Беларускіх сяброў затрыманага ў Тунісе экіпажу верталёту адпусьцілі

Верталёт у небе, ілюстрацыйнае фота

Пасьля перамоваў расейскай амбасады з уладамі Тунісу дасягнутая дамоўленасьць аб тым, што экіпаж верталёту Мі-26, які захрас у аэрапорце вострава Джэрба, пакіне краіну найбліжэйшым часам.

20 сьнежня ў дыпляматычную місію паступіў афіцыйны ліст ад кіргіскай кампаніі — уласьніцы паветранага судна з «просьбай аказаць спрыяньне ва ўрэгуляваньні сытуацыі, у якой апынуўся экіпаж верталёту Мі-26, які складаецца зь сямі грамадзян Расеі і двух грамадзян Беларусі».

З 19 па 21 сьнежня экіпаж быў вымушаны знаходзіцца ў транзытнай зоне аэрапорту на туніскім востраве Джэрба, дзе верталёт зьдзейсьніў плянавую тэхнічную пасадку.

Амбасада Расеі накіравала ў МЗС Тунісу ноту для «высьвятленьня і ўрэгуляваньня прававога становішча членаў экіпажу», расейскія дыпляматы знаходзіліся на пастаяннай сувязі з камандзірам экіпажу «для апэратыўнага рэагаваньня на ўсе зьмены».

«Як растлумачылі ў мясцовым замежнапалітычным ведамстве, улады Тунісу не перашкаджалі далейшаму палёту верталёту. Праблема была ў адсутнасьці ў паветранага судна дазволу на пералёт у наступны пункт маршруту, які так і ня быў атрыманы на гэты момант», — падкрэсьлілі ў амбасадзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У аэрапорце Тунісу трэці дзень трымаюць двух беларусаў, якія пераганялі верталёт ва Ўганду

Раней адзначалася, што экіпаж верталёту з двума беларусамі ў складзе трэці дзень утрымліваюць у аэрапорце Джэрбы і ва ўсіх абралі пашпарты. Яны пераганялі верталёт ва Ўганду, а ў Тунісе зрабілі плянавую тэхнічную пасадку.

«У групе дзевяць чалавек: сем расейцаў і двое грамадзян Беларусі. Пяць зь іх — лётны экіпаж, яшчэ чацьвёра адказваюць за тэхнічнае абслугоўваньне верталёту. Усе працуюць па кантракце з ААН „Кіргіская авіякампанія“», — гаварылася ў публікацыі.

Беларускі бок пра інцыдэнт не паведамляў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы на базе СПА затрымалі п’янага беларуса. Ён сказаў, што заблукаў