У НПЦ біярэсурсаў НАН Беларусі паведамілі, што ў горадзе Высокае на Берасьцейшчыне зафіксавалі новы для краіны від птушак. На паседжаньні арнітафаўністычнай камісіі з удзелам арнітолягаў Нацыянальнай акадэміі навук новы від афіцыйна зарэгістравалі.
Як адзначаецца ў паведамленьні, перададзеным дзяржаўнаму агенцтву БелТА, паседжаньне такой камісіі склікаецца раз на год з мэтай разгляду зьяўленьне ў краіне новых або рэдкіх відаў птушак. Цяпер у сьпісе арнітафаўны Беларусі 344 віды.
21 кастрычніка новы для краіны від дразда заўважыла віцяблянка. На жаль, птушка разьбілася аб шкло гандлёвага цэнтру. Гэта быў белагруды дрозд (Turdus torquatus), раней не зафіксаваны ў Беларусі. Гэты від гняздуецца ў гарах Эўропы.
«Белагрудага дразда не заўсёды лёгка заўважыць, бо ён вельмі падобны да звычайнага шпака. Самцоў лягчэй адрозьніць, бо ў іх на грудзях ёсьць белая пляма. Аднак самак і маладых птушак гэтых двух відаў цяжка адрозьніць адну ад адной», — паведамілі ў Нацыянальным цэнтры біялягічных рэсурсаў.
Яшчэ адзін рэдкі від сфатаграфавалі 12 студзеня ў парку гораду Высокае Берасьцейскай вобласьці.
«Фатограф заўважыў доўгі дзюбок птушкі і западозрыў, што гэта не звычайны, а кароткапальцы паўзунок».
Гэты від зафіксавалі ў краіне ў 1918 годзе, а потым на пачатку XXI стагодзьдзя было некалькі запісаў голасу. Цяпер упершыню ўдалося сфатаграфаваць птушку. Гэты від распаўсюджаны ў Заходняй Эўропе, і Польшча ёсьць усходняй мяжой яго арэалу. Кароткапальцавага паўзунка можна нават убачыць у гарадах Беларусі.
«У прыродзе яго няпроста адрозьніць ад звычайнага паўзунка, таму лепш за ўсё фатаграфаваць або здымаць на відэа, а таксама запісваць голас», — дадалі навукоўцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі выбралі «Птушку году – 2026»Беларуская арніталягічная камісія таксама ўхваліла рэгістрацыю ў 2025 годзе наступных міграцыйных і рэдкіх для краіны відаў:
- кароткадзюбая гусь-гуменьніца;
- гусь-піскулька;
- нільская гусь;
- белавокі нырок;
- каравайка;
- звычайная колпіца;
- канюх-курганьнік;
- арол-карлік;
- сярэдні паморнік;
- чорнагаловая чайка;
- дэлавэрская чайка;
- пярэстаносая крычка;
- сава-бярозаўка;
- сіпуха;
- горная пліска;
- пячураўка-зарнічка;
- чарналобы грычун.
Нацыянальны навуковы цэнтр біялагічных рэсурсаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адказвае за забесьпячэньне навуковай падтрымкі дзяржаўнай экалягічнай палітыкі ў галіне аховы і рацыянальнага выкарыстаньня флёры і фаўны, прыродных супольнасьцяў і экасыстэмаў, а таксама за навукова-тэхнічную падтрымку ў галіне захаваньня і выкарыстаньня біяразнастайнасьці і біялягічных рэсурсаў як нацыянальнага багацьця Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мне баліць за іх душа». Як беларускі арнітоляг робіць хаткі для соваў у Грузіі