Буданаў адрэагаваў на «Арэшнік» у Беларусі, вызваленьне зьняволеных і кантакты ЗША з Лукашэнкам

Кірыла Буданаў. Архіўнае фота

Кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Кірыла Буданаў назваў заявы аб разьмяшчэньні расейскага ракетнага комплексу «Арэшнік» у Беларусі дэманстрацыйным актам запалохваньня.

«Гэта дэманстратыўныя дзеяньні. Кіраўніцтва Беларусі і Расейскай Фэдэрацыі робіць гэта максымальна дэманстратыўна», — сказаў Кірыла Буданаў у інтэрвію ўкраінскаму тэлеканалу «Суспільне».

На ўдакладняючае пытаньне, ці зьяўляецца гэта запалохваньнем, кіраўнік вайсковай выведкі Ўкраіны адказаў:

«Так. Гэта сродак ядзернага стрымліваньня, ён так і называецца. Стрымліваньне — вось ключавая фраза».

У той жа час Кірыла Буданаў ня стаў удакладняць, ці мае ўкраінская выведка дакладную інфармацыю аб ужо разьмешчаных у Беларусі комплексах. Раней прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ўкраінскі бок ведае месца разьмяшчэньня расейскага комплексу «Арэшнік» у Беларусі і перадала ўсе гэтыя зьвесткі сваім міжнародным партнэрам.

Кіраўнік вайсковай выведкі Ўкраіны ўхіліўся ад адказу на пытаньне аб імаверным удзеле ўкраінскага боку ў перамовах аб вызваленьні зьняволеных грамадзян Украіны і Беларусі, якое адбылося 13 сьнежня, ці гэта было дамоўленасьцямі паміж адміністрацыяй прэзыдэнта ЗША і Беларусьсю.

«Давайце так. Вы назіралі, як пэўная колькасьць грамадзка важных для Беларусі людзей выйшла на волю, правільна? І разам зь імі выйшлі яшчэ і пяць грамадзян Украіны, якія праходзілі ў справах, зьвязаных зь дзейнасьцю ўкраінскіх спэцслужбаў на тэрыторыі Беларусі. Гэта добра ці кепска? [...] Вось і мяркую, што гэта добра. Таму давайце на гэтым будзем канцэнтравацца. Усё, што мы робім — мы дапамагаем і выратоўваем людзей. І Ўкраіна — адна зь нешматлікіх краін, здольных вяртаць людзей з розных куточкаў сьвету. Абсалютна розных», — адзначыў ён.

На пытаньне аб тым, чым цікавая Беларусь для Амэрыкі, Кірыла Буданаў заявіў:

«Калі мы з вамі палезем у гэтую тэму, мы ўсе інтэрвію ў ёй правядзем. Геапалітыка. Адказ вам: геапалітыка».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гандаль людзьмі і каліем: як Лукашэнка выкарыстоўвае вызваленьне палітвязьняў

13 сьнежня зь беларускіх турмаў адпусьцілі 123 палітвязьні — пасьля перамоваў спэцпасланьніка Трампа Джона Коўла і Аляксандра Лукашэнкі. Бакі абвесьцілі аб зьняцьці санкцый з «Беларуськалія», пасьля гэтага сталі зьяўляцца першыя навіны аб вызваленых.

На волю выйшлі ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Алесь Бяляцкі (яго вывезьлі ў Літву), юрыст штабу Бабарыкі Максім Знак, галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава, Павал Севярынец, праваабаронца «Вясны» Уладзь Лабковіч, былы прэтэндэнт на прэзыдэнцкую пасаду Віктар Бабарыка і кіраўніца ягонага штабу Марыя Калесьнікава, палітоляг і літаратуразнаўца Аляксандар Фядута ды іншыя. Разам зь імі ва Ўкраіну перадалі 5 вызваленых грамадзян Украіны, якія былі асуджаныя за нібыта агентурную дзейнасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Украіны: Лукашэнка не павінен унікнуць адказнасьці за парушэньне правоў беларусаў і ўкраінцаў