Прадпрыемства «Гродна Азот» пастаўляе прадукцыю ў Эўразьвяз, абыходзячы санкцыі, а таксама ў Расею — для вытворчасьці там вайсковай амуніцыі, гаворыцца ў матэрыяле Беларускага расьсьледніцкага цэнтру (БРЦ).
Дасьледаваньне праведзенае ў партнэрстве зь ініцыятывай «Рабочы Рух» і пры падтрымцы беларускіх «Кібэрпартызанаў»
Адзін са спажыўцоў прадукцыі — Цьвярскі Навукова-дасьледчы інстытут сынтэтычнага валакна з экспэрымэнтальным заводам, які ўдзельнічаў у распрацоўках вайсковых матэрыялаў. Філіял «Гродна-Азоту», горадзенскі «Завод Хімвалакно», з 2023 года па красавік 2025-га паставіў туды шэсьць партый поліаміду агульнай вагой 18 тон.
Хімік-фармацэўт Сяргей Бэсараб у камэнтары БРЦ выказаў меркаваньне, што для навукова-дасьледчага прадпрыемства гэта вельмі шмат: «Я мяркую, што гэта ня проста навукова-дасьледчая дзейнасьць, гэта навукова-дасьледчая дзейнасьць з дробнасэрыйным выпускам чагосьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расьсьледнікі БРЦ расказалі пра бізнэсоўца зь Беларусі, які стаў «баронам расейскіх дронаў»Яшчэ адзін кліент беларускага прадпрыемства, зьвязаны з расейскім ВПК, — АТ «Завод Труд» ў Ніжнім Ноўгарадзе, які супрацоўнічае з Міністэрствамі абароны і надзвычайных сытуацыяў РФ і іншымі сілавымі ведамствамі. Са жніўня 2022 года па красавік 2023-га завод закупіў дзясяткі тон беларускай сыравіны амаль на 370 тысячаў даляраў.
Атрымальнікам значнай часткі прадукцыі «Завода Хімвалакно» ў Расеі названая ўласная дыстрыбутарская сетка канцэрну «Белнафтахім» — расейскае ТАА «Белнафтахім-Рос». Гэтая кампанія шчыльна супрацоўнічала з Міністэрствам абароны РФ, адзначае БРЦ.
Паводле ацэнак расьсьледнікаў, у цэлым з 2022 года па ліпень 2025-га расейскія прадпрыемствы атрымалі тысячы тон беларускіх поліамідных нітак на 48 млн. даляраў, а чыстага поліаміду — прыкладна на 60 млн. даляраў.
«Завод Хімвалакно» пастаўляе прадукцыю ня толькі ў Расею, але і ў Эўразьвяз, нягледзячы на санкцыйныя абмежаваньні. Каб абыйсьці іх, выкарыстоўваюць фірмы- «пракладкі». Адна з іх — ТАА «Граніці». Яе стварылі ў лютым 2021 года, за два месяцы да таго, як ЗША вярнулі санкцыі. Кампанія вырабляе канатна-вяровачную прадукцыю. Роля «Граніці» у пастаўках забароненай прадукцыі ў ЭЗ пацьвярджае дакумэнт, які БРЦ атрымаў ад ініцыятывы «Рабочы рух». У жніўні 2021 года кампанія падпісала з «Гродна Азотам» дамову № 454 «для вывазу з Рэспублікі Беларусь у поўным аб’ёме» поліаміднай ніткі на амаль 650 тыс. Эўра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выйшла расьсьледаваньне: як і колькі набліжаныя да Лукашэнкі зарабляюць на абыходзе санкцыяў за кошт «Гродна Азоту»«Не перакладаючы ўсю адказнасьць на замоўшчыкаў, варта адзначыць: падсанкцыйнае дзяржпрадпрыемства „Гродна Азот“ зарабляе на вайне, пастаўляючы сыравіну прадпрыемствам, зьвязаным з расейскім ВПК, і адначасова выводзіць сваю прадукцыю ў Эўразьвяз праз фірмы- „пракладкі“. Дакумэнты, кантракты і перапіска, сабраныя БРЦ, паказваюць, што гаворка ідзе не аб наладжанай схеме, якая працуе гадамі. Санкцыі, уведзеныя за рэпрэсіі ў дачыненьні да грамадзянскай супольнасьці, не спынілі паток — яны толькі прымусілі зьмяніць маршрут», — робіць выснову БРЦ.
3 ліпеня стала вядома, што вышэйшая інстанцыя Суду Эўразьвязу адхіліла апэляцыйную скаргу «Гродна Азота» і «Заводу Хімвалакно» на адмову першай інстанцыі Суду ЭЗ зьняць зь іх санкцыі.
Рада ЭЗ увяла абмежавальныя меры ў адносінах да згаданых прадпрыемстваў 2 сьнежня 2021 года — за рэпрэсіі кіраўніцтва супраць работнікаў, а таксама за фактычнае фінансаваньне рэжыму Лукашэнкі.
Прадпрыемствы палічылі падставы ўключэньня ў санкцыйны сьпіс неабгрунтаванымі і паспрабавалі аспрэчыць рашэньне Рады ЭЗ. У пазову, пададзеным у Суд ЭЗ, яны ўказалі, што працуюць у адпаведнасьці з заканадаўствам, а іх адлічэньні нельга кваліфікаваць як падтрымку ўладаў.
Першая інстанцыя Суду ЭЗ рашэньнем ад 21 лютага 2024 года пацьвердзіла правамернасьць санкцый«.
На спробу прадпрыемстваў даказаць, што пералік прыбытку дзяржаве — гэта падатак, а не добраахвотная падтрымка, суд канстатаваў, што нават абавязковы характар адлічэньняў не мяняе сутнасьці — грошы пералічваюцца дзяржаве, якая вядзе рэпрэсіўную палітыку.
«Гродна Азот» і «Завод Хімвалакно» у апэляцыі называлі недаказаным тое, што сумы былі настолькі істотнымі, каб можна было казаць аб «фінансаваньні рэжыму». Вышэйшая інстанцыя адзначыла, што памер адлічэньняў ня мае значэньня, дастаткова факту рэгулярнасьці выплат, каб лічыць іх унёскам у фінансаваньне рэжыму.