Сваяк Ціханоўскай Аляксей Капліч паедзе ваяваць за Ўкраіну. ВІДЭА

Аляксей Капліч

Аляксею Каплічу споўнілася 18 — і ўжо на наступны дзень яго затрымалі ў аэрапорце падчас пашпартнага кантролю. Мяшок на галаву, кайданкі, мікрааўтобус і СІЗА КДБ.

Ён зьбіраўся ехаць ва Ўкраіну і далучыцца да добраахвотнікаў, бо, як кажа сам, ня мог глядзець на забойствы мірных людзей. У беларускай калёніі на словы начальніка «Слава Ўкраіне!» ён адказаў «Героям слава!» — і атрымаў 15 сутак ШЫЗА.

Аляксей Капліч — адзін з тых 123 палітычных зьняволеных, вызваленых і вывезеных ва Ўкраіну 13 сьнежня ў рамках вызвалення, арганізаванага пры пасярэдніцтве ЗША.

У гэтым інтэрвію Аляксей расказаў Свабодзе пра затрыманьне, СІЗА КДБ, турму і выбар, пра які ён не шкадуе.

— 30 сакавіка мне споўнілася 18 гадоў. 31 сакавіка мяне ўжо затрымалі ў аэрапорце падчас праходжаньня пашпартнага кантролю. Да мяне падыходзіць памежнік і кажа: «Малады чалавек, давайце пройдзем паглядзім у іншую камэру, гэтая вас дрэнна распазнае». Я кажу: «Так, добра, хадземце». Я бачу, як ён заходзіць у іншы кабінэт. Я разумею, што ўсё — гэта ўжо за мной.

Мяшок на галаву, кайданкі, везьлі ў мікрааўтобусе лежачы. Адна нага супрацоўніка — я так разумею, гэта было падразьдзяленьне «Алмаз» — былі ў мяне на сьпіне, другая яго нага — на маіх нагах.

— Куды вы зьбіраліся ляцець?

— Менск — Тбілісі, у Тбілісі перасадка далей да Кішынёва, з Кішынёва — у Кіеў.

— А вы хацелі стаць добраахвотнікам?

— Так. Я зьбіраўся ў трэцюю асобную штурмавую брыгаду на пасаду штурмавіка.

— Чаму для вас увогуле было важна далучыцца?

— Я не магу глядзець на тое, як з майго боку бамбяць, забіваюць — менавіта забіваюць, наўмысна, мірных. Проста не магу на гэта ўсё глядзець. І ўсё.

— Стала вядома, што вы траюрадны брат Сьвятланы Ціханоўскай, так? А можаце расказаць, вы былі з ёй знаёмыя раней?

— Не, не быў знаёмы.

— А як гэта стала вядома?

— Ну, вы ведаеце, у 2020 годзе я даведаўся, што яна мая сястра. Але я спачатку ў гэта не паверыў, потым неяк па роднасных сувязях прыкінуў — ну, так.

Я ёй пра гэта яшчэ не казаў. Я ня ведаў, як гэта ўсё правільна патлумачыць.

— Якія ў вас зараз пляны ў Вільні?

— Дачакацца візы і назад у Кіеў. Чакае дзяўчына, чакаюць хлопцы, якія ваююць. З усімі імі сустрэцца, паразмаўляць. Хачу вярнуцца, як і плянаваў, у трэцюю асобную штурмавую. Там ужо яшчэ больш знаёмых з’явілася, якія там ваююць. Усе чакаюць. Усе былі шалёна радыя, калі даведаліся, што я трапіў у гэтыя сьпісы.

— Вы казалі, што вас каля 10 дзён трымалі пасьля затрыманьня. І як яны даведаліся, куды вы зьбіраліся ехаць і з якой мэтай?

— Спачатку я быў адміністратарам украінскага Telegram-каналу — гэта быў мой канал: пра посьпехі прасоўваньня ўкраінскай арміі на лініі фронту. У асноўным такая была павестка — за гэта і ўзялі. А ў тэлефоне ўжо знайшлі зусім іншае.

— Што было потым? Вас трымалі ў кабінэце?

— Трымалі ў кабінэце, потым перавялі ў так званую «амэрыканку» — СІЗА КДБ. Там я пазнаёміўся з Верамейчыкам Васем, Зянковічам Юрасём, Лосікам Ігарам. Перадаю ўсім вялікі прывітаньне і спадзяюся, што Верамейчыка таксама хутка вызваляць.

— А якія ўмовы былі? Ці было да вас нейкае асаблівае стаўленьне ў сувязі з вашай справай?

— Пакуль быў пад сьледзтвам — не. А ўжо ў турме, непасрэдна ў выпраўленчай калёніі, як яны яе называюць, — так.

— А што было?

— Выклікае начальнік калёніі. У нас з ім была размова. У размове ён кажа: «Слава Украіне». Я адказваю: «Героям слава». Так у мяне і пачаліся першыя 15 сутак у ШЫЗА.

Я не шкадую ні пра тое, што ехаў, ні пра тое, што са мной усё гэта адбылося.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба змагацца за ўсіх». Што палітвязьні расказалі ў Вільні пра ўмовы трыманьня, працу ў калёніях і вызваленьне