Пры гэтым неабходна валодаць ангельскай або гішпанскай мовамі на ўзроўні не ніжэйшым за B2 і быць гатовым да вахтавага рэжыму працы — праводзіць у Аргентыне ня менш за 6 месяцаў у год.
«Флагшток» паглядзеў, як на такую прапанову адрэагавалі ў сацсетках. Многія высьмеялі нізкі для такой пасады заробак:
«3 тысячы рублёў у Аргентыне? Можа быць, даляраў?
«Кіраўнік вахтавік у Аргентыне на заробак зваршчыка ў Менску, ну-ну...»
Карыстальнікі зьдзівіліся, што кандыдатуру ня могуць падабраць сярод працаўнікоў прадпрыемства і шукаюць дырэктара філіі праз абвестку:
«Гэта ж да чаго трэба дайсьці, каб нават на такія салодкія месцы не было людзей са сваіх».
У камэнтарах сьцьвярджаюць, што сярэдні заробак інжынэра ў Аргентыне — 2,5 тыс. даляраў. Некаторыя адзначылі:
«Па працоўнай візе можна сям’ю ўзяць. Нарадзілася там дзіця — атрымала пашпарт, па ўзьяднаньні сямʼі зрабіць сабе пашпарт і спакойна звольніцца. Халяўная схема, каб зваліць, лічы».
Таксама ў камэнтарах задаліся пытаньнем, ці будуць выплачваць камандзіровачныя за 6 месяцаў знаходжаньня за мяжой і высьмеялі фразу «іншагароднім прадстаўляецца інтэрнат».
- «Гомсельмаш», як і іншыя беларускія дзяржпрадпрыемствы, шукаюць новыя рынкі збыту на тле скарачэньня продажу ў Расеі. Раней «Флагшток» падлічыў, што экспарт тэхнікі «Гомсельмашу» ў Аргентыну абыходзіцца ў палову кошту самой прадукцыі.
- Адлегласьць, пераадоленая падчас падарожжа з Гомля ў Сан-Францыска (Аргентына) па чыгунцы, акіяне і аўтамабільным транспартам складае 15 195 кілямэтраў. Мінімальны час дастаўкі без уліку чаканьня на разгрузку — 24 дні. Ад 2021 году «Гомсельмаш» паставіў у Аргентыну 65 адзінак тэхнікі і камплекты запасных частак да яе. Найбольш распаўсюджаныя мадэлі: здрабняльнік самаходны КВС-8, жняярка ЖГР-4,5.
- Філіял «Гомсельмашу» у горадзе Сан-Францыска ў Аргентыне адкрыўся 2 лістапада 2006 году.