У Віцебску з АМАПам і спэцназам затрымалі мужчыну, які нібыта вырабляў зброю

Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі паведамілі аб затрыманьні 48-гадовага жыхара Віцебска, які нібыта вырабляў зброю.

Як адзначаецца ў паведамленьні, мужчыну затрымлівалі супрацоўнікі ГУБАПіК пры «сілавой падтрымцы» байцоў АМАПу і атраду спэцыяльнага прызначэньня ўнутраных войскаў МУС «Віцязь».

Паводле сілавікоў, мужчына зрабіў «пяць адзінак агнястрэльнай зброі і іх кампанэнтаў, прыблізна 100 патронаў, а таксама магазыны, дульныя прылады і больш за дзьве тысячы элемэнтаў, неабходных для вытворчасьці патронаў да наразной зброі».

У МУС адзначылі, што кампанэнты для зброі ён набываў у інтэрнэт-крамах і ў прыватных асобаў суседняй дзяржавы. Згодна зь інфармацыяй ведамства, затрыманы мае навыкі і веды ў сфэры балістыкі, сьлясарнай і такарнай справы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Бярэзані чалавек параніў міліцыянта нажом і схаваўся ў лесе. Пры затрыманьні яго паранілі з зброі