У Беларусі ў студзені абмяжуюць камісіі за паслугі банкаў

Банкамат, архіўны здымак

Нацыянальны банк Беларусі ўстанавіў новыя правілы тарыфнай палітыкі крэдытных арганізацый.

Правілы вызначаюць агульныя прынцыпы, згодна зь якімі мае вылічвацца памер камісійных збораў, паведамляе прэс-служба Нацыянальнага банку. Такая пастанова мае на мэце пашырэньне даступнасьці банкаўскіх паслуг і паляпшэньня якасьці абслугоўваньня фізычных і юрыдычных асоб.

Адна з ключавых зьменаў — абавязак банкаў загадзя інфармаваць сваіх кліентаў аб любых будучых зьменах ставак камісійных. Пры гэтым самі тарыфы павінны ўстанаўлівацца з улікам прынцыпу эканамічнай мэтазгоднасьці.

Гэта азначае, што банкі будуць абавязаныя разьлічваць памер узнагароджаньня на грунце сваіх фактычных выдаткаў на аказаньне паслугі і забесьпячэньня разумнага ўзроўню рэнтабэльнасьці, а не вызначаць яго адвольна.

У той жа час Нацыянальны банк значна пашырыў пералік банкаўскіх апэрацый, якія цяпер павінны даваць фізычным асобам задарма:

  • пераказ сродкаў паміж рахункамі, адкрытымі ў адным банку;
  • зьняцьце гатоўкі як у касе, так і праз банкаматы той самай крэдытнай установы;
  • атрыманьне інфармацыі пра крэдытныя абавязкі і банкаўскія рахункі;
  • замена картак у выпадку іх «кампрамэтацыі».

Для некаторых апэрацый, наадварот, устаноўлены дакладныя абмежаваньні:

  • камісія за залічэньне беларускіх рублёў на рахункі грамадзян ня можа перавышаць 1,5% ад залічанай сумы;
  • абсалютны памер камісіі абмежаваны 5 базавымі адзінкамі;
  • абмежаваны памер узнагароджаньня за абмен пашкоджанай замежнай валюты, а таксама за прыём такой валюты для паступленьня, — ён не павінен перавышаць 5% ад агульнай сумы.

Рашэньне ўступае ў сілу 15 студзеня 2026 году. Нацыянальны банк спадзяецца, што новыя меры дапамогуць паменшыць фінансавую нагрузку на кліентаў банкаў і стварыць адзіныя, празрыстыя правілы для банкаўскіх паслуг.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У «Беларусбанку» параілі запасьціся гатоўкай: у канцы сьнежня сем дзён будуць мяняць праграмнае забесьпячэньне


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз санкцыі звузяцца банкаўскія сэрвісы, падаражэюць цыгарэты. Што яшчэ зьменіцца ў Беларусі з 1 сьнежня