У Мэксіцы з рэек сышоў цягнік. 13 чалавек загінулі

На месцы трагедыі ў штаце Аачака

У нядзелю ў Мэксіцы цягнік, які перавозіў 250 чалавек, часткова сышоў з рэек.

У выніку трагедыі загінулі 13 чалавек і 98 атрымалі раненьні, паведамілі афіцыйныя асобы, піша AFP.

Лякаматыў сышоў з рэек у час руху на поўдні штату Аачака, паведамілі ВМС Мексікі, якія кіруюць гэтай галіною чыгункі.

На месцы трагедыі

ВМС першапачаткова паведамілі пра 20 параненых, але празь некалькі гадзін у заяве абвясьцілі, што «пацярпелі 98 чалавек… і, на жаль, 13 чалавек загінулі».

Прэзыдэнтка Мэксікі Кляўдыя Шэйнбаўм заявіла, што дала наказ міністру ВМС і іншым найвышэйшым афіцэрам накіравацца ў рэгіён і дапамагчы сем’ям пацярпелых.

У канцылярыі генэральнага пракурора краіны сказалі, што пачынаюць расьсьледаваньне для ўстанаўленьня прычыны аварыі. Цягнік курсуе паміж Мэксіканскай затокай і Ціхім акіянам і перавозіць як пасажыраў, так і груз.

Лінія была ўрачыста адкрытая ў 2023 годзе ў рамках буйнога інфраструктурнага праекту тагачаснага прэзыдэнта Андрэса Мануэля Лопэса Абрадара для разьвіцьця паўднёва-ўсходняй Мэксікі.

20 сьнежня цягнік на той жа лініі сутыкнуўся з грузавіком, які спрабаваў пераехаць рэйкі, аднак тая аварыя не прывяла да гібелі людзей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне сышоў з рэек грузавы цягнік, ёсьць траўмаваныя


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У чыгуначнай катастрофе ў Нямеччыне загінулі тры чалавекі