Сьцісла
- Пад выглядам самітаў ЭАЭС і СНД Пуцін кожны год зьбірае традыцыйная пераднавагодняя сустрэчы. Каб убачыць, як кіраўнікі постсавецкіх краін дэманструюць сваю ляяльнасьць Расеі.
- У 2014 годзе краіны-чальцы ЭАЭС дамовіліся аб пераходзе да 1 студзеня 2025 году да агульнага рынку нафты, нафтапрадуктаў і газу. Аднак Расея перанесла вырашэньне гэтага пытаньня ў няпэўнае будучае.
- Пасьля ўвядзеньня санкцый адносна Расеі і Беларусі іншыя краіны-сябры эканамічнага саюзу, карыстаючыся адсутнасьцю мытных межаў, актыўна ажыцьцяўляюць транзыт падсанкцыйных тавараў у Расею, Беларусь і ў зваротным кірунку.
Як можна зразумець, далейшы рух па гэтым шляху патрабуе стварэньня наднацыянальных органаў, што абмяжоўвала б сувэрэнітэт краін-удзельнікаў. А на гэта яны, акрамя Расеі, не гатовыя.
Тры тыдні таму лідэры постсавецкіх краін сустракаліся ў Кыргызстане на саміце АДКБ. І вось зноў сабраліся. Гэтым разам у Санкт-Пецярбургу. Фармальна гэта лічыцца самітам ЭАЭС і СНД. А ў рэальнасьці — традыцыйная пераднавагодняя сустрэча, якую зьбірае Уладзімер Пуцін кожны год. Каб лішні раз убачыць, як кіраўнікі постсавецкіх краін дэманструюць сваю ляяльнасьць Расеі.
У 2025 годзе Беларусь старшынявала ў ЭАЭС. І выступ Аляксандра Лукашэнкі быў падобны на пэўную справаздачу. Нягледзячы на перадсьвяточны настрой, ён вырашыў апавесьці пра рэальны стан рэчаў у гэтым эканамічным саюзе. І зь ягонага выступу вынікае, што сытуацыя там ня вельмі добрая.
Лукашэнка кажа:
«Мы пераглядаем базавыя дамоўленасьці 2014 году, зафіксаваныя ў дамове аб саюзе. Пераносім тэрміны фарміраваньня агульных энэргетычных рынкаў, лекавых сродкаў і мэдычных вырабаў, канстатуем негатоўнасьць усіх краін далучыцца да адзінага фінансавага рынку», — падкрэсьліў ён.
Аказваецца, у ЭАЭС ёсьць праблема з функцыянаваньнем адзінага рынку
Гаворка пра тое, што ў 2014 годзе краіны-чальцы ЭАЭС дамовіліся аб пераходзе да 1 студзеня 2025 году да агульнага рынку нафты, нафтапрадуктаў і газу. Папросту кажучы, з пачатку гэтага году Беларусь павінна была атрымоўваць расейскі газ і нафту па ўнутрырасійскім цэнам. Гэта было адным з галоўных стымулаў дзеля афіцыйнага Менску ўступіць у гэтую арганізацыю. Аднак Расея адмовілася ад выкананьня згаданай угоды, і пад яе ціскам вырашэньне гэтага пытаньня перанесенае ў няпэўнае будучае. Таму Лукашэнка з горыччу канстатаваў, што тыя пытаньні, аб якіх дзяржавы–члены ЭАЭС задумваліся ў 2014 годзе, паступова адыходзяць на другі плян або зашмальцоўваюцца.
Аказваецца, у ЭАЭС ёсьць праблема з функцыянаваньнем адзінага рынку. Лукашэнка зьвярнуў увагу, што да праблем з бесьперашкодным перамяшчэньнем тавараў ва ўзаемным гандлі дабаўляюцца новыя.
«Аднабаковае закрыцьцё нацыянальных рынкаў ажыцьцяўляецца ўжо ня толькі традыцыйнымі спосабамі, як гэта ў нас было раней — забарона ўвозу-вывазу або ліцэнзаваньне. Для гэтага прыстасоўваюцца інструмэнты лічбавізацыі», — адзначыў ён.
То бок не функцыянуе ня толькі эканамічны саюз, але нават зона вольнага гандлю існуе зь вялікімі выняткамі.
Высьвятляецца, што лідэры постсавецкіх дзяржаў ня хочуць паглыбленьня інтэграцыі: Лукашэнка папракае сваіх калегаў:
«Над плянам мерапрыемстваў па выкананьні дэклярацый да 2030 і 2045 гадоў працавалі з асьцярогай — як бы не паглыбіцца ў гэтую інтэграцыю. Насьпявае лягічнае пытаньне: ці захоўваюць краіны ранейшую гатоўнасьць дабівацца мэт, аб’яўленых пры падпісаньні Дагавора аб ЕАЭС?»
Інтэграцыя дайшла да нейкая мяжы, столі, і далей ня рухаецца.
Відавочна, інтэграцыя дайшла да нейкая мяжы, столі, і далей ня рухаецца. Як можна зразумець, далейшы рух па гэтым шляху патрабуе стварэньня наднацыянальных органаў, што абмяжоўвала б сувэрэнітэт краін-удзельнікаў. А на гэта яны, акрамя Расеі, не гатовыя.
Навошта ж тады лідэры краін-удзельніц ЭАЭС так часта зьбіраюцца на розныя тусоўкі? Лукашэнка патлумачыў, што яны ў асноўным займаюцца драбязой:
«На нашым мінулым пасяджэньні мы дамовіліся, што Старшыня Калегіі прадставіць справаздачы аб рэалізацыі стратэгіі — 2020-2025. Замест гэтага — інфармацыя ў рамках агульнага выступленьня кіраўніка камісіі. Мы толькі на абмеркаваньне ўзроўню зарплаты камісіі за гэтыя пяць гадоў выдаткавалі часу ў дзесяць разоў больш. А шэраг найважнейшых пытаньняў, якія пяць гадоў таму мы дамаўляліся вырашаць, так і застаюцца ў праекце».
Але цяпер зьявіўся новы чыньнік, які пэўным чынам яднае ЭАЭС і прыцягвае ягоных чальцоў да Расеі. Пасьля ўвядзеньня заходніх санкцый адносна Расеі і Беларусі, іншыя краіны-сябры эканамічнага саюзу (Казахстан, Кыргызстан, Армэнія), карыстаючыся адсутнасьцю мытных межаў, актыўна ажыцьцяўляюць транзыт падсанкцыйных тавараў у Расею, Беларусь і ў зваротным кірунку. І добра на гэтым зарабляюць. У сусьветных мэдыях шмат інфармацыі пра тое, як у згаданых краінах моцна вырас экспарт і імпарт тавараў, якія дасюль не былі прадметамі іхняга гандлю.
У Санкт-Пецярбургу прайшлі чарговыя перамовы паміж Лукашэнкам і Пуціным. Мінулым разам яны сустракаліся тры тыдні таму ў Кыргызстане. Што адбылося за гэты час? — Візыт амэрыканскай дэлегацыі ў Менск на чале з Джонам Коўлам. Пуцін, мусіць, хацеў атрымаць ці то інфармацыю, ці то справаздачу, ад саюзьніка.
Інфармацыі пра саміт СНД практычна няма. Апавядалася толькі, што гасьцям зладзілі экскурсію па Эрмітажу. Гэта і ёсьць галоўны пункт праграмы?..
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнку няўтульна ў імпэрскім акопе побач з Пуціным. Класкоўскі і Вусаў пра вынікі году ў адносінах Масквы і Менску