Ці можна з дапамогай YouTube перамагчы афіцыйную ідэалёгію. Размова з аўтарам «Вусоў Скарыны» Цімафеем Акудовічам

Цімафей Акудовіч, фота з прыватнага архіву

У размове са Свабодай адзін з самых вядомых папулярызатараў беларускай гісторыі расказвае пра кранальны фідбэк ад сваіх гледачоў, прычыны перапісваньня школьных падручнікаў і будучыню.

Цімафей Акудовіч называе сябе папулярызатарам гісторыі. Яму 42 гады, зараз жыве ў Варшаве. Зьяўляецца аўтарам і вядучым шэрагу інтэрнэт праектаў. Адзін з самых вядомых — шоў «Вусы Скарыны», якое выходзіць на «Белсаце». Акрамя гэтага актыўна займаецца грамадзкай дзейнасьцю, адзін з сузаснавальнікаў ініцыятывы «Беларускія магістраты». У размове са Свабодай Цімафей разважае аб тым, што зараз адбываецца з беларускай гістарычнай навукай і ці магчыма з дапамогай інтэрнэт-праектаў перамагчы афіцыйную ідэалёгію.

«Я не навуковец»

«Гісторыкамі прынята ўсё ж назваць практыкуючых, прафэсійных навукоўцаў, — пачынае Акудовіч. — Я не навуковец. Пэўны час я займаўся навукай, але нядоўга. І ў пэўны момант сышоў у чыстую папулярную гісторыю. Мяне часам называюць гісторыкам, але больш правільна было б усё ж лічыць, што я папулярызатар гісторыі. Чалавек, які займаецца не навуковай дзейнасьцю, а даносіць яе вынікі да шырокай грамадзкасьці».

Па словах Цімафея, пераход гэты адбыўся натуральна. Яму заўсёды была бліжэйшай менавіта гэтая сфэра дзейнасьці. Яшчэ пачынаючы са студэнцкіх часоў Акудовіч актыўна вадзіў экскурсіі, займаўся асьветніцкай дзейнасьцю.

«Гэта відаць няблага, бо асьветнікаў цяпер трэба шмат, — кажа Цімафей. — Хто цяпер больш патрэбны? Па-першае, трэба ўдакладніць, што гісторыкі дзеляцца на розныя тыпы. Ёсьць археолягі, архівісты, людзі, якія сынтэзам займаюцца. Якія больш капаюць фактуру. Так і папулярызатары — гэта шырокае поле. Ад людзей, якія пішуць сур’ёзныя навукова-папулярныя творы да блогераў, якія інфармацыю падаюць у жартаўлівай манеры. Я думаю, што на кожнай з гэтых пазыцый трэба як мага больш людзей. Не павінна так быць, што кагосьці трэба каб было больш. Трэба каб усюды былі свае гульцы».

Цімафей гаворыць, што цяпер мае дзьве асноўныя сьцежкі дзейнасьці. Адна зь іх больш прысьвечаная мінуламу, папулярызацыі гісторыі. Гэта найбольш праяўляецца ў праектах, якія ён з камандай робіць на тэлеканале «Белсат» — «Вусы Скарыны», падарожны праект «Сармацкі вус», міні-праект «Няпростыя рэчы», прысьвечаны розным гістарычным артэфактам.

«Вельмі цешыць, што сёлета атрымалася зрабіць паўнавартасны дакумэнтальны фільм, пра што мы даўно марылі, — гаворыць Цімафей. — Ён прысьвечаны падзелам Рэчы паспалітай».

Скрыншот з відэа тэлеканала "Белсат"

Другі накірунак дзейнасьці — грамадзкі. Па словах Цімафея, ён накіраваны больш у будучыню. Гэта «Беларускія магістраты», мэтай якіх зьяўляецца стварэньне нацыянальных каапэратываў, аб’яднаньняў людзей, якія б рэгулярна фінансава ўкладваліся ў розныя беларускія нацыянальныя праекты.

«Гэта пакуль невялікі праект, — прызнаецца Цімафей Акудовіч. — На сёньняшні дзень ён існуе ў выглядзе аднаго кніжнага магістрата. Яго мэтай зьяўляецца разьвіцьцё кніжнага рынку. Мы зьбіраемся, штомесяц скідваемся па 10 даляраў і вырашаем, на якія карысныя праекты гэтыя грошы пойдуць. Зараз нас у кніжным магістраце каля 50 чалавек. Вялікай рэклямы мы пакуль не рабілі. Гэта хутчэй так, сябры і знаёмыя».

Акудовіч кажа, што за год дзейнасьці кніжны магістрат падтрымалі тры праекты. Дапамаглі выдаць адну кнігу, сабралі грошы на выданьне перакладу аднаго важнага замежнага нон-фікшана.

«Гэта паступовы праект, які мы рэалізоўваем пры падтрымцы Беларускай рады культуры, — працягвае Цімафей. — Ён разьлічаны на доўгую пэрспэктыву. У сфэры магістратаў хочацца запусьціць яшчэ адзін, альбо два. Па нейкіх іншых тэмах. Напрыклад, які б падтрымліваў беларускія ініцыятывы ў сфэры адукацыі, магчыма спорту, магчыма — беларускага ютуба».

Гістарычны падкаст і праекты іншых аўтараў

Цімафей Акудовіч расказвае таксама, што зараз разважае над запускам у 2026 годзе свайго ўласнага гістарычнага падкаста. Па яго словах, ёсьць пэўныя тэмы, якія ў тэлевізійным фармаце не вельмі зручна прэзэнтаваць, а гукавы фармат дазваляе расказаць пра тое, што цяжка паказаць візуальна.

«Акрамя маіх ёсьць і іншыя праекты па папулярызацыі беларускай гісторыі, вядома, — працягвае Цімафей. — Вялікай стратай стала сьмерць Мікіты Мелказёрава, які займаўся праектам „Загляне сонца“. Пакуль няясна, што зь ім стане далей. Гэта быў вельмі яскравы і заўважны праект. Акрамя гэтага „Будзьма“ трымае марку. Яны робяць „Трызуб і Пагоня“, „Сармат“, літаратурны відэападкаст нядаўна таксама запусьцілі. Кацярына Ваданосава на „Белсаце“ таксама робіць густоўны праект „Нітка зорка“».

Ацаніць агульную аудыторыю ўсіх праектаў, якія займаюцца зараз папулярызацыяй беларускай гісторыі, складана, прызнаецца Цімафей. Па яго словах адназначна можна сказаць толькі тое, што большасьць гледачоў такога кантэнту знаходзіцца ўнутры Беларусі.

«І былі зь Беларусі і цяпер ёсьць, нягледзячы ні на што, — гаворыць Цімафей. — Колькасьць праглядаў? Па шчырасьці яе досыць цяжка ацаніць. Бо яны з аднаго боку невялікія. Які-небудзь досыць добры беларускі ютубаўскі праект добра калі набірае 7-8 тысячаў праглядаў на адзін выпуск. Па-шчырасьці — хочацца болей. Але сказаць, што прагляды катастрафічна нізкія, таксама цяжка. Бо нам нават няма з чым параўноўваць. Мы толькі пачынаем. Беларускі YouTube зараз толькі разгортваецца».

Цімафей Акудовіч дыскутуе з гісторыкам Сьцяпанам Стурэйкам, фота з прыватнага архіву

Цімафей згадвае, што значна больш праглядаў беларускія праекты ў інтэрнэце мелі ў 2020 годзе. Ён бачыць прычыну гэтага ў агульным выбуху цікавасьці да палітычных падзей і нацыянальнага кантэнту ў той час.

«Зараз не вельмі хочацца ацэньваць, хочацца расьці, — гаворыць Цімафей. — Хочацца, каб кожны год было крыху больш. А гэта, напэўна атрымліваецца».

Перамагчы ідэалёгію

Ці магчыма з дапамогай інтэрнэт-праектаў супрацьстаяць перапісваньню падручнікаў і русіфікацыі нацыянальнай гісторыі, якая пачалася пасьля падзей 2020 году? На думку Цімафея Акудовіча, зрабіць гэта з дапамогай толькі YouTube складана.

«Толькі інтэрнэта мала, — гаворыць суразмоўца. — Відавочна, што пабудаваная на гісторыі нацыянальная памяць і нацыянальныя традыцыі складаюцца не толькі з прагляду ролікаў на YouTube. Гэта мусіць быць і сьвяткаваньне нейкіх нацыянальных сьвятаў. І згадкі пра нацыянальных герояў. І звычайна гэтую ролю выконвае школа. Хаця мне здаецца важна памятаць, што ў Беларусі яна гэтую ролю заўсёды выконвала так сабе».

Як кажа Цімафей Акудовіч, для захаваньня нацыянальнай гістарычнай памяці важна, каб былі нейкія супольныя дзеяньні. Наведваньне гістарычных месцаў, напрыклад, экскурсіі. Каб выходзілі кнігі, коміксы, супольныя сьвяткаваньні 25 сакавіка і гэтак далей. У той жа час, па словах суразмоўцы, і інтэрнэт-дзейнасьць прыносіць свае вынікі.

«Да мяне даходзіць вельмі шмат цёплых водгукаў пра „Вусы Скарыны“, пра іншыя рэчы, — прызнаецца Цімафей. — Мы неяк рабілі перадачу для дарослых, але аказалася, што яе паглядзела шмат дзяцей. Вельмі часта пішуць, ці пры сустрэчах гавораць, што з задавальненьнем глядзяць. Пры сустрэчах людзі кажуць, што нашыя выпускі маюць для іх тэрапэўтычны эфэкт. Яны адпачываюць, даведваюцца нешта цікавае, сьмяюцца над нашымі катамі. Дзеці мне нават часам дасылаюць выявы катоў, якія яны малююць, такія рэчы. Гэта вельмі нечаканы і прыемны фідбэк, вельмі пазытыўны».

Цімафей Акудовіч, фота з прыватнага архіву

Цімафей кажа, што перапісваньне падручнікаў, якое пачалося пасьля 2020 году, гэта ўсё разам — і русіфікацыя нацыянальнай гісторыі і спроба стварэньне нечага ўласна свайго, новага, што магло б падладзіцца пад дзейную дзяржаўную ідэалёгію.

«Гэта жаданьне прыбраць зь беларускай гісторыі тое, што прывяло да падзей 2020 году, — кажа Акудовіч. — Толькі ім незразумела, што канкрэтна да іх прывяло. Спроба ліквідаваць нешта, невядома што. І з расейскага боку, напэўна, ёсьць нейкі ціск. Патрабаваньне нейкай уніфікацыі. Каб можна было расейцаў назваць старэйшымі братамі. А яшчэ Лукашэнку, напэўна, ніколі не падабаўся вось гэты ВКЛаўскі дыскурс. Ён яго ніколі не разумеў. У пачатку нулявых спрабавалі прыдумаць нейкі іншы, не атрымалася. Не пайшло. Цяпер вось новая спроба».

Поле для працы

Цімафей дадае, што агульная слабасьць усіх тэндэнцый па перапісваньні беларускай нацыянальнай гісторыі ў тым, што іх натхняльнікі самі не разумеюць, чаго яны хочуць.

«Вядома, мне не хацелася б казаць пры гэтым, што ўсе гэтыя спробы нічога не значаць, — дадае Цімафей. — Значаць, канешне. Шматразовае паўтарэньне нават нейкіх позных глупстваў уплывае на людзей. На дзяцей, на рабочых фабрык і прадпрыемстваў. З іншага боку мне падаецца, што ідэалягічная апрацоўка нашых бацькоў у савецкія часы была шматкроць горшай. У дачыненьні нацыянальнай культуры і гісторыі найперш. І мы неяк справіліся. Правільныя людзі ў правільных месцах былі. Рыхтаваліся, выдавалі што трэба, размаўлялі з кім трэба. І ўсё ў іх атрымалася. І я думаю, што мы зараз маем нават лепшую сытуацыю, чым нашыя бацькі».

Цімафей згадвае, што пра Францыска Скарыну і Эўфрасіньню Полацкую ведаюць і дзяржаўныя ідэолягі. Для іх важнае само па сабе існаваньнем БССР, якому надаюць нейкую суб’ектнасьць. Таму, на думку, суразмоўцы, зараз сытуацыя ў галіне разьвіцьця нацыянальнай беларускай гістарычнай навукі і думку значна лепшая, чым у часы СССР.

«Але ёсьць, вядома, поле для працы, — кажа Цімафей. — І я б пры гэтым разумеў, што не ўсё вырашаецца праз школу зараз. Нацыянальная гістарычная памяць фарміруецца грамадзтвам. А школа тут толькі дадатковы інструмэнт».

Што адбываецца з гістарычнай беларускай навукай ва ўнівэрсытэтах? Цімафей Акудовіч прызнаецца, што поўнай карціны аб гэтым не мае. Агульная інфармацыя, якая даходзіць да яго з радзімы сьведчыць пра абмежаваньні на тэмы для новых дасьледаваньняў, заціснутасьць праз цэнзуру.

«Але людзі нешта робяць усё адно, — кажа Цімафей. — Праўда, як падумаеш, колькі ўсяго можна было б зрабіць нават пры гэтым падыходзе, які існаваў да 2020 году, то разумееш, што процьма часу згубленая. Зараз з гістарычнай навукай у Беларускі ўсё дрэнна. Было так сабе, а зараз увогуле. І гэта вялікая праблема, канешне. Але ўсё магчыма адрадзіць. Беларускія гісторыкі ў замежжы стараюцца нешта адбудоўваць, нейкія сувязі. Нешта ствараюць. Усё магчыма. Проста гэта згублены час зараз».

Што будзе з беларускай гісторыяй у бліжэйшыя гады? Цімафей Акудовіч кажа, што дакладна адно — наперадзе шмат выпрабаваньняў. І ў навукі, і ў саміх беларусаў.

«Прынамсі пакуль што адзіная надзея ў нас на спэцыялістаў замежжа, — кажа Цімафей. — Якія павінны не толькі неяк займацца ўласнымі дасьледаваньнямі і прэзэнтаваць сябе, але яшчэ і займацца стварэньнем нейкіх інстытуцый. Каб станавіцца цэнтрамі адэкватнай беларускай гістарычнай навукі за мяжой. Гэта складана, але рухі ў гэтым кірунку ёсьць. Мае калегі працуюць, робяць. І хочацца верыць, што ў іх атрымаецца».

Цімафей адзначае, што лічыць папулярызацыю беларускай гісторыі толькі інструмэнтам. Мэтай ён называе фармаваньне нармальнага нацыянальнага гістарычнага дыскурса. Каб прадстаўнікі нацыі больш менш разумелі агульнасьць сваёй гісторыі.

«Тут таксама шмат выклікаў і таксама ўсё складана, — гаворыць Цімафей. — Але сучасныя тэхналёгіі даюць нам інструмэнты, каб весьці гэтую работу. Каб даказваць, каб тлумачыць, расказваць пра тэмы. Ствараць нагоды для супольнага дзеяньня. Для падарожжаў, экскурсій, дыскусій, сустрэчаў. Трэба гэтым карыстацца, вось і ўсё. А далей будзе тое, што будзе. Шмат што залежыць ад таго, колькі мы зможам самі зрабіць».