьня ты, прааналізаваўшы сытуацыю, сфармуляваў мэту — вяртаньне. А што гэта азначае практычна? Праз камісію Шведа?

— Калі ты так ставіш пытаньне, хто зьменіць Беларусь, то я магу на яго адказаць не пэрсанальна, а суб’ектна. Зьмяніць Беларусь можа толькі грамадзянская супольнасьць. І таму вяртаньне — гэта вяртаньне грамадзянскай супольнасьці ў Беларусь.

Не пэрсанальна праз гэтую камісію Шведа, ды напэўна ўжо не яго ў сувязі з новым прызначэннем, а кагосьці іншага. Не, гэта нікога ня можа задаволіць, таму ў кароткай пэрспэктыве ніхто ў Беларусь ня вернецца, бо існуе пагроза рэпрэсій, ціску і так далей, і ўвогуле няма ніякай магчымасьці для актыўнасьці грамадзянскай супольнасьці. Вярнуцца ў Беларусь мы можам толькі ў сярэдняй пэрспэктыве, нам трэба дамагчыся спыненьня рэпрэсіяў, спыненьня перасьледу і ціску на свабоду сходаў, свабоду слова — каб у Беларусі аднавіліся базавыя свабоды.

Хто можа гэта зрабіць? Сёньня ні ў каго са структураў беларускай эміграцыі няма такой моцы, таму спадзявацца даводзіцца на вонкавых гульцоў, на таго ж Трампа, на Злучаныя Штаты Амэрыкі, на Эўразьвяз. Ну і, зразумела, зьмены ў Беларусі наўпрост залежаць ад перамогі Ўкраіны ў вайне.

— У адным з допісаў у ФБ ты напісаў, што знайшоў паразуменьне з фракцыяй у Каардынацыйнай радзе Андрэя Ягорава, з групай Кавалеўскага-Хоміч-Гарбуновай, прыглядаесься да Краўцова. Паказальна, што ты не прыгадаў ні Ціханоўскую, ні Латушку. Ты ўжо выбраў, з кім ты, да якой плыні ты далучыўся?

— Мне шкада, што такое ўяўленьне склалася з прычыны таго, каго я не прыгадаў. Са Сьвятланай Ціханоўскай і з Франакам Вячоркам я сустрэўся трохі пазьней, як напісаў гэты пост у ФБ. Так што з офісам Святланы Ціханоўскай я паразмаўляў. Не магу сказаць, што я знайшоў там цалкам паразуменьне, але крокі ў гэтым кірунку зробленыя. Я сяджу у Вільні без дакумэнтаў , хацеў бы трапіць у Варшаву і там бы я абавязкова сустрэўся і з Паўлам Латушкам. Думаю, што мне цяжка было б зь ім паразуменьне знайсьці, але я думаю, што і ў яго, і ў мяне дастаткова талерантнасьці, каб пры ўсіх разыходжаньнях усё ж такі зрабіць крокі насустрач.

— Але ёсьць палітычная рэальнасьць. Да 2024 году адзінаасобны рэй вялі офіс Ціханоўскай і Абʼяднаны пераходны кабінэт. У 2024 годзе зьявіліся сілы, якія ты пералічыў у сваім пасьце ў ФБ. Гэта — апазыцыя ў апазыцыі. Ты хочаш іх памірыць, ты хочаш іх абʼяднаць, ці ўстаць на адзін з бакоў?

— Не, я не хачу стаць ні на адзін з бакоў. Я захоўваю сваю мэтадалягічную пазыцыю. Рабіць стаўку толькі на Трампа ці толькі на Эўразьвяз — гэта недальнабачная палітыка. Больш за тое, нават узаемадзеяньне з гэтымі вонкавымі вялікімі цэнтрамі павінна будавацца, зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў Беларусі. Тыя, каго ты назваў апазыцыяй у апазыцыі — яны вырашаюць бягучыя задачы, сярод якіх на першым месцы вызваленьне палітвязьняў. Але не трэба забывацца пра стратэгічныя мэты. Вызваліўшы ўсіх палітвязьняў, мы яшчэ ня зможам лічыць, што дамагліся перамогі, дамагліся зьмены ў Беларусі.

Таму, вырашаючы гэтыя сёньняшнія задачы, самыя важныя, можа быць, самыя істотныя, асабліва ў гуманітарным сэнсе, мы не павінны забывацца пра нашыя далёкасяжныя мэты. І ў гэтым сэнсе трэба не адмаўляцца ад перамоваў, кантактаў, кансультацыяў, нават з асобнымі краінамі, якія сёньня ставяць палкі ў колы эўрапейскай палітыцы — Вугоршчынай і Славаччынай. І Ўкраіну таксама ня трэба забываць.

Дыпляматыя і перамовы павінны весьціся па ўсіх кірунках, па ўсіх франтах. Нам патрэбная любая дапамога, але нельга дапамагчы тым, хто ня робіць сваю працу. Як дапамагаць, калі ў нас няма плянаў дзейнасьці, плянаў пераменаў у краіне? Пісаць папяровыя праекты Канстытуцыі будучай Беларусі — гэта, напэўна, карысна, але гэта ніяк не набліжае да таго, каб мы гэтую Канстытуцыю ўсталявалі ў краіне. Я думаю, што скажуць сваё слова і Кавалеўскі, і Ціханоўская, і новыя твары — асобы, якія выйшлі з-за кратаў — Віктар Бабарыка, Максім Знак, Марыя Калесьнікава. Мяркую, што яны на стратэгічным узроўні здольныя дасягнуць кампрамісаў і пайсьці на ўзаемныя саступкі, каб рухацца разам да зьменаў у Беларусі.