У Бараўлянах адбылася прэзэнтацыя перакладу «Пяцікніжжа Майсея» на беларускую мову

Удзельнікі і госьці прэзэнтацыі перакладу «Пяцікніжжа Майсея» на беларускую мову

Падзея прайшла ў Пастаральным цэнтры імя сьвятога Дамініка Савіа ў Бараўлянах.

Урачыстасьць сабрала герархаў Каталіцкага касьцёлу, прадстаўнікоў іншых хрысьціянскіх канфэсій і рэлігійных грамадаў Беларусі, прадстаўнікоў дзяржаўных уладаў, а таксама шматлікіх вернікаў. Твор ёсьць афіцыйным рыма-каталіцкім перакладам «Пяцікніжа Майсея», адзначыў catholic.by.

Сустрэчу адкрыў мадэратар прэзэнтацыі — ксёндз-канонік доктар Віктар Гайдукевіч. Ён падкрэсьліў, што гэтая падзея важная веха ў гісторыі беларускай тэалёгіі, біблістыкі і культуры, пасьля чаго запрасіў для ўступнага слова біскупа Аляксандра Яшэўскага, старшыню Камісіі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі.

Пастыр адзначыў, што прэзэнтацыя Пяцікніжжа — гэта «ня толькі культурная, але й духоўная падзея, сьведчаньне адзінства і братэрства, якое мы пакліканы несьці ў сьвет». Таксама біскуп Яшэўскі падкрэсьліў, што праца перакладнікаў «ня толькі лінгвістычны і тэалягічны подзьвіг, але перадусім служэньне Божаму слову і душпастырскае служэньне, якое адкрывае вернікам магчымасьць глыбей спазнаваць праўду веры».

З дакладам-прэзэнтацыяй выданьня выступіла доктарка біблійнай тэалёгіі Марына Пашук, супрацоўніца Сэкцыі перакладу літургічных тэкстаў і афіцыйных дакумэнтаў Касьцёлу. Яна расказала пра асаблівасьці перакладу біблійных тэкстаў і раскрыла асноўныя адметнасьці выданьня «Пяцікніжжа Майсея» (Менск, 2025).

Між іншым, Марына Пашук сказала, што гэтае выданьне, акрамя асноўнага біблійнага тэксту, зьмяшчае біблійны слоўнік, карты тагачасных падзей, выявы і наглядны радавод пакаленьняў Выбранага народу. Таксама перакладніца выказала спадзеў, што Нядзеля Божага слова, якая будзе адзначацца 25 студзеня 2026 году, стане добрай нагодай для паказу «Пяцікніжжа Майсея» вернікам ва ўсіх парафіях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы на гарышчы дому знайшлі два асобнікі Берасьцейскай Бібліі

Да ўдзельнікаў мерапрыемства зьвярнуўся Аляксандар Румак, упаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў. Ён адзначыў, што зь вялікай радасьцю прыбыў на значную падзею, і падкрэсьліў, што пераклад Сьвятога Пісаньня на беларускую мову ўмацоўвае ня толькі беларускасьць Каталіцкага касьцёлу, але і ўсё шматканфэсійнае і шматнацыянальнае грамадзтва краіны. На яго думку, падобныя ініцыятывы — важны крок да ўмацаваньня добрасуседзкіх і ўзаемапаважлівых адносінаў.

Слова таксама меў ксёндз прафэсар доктар Вальдэмар Храстоўскі з Варшавы, які сваімі ведамі і досьведам кансультаваў перакладнікаў у часе падрыхтоўкі кнігі. Сярод іншага, ён сказаў: «Біблія заклікае нас пераходзіць ад веры ў Бога да даверу Богу».

Протаіерэй Сергій Маўсясьян, першы прарэктар Інстытуту тэалёгіі БДУ, падкрэсьліў, што пераклад — працэс мысьленьня, пераносу сэнсу з мовы незнаёмай на мову зразумелую. Зьяўленьне перакладу Пяцікніжжа на беларускую мову ён назваў «інтэлектуальнай падзеяй» і «пунктам росту Каталіцкага касьцёлу». Гэтая праца, паводле яго слоў, патрабуе шырокіх уменьняў і прыносіць сапраўдную карысьць толькі тады, калі праводзіцца ў супрацы з дыяцэзіяй.

Да людзей таксама зьвярнуўся старшыня імамаў Мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня ў Рэспубліцы Беларусь Дзьмітры Радкевіч. Ён адзначыў, што разьвіцьцё многіх культураў бярэ пачатак менавіта зь перакладу Сьвятога Пісаньня, і падкрэсьліў, што ў цяперашні час вядзецца праца над перакладам Карану на беларускую мову.

Галоўны рабін Рэлігійнага аб’яднаньня грамадаў прагрэсіўнага юдаізму ў Рэспубліцы Беларусь Рыгор Абрамовіч зьвярнуў увагу на тое, як удаецца зьдзейсьніць пераклад Пяцікніжжа нягледзячы на каранавірус, іншыя перашкоды і цяжкія старонкі гісторыі, у тым ліку войны, якія пачыналіся празь недасканалыя пераклады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пажыць у ХVII стагодзьдзі. Кнігі для беларускага мэнтальнага здароўя

Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі падкрэсьліў гістарычнае значэньне перажыванай падзеі наступнымі словамі:

«Словы Пяцікніжжа — гэта перш за ўсё духоўны мост паміж мінулым і сучасным, паміж нашай роднай беларускай мовай і глыбінёй Божага слова».

Біскуп Аляксандар Яшэўскі ўрачыста паказаў надрукаванае выданьне «Пяцікніжжа Майсея» і разам з ксяндзом Янам Крэмісам уручыў ганаровым гасьцям першыя асобнікі кнігі.

Фінальным акордам сустрэчы стала ўзнагароджаньне ганаровымі граматамі Сэкцыі перакладу літургічных тэкстаў і афіцыйных дакумэнтаў Касьцёлу Камісіі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў пры Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі і архідыяцэзіяльнага выдавецтва «Pro Christo», чыя праца зрабіла выданьне магчымым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У беларускай кніжнай прасторы час быццам запаволіўся». Рэцэнзэнтка Зося Лугавая пра тэндэнцыі ў літаратуры