У Вільні ў красавіку зладзяць акадэмічную канфэрэнцыю ў гонар 100-годзьдзя айца Аляксандра Надсана

Аляксандар Надсан

Канфэрэнцыя атрымала назву «Разуменьне свабоды».

14–15 красавіка 2026 году ў Вільні адбудзецца акадэмічная канфэрэнцыя «Разуменьне свабоды» — чытаньні ў гонар стагодзьдзя айца Аляксандра Надсана. Словы ў назву ўзятыя зь ведамага выслоўя айца Надсана: «‎Разуменьне свабоды прыходзіць у пары з духоўным разьняволеньнем».

У 2026 годзе будзе адзначацца 100-годзьдзе з дня нараджэньня айца Аляксандра Надсана (1926–2015) — сьвятара, перакладніка, дасьледчыка, культурнага і духоўнага лідэра беларускай эміграцыі, апостала беларускасьці на Захадзе. Ягоны значны ўнёсак уключае дасьледаваньні беларускіх старадрукаў і кітабаў, фундамэнтальныя манаграфіі ў гісторыі рэлігіі, а таксама пераклады з грэцкай мовы корпусу літургічных тэкстаў бізантыйскага абраду, адзначае лёнданская бібліятэка Скарыны.

Айцец Надсан быў адным з заснавальнікаў і шматгадовым дырэктарам бібліятэкі Скарыны — важнага цэнтру беларускай культуры і навукі на Захадзе. Як Апостальскі візытатар для беларусаў замежжа, ён падтрымліваў шчыльныя сувязі зь беларускімі дыяспарнымі суполкамі па ўсім сьвеце і першым зарганізаваў дастаўку мэдыцынскай дапамогі з-за мяжы пацярпелым ад Чарнобыльскай катастрофы ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На перадавой мыўся віном. 10 нечаканых фактаў пра айца Аляксандра Надсана

Арганізатары запрашаюць да ўдзелу ў акадэмічнай канфэрэнцыі «Разуменьне свабоды» дасьледнікаў, навукоўцаў, выкладнікаў і грамадзкіх дзеячаў.

Канфэрэнцыя будзе зарганізаваная Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэтам у партнэрстве зь Беларускай бібліятэкай і музэем імя Францішка Скарыны ў Лёндане.

Мэта канфэрэнцыі — прыцягнуць увагу дасьледнікаў да вывучэньня жыцьця, ролі і акадэмічнай спадчыны айца Надсана, а таксама даць магчымасьць абмеркаваць разьвіцьцё архіўных і бібліятэчных дасьледаваньняў і дасьледаваньняў беларускай дыяспары.

Арганізатары пералічылі прыблізныя тэматычныя напрамкі будучае акадэмічнае канфэрэнцыі:

  • Духоўная і асьветніцкая дзейнасьць айца А. Надсана;
  • Беларуская дыяспара і яе роля ў ХХ стагодзьдзі;
  • Перакладніцкая і выдавецкая дзейнасьць: унёсак у разьвіцьцё беларускай мовы і культуры;
  • Адукацыйная і архіўна-бібліятэчная праца (кніжная, архіўная і музэйная калекцыі Скарынаўскай бібліятэкі);
  • Беларуская тоеснасьць у асяродзьдзі эміграцыі;
  • Успаміны і сьведчаньні сучасьнікаў.

Заяўка на спавешчаньне ў час канфэрэнцыі павінна ўключаць назву, кароткую анатацыю (да 300 словаў) і інфармацыю пра аўтара (імя, месца працы / прыналежнасьць да ўстановы, кантактны адрас).

Мовы канфэрэнцыі: беларуская, ангельская, літоўская, польская.

Тэрмін падачы заяўкі: 15 лютага 2026 году ўключна. Паведамленьне аб прыняцьці будзе дасланае ўдзельнікам да 1 сакавіка.

Заяўкі і запыты трэба дасылаць на адрас: library@skaryna.org.uk

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шэсьць беларускіх музэяў за межамі Беларусі, якія сапраўды варта наведаць