Памерла славутая француская акторка Брыджыт Бардо

Брыджыт Бардо

Знакамітай акторцы быў 91 год.

У нядзелю, 28 сьнежня, памерла Брыджыт Бардо. Пра гэта паведаміў фонд, якім яна займалася і ў якім была прэзыдэнткай.

Месца і дакладны час сьмерці ў паведамленьні фонду не пазначаныя.

Апошнія гады 91-гадовая Бардо жыла ў Сан-Трапэ на поўдні Францыі. У кастрычніку яна правяла некалькі дзён у прыватнай лякарні «Сэн-Жан» у Тулёне, «каб прайсьці невялікую хірургічную працэдуру, якая прайшла вельмі пасьпяхова», — паведамлялі тады ў ейнай арганізацыі.

Прадстаўнікі Бардо зьняпраўджвалі чуткі пра тое, што яна на мяжы жыцьця і сьмерці, якія кружлялі ў сеціве. Яны паведамлялі, што колішняя акторка вельмі ўдзячная ўсім, хто перажывае за яе.

Зорка фільмаў «І Бог стварыў жанчыну» і «Пагарда» пакінула кінапрамысловасьць яшчэ ў 1973 годзе. Астатнюю частку жыцьця яна прысьвяціла абароне жывёлаў і іншым грамадзкім справам.

Прадстаўнікі фонду нават наведвалі Беларусь, а яна сама ў 2020 годзе зьбіралася сустрэцца наконт пытаньня абароны жывёлаў з Лукашэнкам.

Перад сваім 90-годзьдзем Брыджыт Бардо гаварыла ў інтэрвію агенцтву AFP, што жыве ў «ціхай самоце», аточаная прыродай і задаволеная тым, што «ўцякае ад чалавецтва».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўніца фонду Брыджыт Бардо заклікае Беларусь не забіваць бадзяжных жывёл і чакае сустрэчы з Лукашэнкам